Занадта позняе «прабач»

Замалёўка з натуры

Вельмі страшна было заходзіць цяпер у гэты некалі такі прыветны дом. Дзверы брамкі насцеж адчынены, побач — крыж. Першае, што ўбачыў Антось, калі пераступіў парог пакоя, гэта стомленая ўсмешка на вуснах маці — так можна стаміцца хіба толькі ад вельмі доўгага і няпростага жыцця…


ЁН — сын. Чамусьці, усведамленне гэтага турбавала Антося нячаста. Бацькі, пра якога ён марыў усё сваё дзяцінства, у яго не было — загінуў той яшчэ ў першыя пасляваенныя гады, калі яго адзінаму сыну і пяці гадкоў не споўнілася (падарваўся на міне, узворваючы разам з аднавяскоўцамі калгаснае поле). Выхоўвала Антося маці, самотную хацінку якой ён пакінуў яшчэ да арміі, калі накіраваўся вучыцца ў горад. Яшчэ тады наведваўся да яе толькі зрэдку (вучобу спалучаў з падпрацоўкамі на заводзе). А пасля розныя іншыя турботы-клопаты мала-памалу і ўвогуле затлумілі ўсе дакоры сумлення. Час ад часу з вёскі надыходзілі лісты — нядоўгія, ўсяго некалькі радкоў, малаграматна спісаных такім знаёмым дробненькім почыркам, у якіх маці ніколі ні на што не скардзілася, не крыўдавала, а толькі запрашала пагасціць хаця б дзянёк-другі ды па некалькі разоў жадала сыну, нявестцы ды ўнучку Толіку здароўя і ўсялякіх даброт. Кожны раз у канверце ляжала складзеная папалам паштоўка з пяцёркай, а часам і дзесяткай унутры — на цукеркі ўнучку… Яны надыходзілі нават тады, калі Толік ужо вырас, сам пачаў зарабляць грошы і таксама быў рэдкім госцем у бацькоўскім доме. Вынімаючы кожны раз з паштовай скрыні пісьмо ад маці, Антось заўсёды бянтэжыўся. Унутраны голас некалькі дзён не даваў яму думаць ні пра што іншае, дакараў, сароміў. І тады ён зноў і зноў даваў сабе абяцанне абавязкова наведацца ў вёску ўсёй сям’ёй. Але з часам голас гэты слабеў і хутка зусім забываўся. Так што выбіраўся ён да маці, лічы што, гады ў рады. І яна не папракала. Ніколі. Проста моцна любіла, як можа любіць толькі…


…ЯНА — маці. У адрозненне ад сваёй крывінкі, яна памятала пра гэта кожную хвіліну: калі, нават прыціснутая хваробай да ложка, пісала яму, што ўсё ў яе добра, і прасіла ў Бога здароўя… не, не сабе, а яму, Антосю, яго Марыне ды Толіку. Калі чакала з нецярпеннем пенсіі, каб укласці ў канверт тую самую пяцёрку ці дзесятку… Калі нястомна малілася перад абразком у сваёй невялічкай хацінцы ў адзін пакойчык, упрыгожаны толькі вышыванкамі ды вузенькімі палінялымі палавічкамі, і чакала… Чакала і бязмерна радавалася кожнаму прыезду сына.
Невысокая худзенькая жанчына з бязмежна добрымі зялёнымі вачыма, такімі ж худзенькімі, але не па-жаночы моцнымі рукамі, сівымі валасамі, якія ўвесь час непаслухмяна выбіваліся з-пад белай у бубачку хусткі… Такой Антось запамятаў маму пры жыцці. Заўсёды спрытная, рухавая, прыветная да людзей, даверлівая. Яе любілі ў вёсцы. Вось і зараз, хоць прыехаў ён адразу, як даведаўся пра смерць маці, аднавяскоўцы, не чакаючы прыезду Антося, паспелі справіць і дамавіну, і крыж. І хоць ніхто з прысутных у хаце і словам не папракнуў, ён адчуў куды большы папрок. І не толькі ўласнага сумлення…


ЯНО — жыццё… Як шкада, што праходзіць яно імкліва і беспаваротна, што нельга вярнуць яго хаця б на год, на дзень, на хвіліну… О!.. калі б толькі гэта было магчыма!
Аднаго погляду на ўсмешку, што застыла на бледным худзенькім тварыку маці, Антосю аказалася дастаткова, каб усвядоміць, наколькі вялікая для яго гэтая страта… Але куды мацнейшы боль выклікала ў яго адчуванне поўнай сваёй бездапаможнасці, немагчымасці нешта выправіць, перайначыць… Калі б толькі яшчэ раз пагрэцца ў цеплыні зялёных матуліных вачэй, пачуць яе пяшчотны голас, папрасіць прабачэння за сваю няўважлівасць і… доўгія-доўгія гады марнага чакання.
Антось упершыню, нібы збоку, паглядзеў на той шлях, які застаўся ўжо за плячыма, паспрабаваў прадбачыць сваю будучыню. Яго позірк нечакана зноў спыніўся на твары маці. Вось такім жа ён убачыў і закат уласнага жыцця: роспач, растаптаныя спадзяванні, адзінота і…, магчыма, такая ж стомленая ўсмешка на вуснах. Так можна стаміцца хіба толькі ад вельмі доўгага і няпростага жыцця… А яшчэ — ад так і не спакутаванага пачуцця віны ды сораму… Перад самім сабой… Перад Ёй… І Богам…


Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK