У логаве нябачнага ворага

Чарнобыль. Памяць жыве

Яшчэ не ўзгадвалі на гэтую трывожную тэму радыё і тэлебачанне вялікай краіны — Савецкага Саюза, а ўжо неафіцыйна па шматлікіх тэлефонах разносіліся весткі аб вялікай бядзе. У тыя майскія дні 1986 года, здавалася, вецер нёс страшэнную спёку не толькі з поўдня, а і ад самога рэактара, разбуранага выбухам усяго ў некалькіх дзесятках кіламетраў ад Лоеўшчыны. У небе, нібы велізарныя апалонікі, рухаліся адзін за другім верталёты камуфляжнага колеру. І нават пасля таго, як на ўрачыстым пасяджэнні ў гонар Дня Перамогі першы сакратар райкама КПБ зачытаў тэкст кароткай тэлеграмы аб тым, што рэактар чацвёртага блока заглушаны, трывога не спадала. Людзі гаварылі пра новыя выбухі на АЭС, абмяркоўвалі небяспечнасць выпасу жывёлы ў лесе, забарону на ўжыванне дзікарослых ягад…
Ніхто з жыхароў раёна не адчуваў пакуль што ўплыву нябачнага ворага — радыяцыі. Праўда, калі супрацоўнікі рэдакцыі па журналісцкіх справах траплялі ў мясціны вёскі Рудня Бурыцкая, то адчувалі своеасаблівы металічны прысмак на губах, пяршыла ў горле, крыху балела галава. Выязджалі адтуль — і ўсе гэтыя непрыемнасці заканчваліся.
У многіх раёнах Гомельшчыны і ўвогуле Беларусі людзі сталі зрывацца з абжытых месцаў, і гэта часткова нагадвала эвакуацыю перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тэхніка з Лоеўшчыны ішла на вывазку людзей і жывёлы з найбольш забруджаных тэрыторый. Для многіх тады жыццё падзялілася на дзве часткі — рамантычную, да аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і трагічную, пасля яе.
Летам 1990 года кімсьці з кіраўнікоў вырашана было на 50-ы месяц пасля аварыі сабраць журналістаў нашай вобласці і прадстаўнікоў рэспубліканскіх выданняў на трохдзённы семінар па чарнобыльскіх праблемах. Розныя меркаванні кіраўнікоў, навукоўцаў давялося пачуць у час гэтай вучобы. Спрэчкі часам даходзілі да таго, што ўдзельнікі шумелі, як патрывожаны пчаліны рой. Запомнілася ў ліку іншых выступленне галоўнага санітарнага ўрача вобласці В.І. Ключановіча, які даказваў, што радыяцыя з’яўляецца не галоўным, а адным з 11 фактараў, якія становяцца прычынай многіх хвароб і адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека.
А потым, дзеючы па прынцыпу “лепш адзін раз убачыць…”, нас павезлі аўтобусамі ў Чарнобыль. Пасля Брагіна і Камарына, некалькіх апусцелых або закапаных у зямлю вёсак, мы апынуліся на прыпяцкім мосце. З правага боку ўгадваліся абрысы вядомых па фотаздымках высачэзных труб і карпусоў атамнай станцыі. Дык вось адкуль распаўсюдзіўся па беламу свету нябачны і каварны вораг! Журналісты пабылі спачатку ў Чарнобылі — старажытным непрыглядным украінскім горадзе. Казалі, што раней тут пражывала каля 50 тысяч жыхароў. У дзень наведвання мы не сустрэлі ніводнай групы людзей, толькі адзінокіх прахожых і то зрэдку.
Вучоныя тады прачыталі ўдзельнікам семінара лекцыі і даклады, у якіх было шмат спрэчных момантаў, а доказы мала каго пераконвалі, а потым усім прапанавалі экскурсію на атамную станцыю. У дзеючым памяшканні галоўны інжынер нешта паказваў на макеце, тлумачыў, але нам, незнаёмым з такой складанай тэхнікай, усё гэта мала чаго давала. Дырэктар станцыі М.П. Уманец расказваў нам, што яго прыслалі сюды, каб наладзіць работу аб’екта, што тут трэба працаваць з разуменнем небяспекі. Але прысутныя журналісты, аб’яднаныя думкай пра небяспечнасць аб’екта, патрабавалі наогул закрыць станцыю. Тым не менш, дырэктар АЭС ахвотна адказваў на нашы пытанні.
Там, на Чарнобыльскай атамнай станцыі, можна было трапіць у адзін з дзеючых блокаў, каб паглядзець на работу агрэгатаў па выпрацоўцы электраэнергіі. Чацвёрты блок быў закрыты спецыяльным бетонным саркафагам. Нас да яго не пусцілі — дазволілі спыніцца толькі метраў за 150. Нехта з журналістаў рабіў фотаздымкі, у якія траплялі калегі на фоне аб’екта, сумна вядомага ўсяму свету.
Давялося тут убачыць і своеасаблівую эмблему Чарнобыльскай станцыі — лірападобную сасну. Іголкі на ёй яшчэ нейкім чынам трымаліся, праўда, усе былі жоўтыя, а не зялёныя. А крыху далей віднеўся вядомы з паведамленняў газет рыжы лес, які пацярпеў ад пажару на станцыі. Частка дрэў ужо была закапана ў зямлю бульдозерамі.
Недзе паміж горадам Чарнобылем і атамнай станцыяй мы ўбачылі вялікую колькасць тэхнікі, якая трапіла пад уздзеянне радыяцыі. Вачыма нельга было адразу ахапіць усю прастору, занятую непатрэбнымі ўжо механічнымі памочнікамі чалавека.
З прытоенай тугой з тэрыторыі станцыі ўглядваліся мы ў закрыты горад Прыпяць, дзе жылі раней супрацоўнікі АЭС. Хоць было і далёка да збудаванняў, але адчувалася, што раней горад быў сапраўдным прыгажуном, з патрэбнай інфраструктурай, зручнасцямі для насельніцтва. Перад нашымі вачыма ён прадстаў мёртвым…
Вось так нам, журналістам, давялося пабыць на своеасаблівай экскурсіі на працягу сямі гадзін. Дарэчы, у адрозненне ад некаторых уладальнікаў пасведчанняў ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якія і не ведалі, у якім напрамку яна знаходзіцца, зараз, як сцвярджаюць сродкі масавай інфармацыі, знаходзяцца турысты, якія наведваюць трагічнае і мала прыцягальнае месца.


М. Мельнічэнка, ветэран журналістыкі.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK