Наш чалавек у Афрыцы

Лёсы людскія

У мяне на Лоеўшчыне і ў іншых раёнах Гомельскай вобласці ёсць некалькі знаёмых, якія па турысцкіх пуцёўках наведвалі Польшчу, Балгарыю, Румынію, Чэхію, нават, такую далёкую краіну як Індыя. Ведаў і некаторых суайчыннікаў, якім давялося не толькі быць праездам, а і працаваць у дальнім замежжы — у Грэцыі, былой Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, Злучаных Штатах Амерыкі. І вось выпадкова пазнаёміўся з Сяргеем Пятровічам Захарэўскім, разгаварыліся аб жыцці-быцці. Аказалася, што гэты сціплы чалавек крыху больш чым на працягу трох гадоў знаходзіўся ў экзатычнай Афрыцы.
У Лівію — краіну ў паўночнай частцы чорнага кантынента — неабходна было накіраваць спецыялістаў для будаўніцтва аэрадрома. Сяргей Захарэўскі тады працаваў у Мінску на асфальтна-бетонным заводзе машыністам асфальтазмяшальніка. Вызначаўся стараннем, не раз заахвочваўся маральна і матэрыяльна кіраўніцтвам прадпрыемства.
Адбор умельцаў быў вельмі строгі. Камітэт дзяржаўнай бяспекі цікавіўся не толькі асобамі рабочых і інжынерна-тэхнічных спецыялістаў, а і іх бацькамі, правяраў усю паднаготную. За рубеж накіроўвалі людзей працавітых, маральна стойкіх, выпрабаваных. Для тых, хто павінен быў ехаць у Афрыку, даваўся падрабязны інструктаж, як сябе паводзіць. Урачы ў Маскве вызначалі, ці падыходзіць чалавек па здароўю для працы ў Лівіі. Некаторых «адсейвалі», іншым давалі падрабязныя рэкамендацыі, як не нашкодзіць здароўю.
І вось магутныя самалёты ўзняліся ў паветра з аэрадрома Шарамецьева. З марознай Масквы будаўнікі і дарожнікі трапілі ў сталіцу Лівіі — гарачы Трыпалі, а потым далей — па месцу прызначэння. Тут усё аказалася незвычайным, дзіўным для нашых суайчыннікаў. Днём тэмпература паветра дасягала 50 і нават 57 градусаў вышэй нуля, а ночы былі, наадварот, вельмі халоднымі. Такія перапады былі нязвычнымі для нашых суайчыннікаў. Аказалася, што Афрыка зусім не райскі куток для нашага чалавека. У дадатак не раз узнімаліся пясчаныя буры. І каб неяк бачыць і дыхаць у гэтай пясчанай каламуці, людзям выдавалі спецыяльныя ахоўныя акуляры, марлевыя павязкі. Мясцовая вада аказалася дрэннай на смак, таму ў будгарадок прывозілі больш якасную. Добра, што ў жыллі, дзе размясціліся будаўнікі аэрадрома, былі пастаўлены кандыцыянеры шведскай вытворчасці, якія па жаданні жыльцоў давалі або цяпло, або холад.
Выхадным днём для суайчыннікаў па звычаях мусульманскіх краін стала … пятніца. І нашым рабочым, атрымаўшым у свой час атэістычнае выхаванне, давялося прыстасоўвацца да гэтага патрабавання іслама.
Паколькі днём усталёўвалася нясцерпная гарачыня, то абедзенны час расцягваўся аж на 4 гадзіны — з 12.00 да 16.00. А Сяргею Захарэўскаму даводзілася пачынаць працу ў 5 гадзін раніцы, каб загадзя падрыхтаваць бітум для ўкладкі паласы аэрадрома.
У вольны ад працы час нашы суайчыннікі ездзілі на бліжэйшыя рынкі, дзе за дынары куплялі бульбу, капусту, цыбулю, некаторую іншую гародніну. На паліўных землях там добра ўсё расце. А ў гарадку быў магазін, дзе таксама можна было набыць прадукты харчавання, працавала сталовая. Хочаш — сам вары, хочаш — набывай гатовую ежу. Стараліся часцей бываць каля мора з празрыстай вадой, што дазваляла разгледзець некаторыя дэталі падводнага свету на адлегласці да пяці метраў. Лавілі гарпунамі рыбу — ядавітых мурэн, небяспечных электрычных скатаў. У гарадку аказалася нядрэнная спартыўная зала, дзе разгараліся гарачыя баталіі па валейболу супраць каманд спецыялістаў і лётчыкаў, гулялі таксама і ў футбол. У размовах з лівійцамі карысталіся паслугамі перакладчыкаў, дапамагалі і савецкія лётчыкі-інструктары, якія вучылі лівійскіх хлопцаў кіраваць магутнымі самалётамі.
Вядома ж, узнікалі і нязручнасці, якія аказаліся не па нораву некаторым беларусам, украінцам і расіянам. Напрыклад, у Лівію нельга было завозіць свіное сала. У мусульманскіх краінах спажываюць гавядзіну, бараніну, кураціну, іншы раз — мяса вярблюдаў, а мужчынам-славянам вельмі хацелася пахучай часнаком, цыбуляй і перцам свініны. Не дазвалялася ўжываць спіртныя напоі, бо ў ісламскіх краінах існуе строгі “сухі” закон. Рэдкіх аматараў алкаголю неадкладна адпраўлялі назад, на радзіму. Да таго ж, у магазіне гарадка прадаваўся толькі белы хлеб. Да гэтага цяжка было прывыкнуць. Таму тых, хто вяртаўся з водпуску з дома, абавязкова прасілі прывезці хаця б сухароў ці проста аржанога хлеба — “чарняшкі”, любоўна называлі яго ў Афрыцы.
З Радзімай сувязь падтрымлівалася пісьмамі. Званіць па тэлефоне можна было толькі праз пасольства. Чыталі савецкія газеты, слухалі перадачы “Маяка” па радыё. Тады ж, дарэчы, даведаліся аб Чарнобыльскай катастрофе. А вось па тэлевізары паглядзець амаль нічога не ўдавалася — перадачы ішлі з самой Лівіі на арабскай мове, а таксама траплялі цераз мора з Італіі. Цяжка перадаць словамі, як сумавалі людзі па далёкай Радзіме, яе лясах і рэках.
Пасля афрыканскай эпапеі Сяргей Пятровіч вярнуўся ў Мінск, потым пераехаў да бацькоў — на малую радзіму — у Лоеў. Стаў працаваць майстрам у ДРБУ-206, але, на жаль, захварэў. Работу давялося пакінуць. Апорай яго стала Вера Міхайлаўна, жанчына з якой звязаў свой лёс Сяргей Захарэўскі. Трымаюць на падвор’і каня, дзвюх кароў. Словам, дамашніх клопатаў хапае. А далёкая Афрыка пакінула след у памяці Сяргея Пятровіча як краіна, багатая нафтаю, дзе цэняць працавітых, памяркоўных беларусаў. Да Лівіі ён вяртаецца ў сваіх успамінах, а таксама слухаючы радыё, праглядваючы перадачы па тэлевізары.


М. Мельнічэнка, жыхар Лоева.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK