ЦІ ЗАХАВАЕЦЦА НЕПАЎТОРНАСЦЬ КРАЯВІДАЎ?

З любоўю да прыроды


Прырода надзяліла гэты куточак нашага раёна прыгажосцю і своеасаблівым хараством. Размова ідзе аб урочышчы “Вербуж”, што размешчана на беразе Дняпра, недзе паміж Лоевам і вёскай Падрачыцкае. Ёсць тут шматгадовыя дубы, якія на сваім доўгім вяку вытрымалі неаднаразова напор шалёных навальніц з перунамі, парывістых вятроў, засух і маразоў. Сям-там трапляюцца таполі. Крыху далей, у абодва бакі, узнімаецца ладны сасновы падрост. А на правабярэжжы раскашуе густы лазняк і вербы.
Пры сучасным фінансава-эканамічным крызісе ехаць у далёкі адпачынак у санаторыі або на курорты вельмі накладна. Таму з царства асфальта і бетона, настоенага перагарам саляркі і бензіну, жыхары буйных гарадоў летам стараюцца вырвацца на ўлонне прыроды. Лаяўчане сем’ямі ездзяць на азнаямленчыя экскурсіі ў Вербуж і далей, да Падрачыцкага. За кароткі час, праведзены на Дняпры, можна палюбавацца прыгожымі краявідамі, удыхнуць свежага жыватворнага паветра, водараў ад рачной вады, лазнякоў, саснякоў і дубраў.
У пятніцу, 16 ліпеня, у падобнай экскурсіі давялося пабываць і мне. Ужо колькі дзён на беразе Дняпра адпачывала дачка, якая прыехала пагасціць з Мінска. Уражанні, атрыманыя ў час “вандроўкі”, напоўнілі душу журналіста-пенсіянера прыемнымі хваляваннямі, прымусілі ўзяць у рукі ручку, каб апісаць убачанае.
…Пасажырскі кацер, або маторка, як называюць гэтае судна ў народзе, марудна рухаецца ўверх па рацэ, з цяжкасцю пераадольваючы цячэнне. Затое палюбавацца ёсць чым. Прыбярэжныя кусты і дрэвы заліты ранішнім сонцам. Уздоўж берага амаль усюды — рыбакі. Вось неспакойнае племя! На нейкіх карчах, якія затрымаліся нерухома на месцы, сядзяць чайкі. Яны іншы раз зрываюцца з месца, крычаць, нібы нечага не падзялілі.
Вербуж на лета стаў ледзь не малай палатачнай рыбалоўнай вёскай. Дачка расказала, што сюды на легкавых аўтамашынах і, нават, на веласіпедах прыехалі адпачываючыя з Гомеля. Людзі заняты карысным адпачынкам — лоўляй рыбы, купаннем, загараннем на сонцы. Бывае і інакш — прыязджаюць з Лоева кампаніі, пасядзяць за столікам пад дахам зробленай сярод дубоў альтанкі, як кажуць, “пагудзяць”, добра прыклаўшыся да бутэлькі, — і да пабачэння, Вербуж!
Сюды недзе з лесу аж з-пад Міхалёўкі, Ястрабкі, Райска прылятаюць на паляванне чаплі. Гэтыя марудныя ў паветры стварэнні застываюць, як манументы, нерухома стоячы на водмелях. І як толькі яны паспяваюць схапіць у вадзе шустрых малявак — рачных рыбак?
А на Мохаўскім перакаце, дзе таксама ёсць прыгожая дубрава, аблюбавалі месца бакланы. Гэтых выхадцаў з паўднёвых і паўночных мораў не паважаюць мясцовыя рыбакі за пражэрлівасць. Птушкі ныраюць вельмі глыбока, набіваючы рыбай мяшок пад дзюбай.
Дачка расказвала, як назірала ў Вербужы за двума відамі дзятлаў — пярэстым і чырвонагаловым, больш буйным. Дзятлы дзелавіта абследавалі дуб і вельмі ўжо па-гаспадарску працавалі над пашкоджанай караедамі драўнінай.
Што характэрна для гэтага ўрочышча — маленькія птушкі — зяблікі — тут чамусьці не баяцца людзей. Скачуць насустрач, нешта знаходзяць на сцежцы, пратаптанай у траве. Да мяне адзін з зяблікаў наблізіўся літаральна на паўметра…
Але, на жаль, падарожжа не абыйшлося без “кроплі дзёгцю”. Як давялося пераканацца, Днепр тут становіцца своеасаблівым “прахадным дваром” — адна за другой праносяцца маторныя лодкі, парушаючы векавечны спакой прыроды. Бывае, што па вадзе плаваюць пустыя поліэтыленавыя бутэлькі з-пад піва. У некага ж паднялася рука шпурнуць іх у раку! А іншы дазволіў сабе пакінуць на беразе шкляную тару з-пад гарэлкі. Валяюцца таксама вострыя ракушкі з выкарыстаных бяззубак-малюскаў. Не ўсе закопваюць пасля свайго знаходжання вогнішчы.
Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб ганарыцца тым, што ў нас ёсць такая рака з прыгожымі пляжамі, лугамі і дубравамі! І не проста ганарыцца, а па-гаспадарску ашчадна да ўсяго гэтага адносіцца, захаваць непаўторным кожны такі кавалак зямлі.


М. Мельнічэнка, жыхар Лоева.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK