Чым жыве аграгарадок Страдубка?

На гэтае пытанне дапаможа адказаць старшыня Страдубскага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Алегаўна Дзегцярэнка. Але гэта крыху ніжэй…
На высокім беразе сівога Дняпра размясцілася вёска Страдубка. І такую назву яна займела ад высокіх магутных дубоў, якія пранізвалі сваім карэннем той жа дняпроўскі бераг. Кожны летні вечар тут чуецца мяккая песня салаўя.
З 2005 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пачала ажыццяўляцца “Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі”. Аднак аграгарадком Страдубка стала толькі ў 2008 годзе. Ужо амаль чатырнаццаць год пасаду старшыні сельскага выканаўчага камітэта тут займае Святлана Алегаўна Дзегцярэнка. За гэты час яна чатыры разы выбіралася старшынёй Страдубскага сельскага Савета дэпутатаў, двойчы — у раённы Савет дэпутатаў. І гэта небеспадстаўна, бо за гэты час праведзена вялікая работа па ўладкаванню належачых камітэту тэрыторый.
— Наш выканаўчы камітэт быў сфарміраваны ў 1926 годзе і ахоплівае сем населеных пунктаў, — расказвае Святлана Алегаўна. — Адміністрацыйным цэнтрам была абрана вёска Страдубка. Па стану на 1 студзеня 2009 года ў гэтай вёсцы пражывае 478 жыхароў, у в. Чаплін — 105, у Ісакавічах — 56, у Рэкордзе — 30, Рудні Каменевай — 63, Марсе — 16, Бушаціне — 15. З усяго пералічанага вышэй насельніцтва працаздольных жыхароў толькі 383 чалавекі, на сённяшні дзень нарадзілася 6 чалавек, а памерла 19. На тэрыторыі нашага камітэта дзейнічаюць наступныя ўстановы: КСУП “Страдубка” (з 2007 года аб’яднаны з КСУП “Дняпроўскі”); Чаплінская сярэдняя агульнаадукацыйная школа, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, цэнтр культуры і адпачынку, сельская бібліятэка, аддзяленне паштовай сувязі, комплексна-прыёмны пункт, тры крамы. У вёсцы Рудня Каменева дзейнічаюць сельскі клуб і бібліятэка. Амаль усе пералічаныя аб’екты былі рэканструяваны ці атрымалі новыя памяшканні.
І сапраўды, калі нехта працяглы час не наведваў родную вёску, былі па-добраму здзіўлены. З’явілася новая вуліца — Берагавая, амаль праз усю вёску цягнецца новая стракатая агароджа, якая пафарбавана, дарэчы, не без удзелу саміх вяскоўцаў. Адкрылася і новая крама “Сонечная”, яна знаходзіцца ў самым цэнтры вёскі. Змянілі ўнутраны і знешні выгляд сельскі выканаўчы камітэт, дзіцячы садок, Чаплінская сярэдняя школа і Дом культуры. Для КПП і ФАПа будуюцца новыя памяшканні. Не маглі ўлады абмінуць увагай і брацкую магілу, на ўладкаванне якой было зрасходавана 10 мільёнаў рублёў. Наведваючы на 9 мая наш помнік, родныя тых салдат, якія ахвяравалі сваё жыццё ў імя светлай будучыні краіны, будуць упэўнены, што мы вельмі ўдзячныя. Спадзяюся, што і школьнікі будуць з большым жаданнем несці ганаровую варту на свята Вялікай Перамогі.


— Святлана Алегаўна, у якім яшчэ напрамку праводзілася работа па адраджэнню вёскі?


— За гэты непрацяглы час быў праведзены касметычны рамонт памяшкання крамы № 81, адзялення паштовай сувязі, комплексна-прыёмнага пункта, распачата для яго будаўніцтва новага памяшкання. На тэрыторыі нашай вёскі было ўстаноўлена тры кіламетры бетоннай агароджы, прыведзена ў належны стан галоўная дарога, а таксама па вуліцы Прыдняпроўскай, з’явілася асфальтавае пакрыццё і па вуліцы Берагавой. Доўгі час невырашанай праблемай з’яўлялася ацяпленне памяшкання Дома культуры, пытанне вырашылі, дзякуючы мадэрнізацыі цеплавых сетак. У вёсках Чаплін (па вуліцах Савецкая і Лугавая) і Страдубка (вул. Светлая) ажыццяўлялася рэканструкцыя ліній электраперадачы. У дадзены момант рамантуецца дах Дома культуры.
Падтрымалі сродкамі і наш КСУП, заасфальтавалі пляцоўкі на тэрыторыі дзвюх ферм — “Страдубка” і “Чаплін”, машынна-трактарнай станцыі, а таксама пляцоўку для сушэння і захавання збожжа. Было пабудавана памяшканне для плюшчанага зерня.


— Вядома, што вяскоўцы звяртаюцца да вас па розных пытаннях. Пералічыце найбольш распаўсюджаныя, і якім чынам вы гэтыя пытанні вырашаеце?


— У гэтым годзе добры ўраджай на яблыкі, таму за даведкамі звяртаецца шмат людзей. Многія імкнуцца нарыхтаваць паліва на зіму. Працаздольныя набываюць яго сваімі сіламі, а вось пенсіянеры звяртаюцца да нас. У гэтым плане наладжана цеснае супрацоўніцтва з Лоеўскім філіялам КУП ”Гомельаблпаліва”. Прыемна, што на сённяшні дзень не існуе чаргі на набыццё паліўных матэрыялаў. Ад імя нашых пенсіянераў выказваем падзяку кіраўніку гэтага прадпрыемства Б. І. Кацману. Звяртаюцца да нас і з іншымі пытаннямі, вырашэнню якіх на раённым узроўні спрыяюць старшыня раённага Савета дэпутатаў С. М. Дземідзенка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва В.П. Казуля, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Т.В. Каурава, старшыня праўлення Лоеўскага райспажыўтаварыства В. М. Логвіна, а таксама нашы вясковыя дэпутаты М. Леўчанка, В. Анцімонік, М. Быкоўскі, Т. Краўчанка, М. Халалеенка.
Вось так і жыве мая родная вёсачка — павольна і ўпэўнена, а разам з ёю ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!


Я. Шапавал, жыхарка вёскі Страдубка.

Одна мысль о “Чым жыве аграгарадок Страдубка?

  1. Тут очеь красиво все описано. но если приехать в Страдубку сейчас то можно заметить что строительство новых помещений для ФАПа и КПП остановлено и заброшено.
    детский сад практически прекратил свое существование, а школу собираются делать из средней в базовую.
    народ из деревни бежит со всех ног.
    потому как хозяйство разваливается и является убыточным уже не первый год.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK