Нам у спадчыну засталіся яго творы

Багата зямля Гомельская таленавітымі людзьмі. Адзін з іх — пісьменнік Іван Кірэевіч Сяркоў. Менавіта памяці гэтага таленавітага чалавека прысвечаны літаратурныя мерапрыемствы, якія пройдуць у гэтым годзе ў вобласці. Гомельскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» 2009 год аб’яўлены ў вобласці Годам Івана Сяркова. Асноўная мэта, якую праследуюць арганізатары, — гэта прыцягванне ўвагі да мастацкай творчасці і прапаганда беларускай літаратуры. Такія мерапрыемствы ўжо становяцца традыцыйнымі. Вось, напрыклад, у мінулым годзе адпаведныя мерапрыемствы былі прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Анатоля Грачанікава.
Іван Сяркоў — лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў на лепшую дзіцячую кнігу, а таксама Усесаюзнага конкурсу на лепшы твор мастацкай літаратуры для дзяцей і юнацтва. І зусім не выпадкова, што гэты чалавек сапраўды годны, каб яму прысвяцілі літаратурны год.
«Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы — хлопцы жывучыя», «Мы з Санькам — артылерысты» — вось самыя вядомыя творы айчыннай дзіцячай літаратуры Івана Сяркова. Тут пісьменнік адкрывае своеасаблівы свет рабят-падлеткаў, равеснікаў аўтара, дзяцінства якіх было апалена ваенным ліхалеццем.
Іван Кірэевіч Сяркоў нарадзіўся 4 студзеня 1929 года ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна ў сялянскай сям’і. З 1948 года служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Гомельскай раённай газеце «Маяк». Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У.І. Леніна. З 1961 па 1989 год быў галоўным рэдактарам Гомельскай абласной студыі тэлебачання, а з 1977 года адначасова і сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Літаратурную працу пачаў з гумарыстычных твораў, якія друкаваў у часопісе «Вожык». Шырокую вядомасць яму прынеслі менавіта аповесці, якія ён напісаў для дзяцей. Памёр 27 мая 1998 года.
Пры жыцці гэты таленавіты чалавек быў сціплы, прынцыповы, патрабавальны да сябе і да іншых. Ён не любіў слоў пахвалы ў свой адрас, не любіў красавацца, быў абыякавы да славы. Іван Кірэевіч адразу ж, як споўнілася яму 60 год, пайшоў на пенсію. І амаль адразу ж захварэў: мікраінсульт. Ен вельмі пакутваў, але побач былі любячыя яго людзі — жонка Любоў Андрэеўна і сыны— якія клапаціліся аб ім да апошніх хвілін яго жыцця. Іван Сяркоў валодаў рэдкім дарам — уменнем пісаць з гумарам пра сур’ёзныя рэчы.
У ЦРБС распрацаваны адпаведны план правядзення разнастайных мерапрыемстваў у бібліятэках раена. Вось, напрыклад, у дзіцячай бібліятэцы гарпасёлка запланавана правядзенне літаратурна-пазнавальнай праграмы «Шчодры талент пісьменніка», якая ўключае ў сябе гульню «Па старонках кніг Івана Сяркова», віктарыну «А пачыналася гэта так…», а таксама чытанні «Мы з Санькам у тыле ворага». Будзе тут і падрыхтавана кніжная выстава-агляд «Вытокі дабрыні». Сваіх юных чытачоў запрашаюць да сябе і іншыя культпрасветустановы раёна, дзе для іх падрыхтаваны шэраг разнастайных, цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў.


Святлана Місачэнка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK