Бусел-падпасак

З назіранняў


Восенню мне даводзіцца часта ездзіць з Лоева на малую радзіму — у пасёлак Барэц. Некалькі разоў бачыў каля статка Мохаўскай малочнатаварнай фермы бусла. Спачатку падумаў, што здарыўся нейкі падман зроку, і я прыняў кавалак поліэтыленавай плёнкі за сілуэт чорна-белага бусла. Аднак гэты прадмет рухаўся, павольна мяняў сваё месца. Ужо быў канец верасня. Пахаладала. Здзівіла тое, што гэтыя птушкі заўсёды накіроўваюцца ў Афрыку звычайна 19-20 жніўня. Нешта ж перашкодзіла яму ляцець у вырай!
І вось 2 кастрычніка, з раніцы, я накіраваўся ў Мохаў, каб высветліць загадку. Дуў моцны, пранізлівы вецер. Неба паступова зацягвалася суровымі цёмна-сінімі хмарамі. У аддаленні ад кароў стаяў згорблены ад холаду бусел. На тую хвіліну ён не падаваў ніякіх прыкмет жыцця.
Я разгаварыўся з мясцовым пастухом — Іванам Аляксеевічам Максіменкам, маўляў, у чым справа, што птушка не падпарадкавалася шматгадовым інстынктам і не рушыла ўчасна ў далёкую дарогу?
— Бусел гэты прыбіўся да нас даўнавата. Чамусьці птушкі не прынялі яго ў стаю. Вось і ходзіць ён тут, вышуквае спажыву.
 — А вы яго чым-небудзь падкормліваеце?
— Ды не. Ад нас ён нічога не бярэ. Прылятае з раніцы і тупае паблізу кароў.
— Можа птушка траўміраваная?
Іван Аляксеевіч адказаў, што такога не заўважаў. Бусел заўсёды трымаецца ў некалькіх метрах ад кароў. А калі яму патрэбна, заходзіць нават у статак. Каровы рухаюцца, ад іх ног адскокваюць спалоханыя лягушкі. Птушка імі і падмацоўваецца, хапаючы доўгай дзюбай.
Іван Аляксеевіч думае, што пры наступленні вялікіх халадоў і бяскорміцы лёс птушкі можна прадказаць — падняўшыся ў вышыню, ён разаб’ецца, кінуўшыся кулем на зямлю.
Падобныя прагнозы мяне моцна засмуцілі, стала неяк балюча на душы. Птушку, якая адчула ўжо адзіноту і, напэўна, нейкую крыўду на сваіх сародзічаў, я пра сябе назваў буслом-падпаскам. Ён хоць і не можа дапамагчы пасвіць кароў, як, напрыклад, сабака, але статак не пакідае — прывязаўся да чацвераногіх рагатых істот.
Памятаецца, ў мінулыя гады ў Лоеўскай сярэдняй школе імя А.В. Казлова ў цяпліцы зімаваў бусел, якога падкармлівалі вучні і тэхнічныя работнікі. Чаму б нашым навучальным установам не ўзяць такое ж шэфства і над птушкай, якая зараз аказалася ў бядзе? Думаецца, пра лёс бусла павінна паклапаціцца і раённая інспекцыя па ахове навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Праўда, мой субяседнік засумняваўся, што птушцы можна даць надзейны догляд, бо яна ўзлятае пры набліжэнні чалавека. Але хіба гэтае пытанне такое ўжо невырашальнае? Дапусцім, што зіма сёлета будзе мяккай, з адлігамі, і птушка неяк перанясе халады, але ж доўгай бяскорміцы ёй ніяк не вытрымаць.


М. Мельнічэнка, ветэран журналістыкі, аматар прыроды.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK