Дзяцінства, апаленае вайной

Да 65-годдзя вызвалення

Нашу размову з Вольгай Яфімаўнай Шумігай суправаджала адчуванне самой гісторыі, непадробнай, яскравай, запісанай не толькі ў літаратурных творах, а і ў чалавечых лёсах, іх душах і сэрцах. І я адчувала сябе вінаватай за тое, што развярэдзіла ўспаміны, і нават за чыстыя святыя слёзы гэтай жанчыны, без якіх яна не магла ўспамінаць сваё дзяцінства, апаленае вайной.
…У кожнага чалавека, і асабліва дзіцяці, ёсць свая мара. Хтосьці марыць скончыць з адзнакай школу, хтосьці — стаць лекарам або інжынерам, хтосьці — наведаць далёкія краіны, а хтосьці — дасягнуць у жыцці нечага адметнага, быць у ім не апошнім чалавекам, сустракацца з цікавымі людзьмі і радавацца кожнаму дню, які падаравала жыццё. Пра што ж марылі хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх вайна пазбавіла ўсяго, нават дзяцінства? Час цяжкіх выпрабаванняў зрабіў іх не па гадах сталымі, узваліў на кволыя дзіцячыя плечы непасільны цяжар вайны. А яны марылі аб мірнай і шчаслівай будучыні, аб жыцці без страху смерці… Яны любілі жыццё, радаваліся промням ранішняга сонца, шуму дажджу і паху палявых кветак. Нават у тыя страшныя дні. І ніхто не ведаў, якое новае выпрабаванне рыхтуе лёс!
Ні з чым не параўнаць пакуты, якія давялося перажыць тым, хто застаўся на захопленай ворагам тэрыторыі. Іх, дзяўчынак і хлапчукоў, везлі ў нямецкае рабства, рабілі донарамі для нямецкіх салдат, праводзілі медыцынскія доследы. А тыя, каму ўдалося гэтага пазбегнуць, цярпелі голад і холад, назаўжды гублялі родных і блізкіх.
Такі цяжкі лёс выпаў і на долю Вольгі Яфімаўны. Родам яна з Карчомкі. Калі пачалася вайна, ёй было толькі 11 гадоў. У простай сялянскай сям’і, акрамя яе, было яшчэ дзве сястры, 9 і 13 гадоў.
Аб жахлівых часах акупацыі цяжка ўспамінаць жанчыне, скрозь слёзы яна расказвае аб часах ліхалецця. Надзея ніколі не пакідала яе.
— Мы верылі, — дзеліцца Вольга Яфімаўна, — што вораг будзе знішчаны. За нашы слёзы і пакуты “карычневая” нечысць атрымае спаўна. Кожны з нас быў упэўнены, што прыйдзе час расплаты за знявечаныя жыцці, за разграбленыя гарады і вёскі, за скалечаных і забітых блізкіх.
…Вяскоўцы, як маглі, дапамагалі партызанам, збіралі звесткі аб тым, дзе размяшчаліся фашысты і паліцаі, якая ў іх зброя, пеклі хлеб, збіралі прадукты харчавання і дастаўлялі ў атрад. Самы актыўны ўдзел прымала ў гэтым і маленькая дзяўчынка Волечка. Колькі жаху давялося перажыць, колькі выпрабаванняў вынесці яшчэ зусім малому дзіцяці, цяжка сабе нават уявіць. “Аднойчы паліцаі схапілі сястру і цётку, — успамінае жанчына. —Доўга білі іх, здзекваліся, хацелі даведацца, дзе знаходзяцца партызаны і хто ім дапамагае. Але родзічкі ім нічога не сказалі. Ледзь жывыя, яны вырваліся з варожых лап”.
— Калі мы даведаліся, што ідзе наступленне нашых, — расказвае Вольга Яфімаўна, — радасці не было межаў. Але што потым пачалося… Кругом рваліся снарады, стракаталі кулямёты. Мы схаваліся ў лесе. А калі вярнуліся, засталіся адны галавешкі. Да вайны ў нашай вёсачцы быў 41 двор, а пасля вызвалення засталася толькі адна хата, астатнія фашысты знішчылі. Ішла восень 1943-га года. Дзе жыць, як абагрэцца, пракарміцца, што абуць, апрануць? Але людзі не зважалі на цяжкасці. Галоўнае – яны жылі свабодна на сваёй зямлі. Спачатку будавалі зямлянкі, так і зімавалі. Цяжка было. У вёсцы засталіся толькі жанчыны, дзеці ды старыя. Мужчыны былі на фронце, за іх балела душа. Уся работа легла на жаночыя плечы! Трэба было і араць, і сеяць, і касіць… Дапамагала дзяржава, Чырвоны Крыж. Успамінаючы той час, Вольга Яфімаўна не скардзіцца на цяжкасці, бо перад гэтым давялося перажыць сапраўдныя страшныя пакуты.
Калі адгрымелі апошнія залпы вайны, і вярнуліся ў вёску мужчыны, жыць стала лягчэй. Замест зямлянак на вясковых вуліцах вырасталі новыя дамы. Вядома, на наш сённяшні погляд, былі яны далёка не шыкоўнымі, але для тых, хто перасяляўся з зямлянак, гэта былі сапраўдныя палацы.
Адкрылася школа. Складаны гэта быў час і для вучняў, і для настаўнікаў. І не толькі таму, што не хапала падручнікаў, не было ні чым, ні на чым пісаць, а і таму, што быў перарыў у вучобе, дзеці аказаліся пераросткамі. Побач сядзелі і тыя, каму прыйшоў час ісці ў першы клас, і тыя, хто павінен быў быць ужо ў чацвёртым.
Гэта быў час імклівага аднаўлення, развіцця. Тыя, хто перажыў жахі вайны, працавалі апантана, радасна, з задавальненнем. Успамінаючы той час і сваіх аднавяскоўцаў, Вольга Яфімаўна сведчыць, што стома не палохала нікога. У параўнанні са штодзённым страхам смерці, гэта было нішто. Хаця “на ўзбраенні” былі толькі ўласныя рукі, прымітыўныя прылады, ды такая-сякая конская сіла. Але час хутка мяняў жыццё. І неўзабаве вясковыя палі стаў будзіць рокат матораў.
Вольга Яфімаўна таксама не шукала лёгкіх шляхоў. Трыццаць тры гады працавала яна даяркай. Сёння гэтая работа звычайная, не лягчэйшая і не цяжэйшая за іншыя. А калі трэба было падаіць групу кароў уручную? Накарміць жывёлу і напаіць яе без усялякай механізацыі? Але, азіраючыся на пражытыя гады, Вольга Яфімаўна не скардзіцца. Яна была не адна такая. У пастаянных клопатах, у напружанай працы жыла ўся краіна.
…Мінула ўжо больш шасцідзесяці гадоў з той страшнай вайны. Людзі і сёння не забываюць аб тым цяжкім часе, аб тых, хто выжыў, і тых, хто склаў сваю галаву на палях бітваў, аб ветэранах Вялікай Айчыннай — імкнуцца сагрэць іх цеплынёй і клопатам, запрашаюць на розныя сустрэчы па святах і буднях, дапамагаюць і падтрымліваюць.
Акрамя Дня Перамогі, які шырока і з асаблівым гонарам адзначаецца амаль ва ўсіх рэспубліках былога СССР, ёсць яшчэ адна памятная дата — 3 ліпеня. У гэтым годзе мы будзем адзначаць адметную падзею — 65-ю гадавіну вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Святлана Місачэнка. Фота Алы Голік.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK