Славутыя імёны Бацькаўшчыны

Здавалася б час цяпер не лепшы. Сусветны эканамічны крызіс касуе значныя праекты ў вялікіх дзяржавах. А вось Беларусь у такую нялёгкую пару абвяшчае 2009 год Годам роднай зямлі. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт нашай краіны А.Р. Лукашэнка. I такое рашэнне прынята невыпадкова. Яно павінна паспрыяць духоўнаму адраджэнню, захаванню i памнажэнню нацыянальнай i культурнай спадчыны, выхаванню патрыятызму. Наша бацькаўшчына вельмі багата i прыродай, i архітэктурай, i знакамітымі людзьмі, якія дала краіна ў цэнтры Еўропы чалавецтву. Немагчыма пералічыць за раз тых дзяржаўных i грамадскіх дзеячаў, якія праславілі нашу дзяржаву — ад канцлера XVI стагоддзя Льва Сапегі да савецкага міністра замежных спраў Андрэя Грамыкі. Каб памятаць аб тых людзях, якія праславілі нашу родную Беларусь, у Лоеўскай цэнтральнай бібліятэцы праводзіцца шэраг мерапрыемстваў.
У бягучым годзе спаўняецца 380 год з дня нараджэння Сімяона Полацкага. Да юбілею славутага беларускага i рускага пісьменніка, перакладчыка, драматурга, філосафа, асветніка, педагога, грамадскага i царкоўнага дзеяча ў цэнтральнай раённай бібліятэцы распрацавана памятка для чытачоў «Сімяон Пoлaцкi — манах i настаўнік царэвічаў», аформлена кніжная выстава «Праслаўлены ў вяках палачанін», якая расказвае аб жыцці i творчай спадчыне, якую пакінуў пасля сябе гэты вялікі чалавек, імя якога вядома далёка за межамі нашай краіны. Менавіта аб ім нашым чытачам сення падрабязней расказвае С. А. Шумігай, бібліёграф II катэгорыі раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
— Сапраўднае яго імя i прозвішча — Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Cітнiякoвiч. У нашай жа айчыннай гісторыі, як і ў гісторыі сусветнай культуры, асветы, pэлiгiйнaй дзейнасці, ён вядомы пад прозвішчам Сімяон Полацкі. Нарадзіўся ён у Полацку ў заможнай сям’і Сітніяковічаў. Пасля смерці бацькі хлопчыка выхоўваў айчым, які даў яму другое прозвішча — Пятроўскі. Першыя веды хлопчык атрымаў у брацкай школе Полацкага Богаяўленскага манастыра. Скончыў Kieвa-Магілянскі калегіум. Далейшую адукацыю працягваў у Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе пачаў пісаць вершы, спачатку на «простай мове», а потым перайшоў на кніжную, царкоўнаславянскую.
У мнoгix вершах гэтага перыяду гучыць глыбокі патрыятызм, любоў да роднага горада, павага да традыцыйнай культуры беларусаў, услаўляецца Еўфрасіння Полацкая як асветніца роднай зямлі. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй перашкодзіла вучобе Самуіла ў Віленскай акадэміі. Ён вярнуўся ў родны горад, дзе ў 1656 г. прыняў манаскі сан i імя Сімяон. Выкладаў у брацкай школе Полацкага Богаяўленскага манастыра. У гэтым жа годзе ў Полацк увайшла руская армія на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам. У яго гонар Сімяон напісаў урачыстыя віншаванні. Цар запомніў таленавітага манаха.
У 1664 г. Сімяон быў вымушаны развітацца з родным горадам. У Маскве ён пасяліўся ў Заіконаспаскім манастыры i стварыў спецыяльную лацінскую школу пад’ячых Прыказу таемных спраў. Менавіта тады яго пачалі называць Полацкім, таму што нарадзіўся на славутай Полацкай зямлі. У 1666 годзе па даручэнню цара ён рыхтаваў дакументы, якія дапамаглі Аляксею Міхайлавічу выкрыць на саборы Рускай праваслаўнай царквы дзейнасць раскольнікаў. Праз год цар прызначыў Сімяона выхавальнікам i настаўнікам cвaix дзяцей. Вялікую ўвагу ў выхаванні i навучанні дзяцей ён надаваў кнігам. Асабіста для царэвіча Пятра ен напісаў буквар i вершаваную прадмову да яго.
Акрамя навучання дзяцей манах пісаў вершаваныя віншаванні, тэатральныя п’есы і інш. Як перакладчык ён пазнаёміў чытачоў з шырокавядомымі тады творамі. Узорам прамоўніцкага мастацтва сталі царкоўныя словы i казанні Сімяона Полацкага “Абед душэўны” i “Вячэра душэўная”. Займаўся вядомы асветнік i выдавецкай дзейнасцю. У 1676 г., пасля таго, як царом стаў яго выхаванец Фёдар, ён атрымаў магчымасць заснаваць друкарню.
Першай выдадзенай ім кнігай быў падручнік для дзяцей «Буквар мовы славенскай», які ён пісаў для царэвіча Пятра, а пасля пераказ псалмоў «Псалтыр рыфматворны», які М. Ламаносаў назваў «вратами своей учености». Шмат увагі ўдзяляў Сімяон Полацкі тэатральным відовішчам. Для школьнага i прыдворнага тэатраў ён пісаў п’есы, у якіх былі адлюстраваны яго думкі пра неабходнасць асветы.
З першых дзён знаходжання пры маскоўскім двары Сімяон Полацкі дбаў пра пашырэнне асветы. Ён здолеў пераканаць цара ў неабходнасці народнай адукацыі паводле еўрапейскага школьна-універсітэцкага метаду. Доўгі час асветнік вынонваў праект стварэння ў Маскве вышэйшай установы. У 1680 г. цар даў згоду на адкрыццё такой навучальнай установы, але пры жыцці асветніка яна ящчэ не працавала.
Знаходзячыся ў Маскве, Сімяон ніколі не забываў аб роднай Беларусі. Свае творы ён падпісваў «Іераманах з Полацка», чым падкрэсліваў сваё беларускае паходжанне. Сімяон Полацкі памёр у Маскве, пражыўшы ўсяго толькі крыху больш за паўстагоддзе. Сваю найбагацейшую ў тагачаснай Маскве бібліятэку ён пасля смерці завяшчаў манастырам, у тым ліку і беларускім.
Toe, што зрабіў Сімяон Полацкі для асветы, педагогікі i літаратуры, i перш за ўсё для нашай краіны, не мае ні часавых, ні прасторавых, ні іншых абмежаванняў. I сёння ён паўстае перад сучаснікамі як мудры палітычны дзеяч i асветнік, чый геніальны дар абуджае лепшыя праявы чалавечага духу. Ён не зганьбіў імя палачаніна. Вялікага Палачаніна. Наадварот: услед за Еўфрасінняй Полацкай i Францыскам Скарынай Сімяон Полацкі стаў на ганаровую, трэцюю, прыступку ў афіцыйнай i неафіцыйнай iepapxii славутых сыноў i дачок Беларусі i праславіў сваёй нястомнай працай родную Беларусь.


Запісала Святлана Місачэнка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK