Загулі вясной чмялі…

З прыродных назіранняў

Вясну я заўсёды звязваю з прылётам шпакоў і кнігавак, са з’яўленнем жоўтых кветак — падбелу, адуванчыкаў, белых — ветраніцы лясной, а таксама пушыстых коцікаў на казінай вярбе — іцвіне. Асабіста мне падабаюцца раніцы ў канцы красавіка і пачатку мая, калі бурна абуджаецца прырода. Дрэвы, кусты і іншыя расліны радасна раскрываюць свае пупышкі насустрач сонцу, вясноваму святлу. І над цвітучымі раслінамі ўсё больш з’яўляецца лятаючых насякомых. Хоць яшчэ і халаднавата, але вось аднекуль са свайго патаемнага сховішча паважна выбраўся чмель і пачаў разведку, дзе б паласавацца нектарам. Палёт у яго запаволены, нейкі цяжкі. І недарэмна гэтае стварэнне іншы раз параўноўваюць з самалётамі-бамбавозамі.
З далёкіх ужо для мяне школьных і студэнтскіх гадоў часта ўспамінаецца касавіца. Прыдняпроўскі луг напоўнены густой гарачынёй, стракатаннем у траве нябачных конікаў, зузумканнем пчол, басавітым больш глухім гудзеннем чмялёў. У пойме ракі купкамі завіхаюцца людзі, рыхтуючы корм для жывёлы на зімоўку. І тут, нехта з крыкам, лямантам, сарваўшы з галавы кепку, хустку, або схапіўшы кашулю, размахвае гэтым кавалкам такніны і шпарка імчыць у бок кустоў лазняку або сігае разгарачаны ў ваду, калі працаваць даводзіцца побач з Дняпром ці азярынамі. Гэта азначае, што нехта неасцярожна разварушыў граблямі гняздо чмялёў.
Бывала, што даставалася і нам ад гэтых насякомых, якія нібы агнём пеклі сваімі джаламі ў босую нагу або адкрытую частку цела. Але чамусьці на чмялёў і пчол мы асабліва ў маладосці не крыўдавалі, даравалі ім агрэсіўнасць. Мы, нават, некалькі разоў спрабавалі перасяліць чмялёў з гнездамі ў спецыяльна пабудаваныя з дошчачак вуллі і трымаць на агародах. Але безвынікова. Не хацелі чмялі, падобна пчолам прыручацца, і праз некаторы час, як мы пераконваліся, гінулі.
З часам я даведаўся пра тое, што ў фауне Беларусі налічваецца каля трыццаці відаў чмялёў, розных па размерах цела і афарбоўцы. У адрозненне ад пчаліных чмяліныя сем’і налічваюць у сваім складзе ўсяго па 100-150 асобін, а то і нават 30-50. Па-ранейшаму яны лічацца надзвычай карыснымі для сельскай і лясной гаспадаркі. Не раз чытаў аб тым, што пчала, маючы вельмі кароткі хабаток, неахвотна ляціць на пасевы канюшыны, а чмель гэтую кармавую культуру апыляе больш паспяхова.
Дзе селяцца чмялі? Ды ў розных месцах. Напрыклад, на стараворыўных землях, у лісцёвых лясах, на хмызняках, на лугах у поймах рэк, аддаючы перавагу узвышаным участкам, а іншы раз сустракаюцца і на купістых балотцах. Гнёзды збудоўваюць ў невялікіх паглыбленнях глебы, з моху і сухой травы. А ёсць віды чмялёў, якія прыстасоўваюць пад сваё жыллё норкі грызуноў. Раней, калі ў сялянскіх хатах не было цягельных ці каменных фундаментаў, вяскоўцы насыпалі звычайныя прызбы з ільняной кастрыцы. І чмялі чамусьці вельмі ахвотна сяліліся ў гэтым матэрыяле.
На жаль, чалавечая дзейнасць часам прыносіць мала карысці навакольнаму асяроддзю. Чмялям, як і іншым істотам, даводзіцца перамяшчацца з месца на месца. Выпальванне сухой травы, меліярацыя ў вялікіх маштабах, неразумнае прымяненне гербіцыдаў, высяканне хмызнякоў, нават разворванне лугоў — усё гэта негатыўна ўплывае на чмялінае жыццё. А без гэтых цудоўных стварэнняў прырода стане вельмі беднай і абдзеленай.


М. Мельнічэнка, жыхар гарпасёлка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK