“Кіеўская Русь” паклікала ў госці

Фестывалі


Як паведамлялася раней, 29 жніўня народны фальклорны ансамбль «Жывіца» прыняў удзел у ІІ Адкрытым фестывалі традыцыйнай славянскай культуры і баявых адзінаборстваў “Кіеўская Русь”, які праходзіў на Чарнігаўшчыне, у горадзе Любеч Рэпкінскага раёна. Ён быў прысвечаны Дню Незалежнасці Украіны.
Лаяўчане старанна рыхтаваліся да гэтай паездкі. Падбіраўся разнастайны, насычаны рэпертуар, самадзейныя артысты праводзілі шмат часу на рэпетыцыях, каб усё, як кажуць, адшліфаваць.
На Чарнігаўскай зямлі нашых артыстаў сустракалі іх калегі, прадстаўнікі культуры Любеча. Свята пачалося з марш-парада ўсіх калектываў-удзельнікаў фестывалю. А потым кожны з іх прадстаўляў сваеасаблівую візітную картку. У выкананні “Жывіцы” прагучала песня “Прывітальная”. Адметна тое, што ў мінулым годзе на фестывалі былі прадстаўлены калектывы толькі з Украіны, Беларусі і Расіі, а ў гэтым яго можна было назваць сусветным, бо прыехалі сюды прадстаўнікі многіх краін свету: Індыі, Конга, Венесуэлы і інш.
Прыемна, што гонар адкрываць конкурсную праграму было прадастаўлена самадзейным артыстам менавіта Лоеўшчыны. Паўгадзіны наша “Жывіца” дэманстравала сваё выканаўчае майстэрства ўсім сабраўшымся. Кожны наступны нумар суправаджаўся бурнымі апладысментамі. “Брава! Малайцы!” — выгуквалі гледачы.
Пасля выступлення лаяўчан запрасілі да сябе на падвор’е простыя людзі, дзе частавалі іх юшкай, украінскімі варэнікамі і мёдам.
А потым было ўрачыстае ўзнагароджанне. Наш самадзейны калектыў прывёз са свята дыплом удзельніка фестывалю.
Аднак гэта мерапрыемства ўключала ў сябе не толькі канцэртную і тэатралізаваную праграму. Тут можна было пабычыць народныя абрады і гульні, спрадвечныя рамёствы і промыслы, паказальныя выступленні ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, школ баявых майстэрстваў, ваенна-гістарычных клубаў, спартыўных каманд і творчых калектываў.
Прайшла тут і выстаўка-кірмаш майстроў народнага дэкаратыўна-пракладнога мастацтва, традыцыйных рамёстваў і народных промыслаў. У якой, дарэчы, прынялі ўдзел і прадстаўнікі Лоеўшчыны — мыйстры цэнтра рамёстваў Уборкаўскага сельскага Дома культуры.


Святлана Місачэнка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK