Зямля бацькоў — мая зямля

У бібліятэках


Першы ўрок у гэтым навучальным годзе прысвячаўся Году роднай зямлі. І таму не выпадкова, што гэтая тэма стала асноўнай на мерапрыемстве “Зямля бацькоў — мая зямля”, якое правялі работнікі дзіцячай бібліятэкі для вучняў сёмага “А” і “Б” класаў Лоеўскай раённай гімназіі.
Як паведаміла загадчыца гэтай культпрасветустановы Галіна Васільеўна Вайцяшэнка, пачалося мерапрыемства з верша “Любіце родную зямлю”, які прачыталі Вольга Басянок, Яўген Касцючэнка, Вікторыя Рачкова і Іна Раманюк. Потым бібліятэкары расказвалі рабятам пра родны край, пра беларускі народ, пра краіну, дзе ўсе мы жывём, і якая мае такую прыгожую і мілагучную назву — Беларусь.
— Гэта зямля, на якой вы нарадзіліся, дзе нарадзіліся і жывуць вашы бацькі, бабулі і дзядулі. Гэта святая зямля — наша Бацькаўшчына, — гучаць словы вядучых.
Цікавым і пазнавальным было завочнае падарожжа па Белавежскай пушчы. Дарэчы, 2009 год паводле рашэння ЮНЭСКА аб’яўлены годам Белавежскай пушчы, а юбілей гэтага унікальныга прыроднага комплексу ўключаны ў спіс памятных дат чалавецтва.
З цікавасцю слухалі хлопчыкі і дзяўчынкі карысную інфармацыю пра дзяржаўную сімволіку нашай краіны. Пранікнёна прагучалі вершы беларускіх паэтаў пра родныя мясціны, той край, што мілы і дарагі кожнаму чалавеку.
Да слова, да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “У Белавежу ўвайдзі, нібы ў храм”. Бібліятэкар абанементу Наталля Генадзьеўна Герасіменка зрабіла агляд выставы і пазнаёміла вучняў з прадстаўленай тут літаратурай.
Святлана Місачэнка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK