Сюжэты падказалі чытачы

“ЛІМІТ”


Гадзіннік прабомкаў поўнач, затым першую, другую, трэцюю гадзіну, а сон да Ганны ўсё не ішоў. Ужо каторую ноч ёй не спіцца — пэўна, якраз з таго дня, калі надумалася выбрацца на выхадныя ў горад, у госці да дачкі. Здавалася б, і клопат той невялікі: з гаспадаркі адзін парсюк ды кот і засталіся. Але ж і іх шкада — таго й глядзі, загубіць, заморыць няшчасных гэтае бяспуцце. Ганна ледзь не з усяе сілы тузанула ў бок Васіля, які ад гэтай жончынай “ласкі “ і вухам не павёў.“У-у, зладзей, глянь, і клопату яму ніякага, — нядобра ўсміхнулася жанчына. — Усё сапе, храпе, ротам чамкае. Відаць, і ў сне чарку прыкусвае”. У адказ той толькі павярнуўся на спіну і захроп яшчэ гучней. А няшчасная кабета і да раніцы вачэй не самкнула. Ад цяжкіх думак-разваг, здаецца, яшчэ больш стамілася, нарэшце не вытрымала, паднялася, стала збірацца ў дарогу. Праз гадзіну-паўтары ўжо штурхала незадаволенага Васіля:
— Падымайся, немач. Як-ніяк за гаспадара на тры дні застаешся. Дык глядзі ж, каб усё добра было, не толькі пра сваё горла дбай — коцік жа ў хаце, парсючок у хлеўчуку, дагледзь па-людску, не замары голадам.
— Скажа ж вось такое, абы толькі ўкусіць, — незадаволена буркнуў у адказ гаспадар. — Што там даглядаць? Ці ж я кабана не накармлю? Знайшла мне клопат. А кот? Што сам буду есці, тое і яму перападзе. Не згінем тут без цябе, не бойся.
І ўсё ж на сэрцы ў Ганны было неспакойна. А Васіль?.. Не паспела жонка выйсці за парог, як ён тут жа падхапіўся, хуценька ўсцягнуў штаны, світку, уткнуў ногі ў стаптаныя чаравікі і кінуўся “завіхацца” па гаспадарцы. Спачатку адно за другім дастаў з падполля тры вядры бульбы —дзе ў карыта, дзе за карыта высыпаў яе, сырую, парсюку:
— На вось табе, ненажэра, жуй, толькі помні: гэта твой ліміт. Сам цяпер глядзі, справа твая: хочаш за дзень усё з’ядай, хочаш — на тры расцягвай, але мяне больш не кліч. У мяне трохдзённы водпуск, канікулы, зразумеў?..
“Разабраўшыся” з кабанчыкам, вярнуўся ў хату, абпаласнуў рукі, пералічыў грошы, пакінутыя Ганнай на хлеб з малаком, і адчуў сябе сапраўды шчаслівым. Падумаць толькі: тры дні сам сабе гаспадар — ні турбот табе, ні клопатаў, ні жонкі-язвы пад бокам. Свабода! Як тут не скарыстацца такой магчымасцю? Нядоўга думаючы, забыўшыся нават світку чысцейшую апрануць, як быў пашыбаваў на “точку”, да Мітрафанаўны… Тры дні гуляў, не “прасыхаючы”.
Але ўсё добрае хутка заканчваецца — падыйшлі да завяршэння і Васілёвы “канікулы”. Праўда, сам ён, бедалага, гэтага і не заўважыў. А вось Ганну, калі яна вярнулася з гасцей, чакаў сапраўдны “сюрпрыз”. Толькі рыпнула-адазвалася за ёю фортка, як дзіка заверашчаў у хлеўчуку галодны кабанчык. Зазірнула да яго, аж сэрца зайшлося — здохнуць не здох, але не тое што ад бульбы, ад самога карытца мала што засталося. Яшчэ весялейшая карціна чакала кабеціну ў хаце: яе боўдур-Васілёк, абняўшы амаль пусты літровы бутлік з сівухай, спаў проста за сталом. Побач, вакол трохлітровага слоіка, круціўся няшчасны кот: бакі ажно ўхліплі, морда і лапы ўсе ў расоле — вытарашчыўшы вочы, ён з дзікім выглядам дагрызаў кіслы агурок, аж вушы ходарам хадзілі. Пэўна, гэта быў яго, коцікаў “ліміт” на ўсе тры дні Васілёвых “канікулаў”.


 СРОДАК АД УСІХ ХВАРОБ


Пасля вайны Ліпнякі былі амаль цалкам знішчаны фашыстамі. Але цётцы Валянціне пашанцавала — яе хацінка ўцалела. І хаця ў самой жанчыны чацвёра дзетак на руках, і так павярнуцца няма дзе, але ж у цеснаце, кажуць, не ў крыўдзе — дала прытулак і сваёй родзічцы Настассі з двума малымі. Неяк і жылі разам, мірыліся, дзеці на печы спалі, жанчыны — побач, на палку. Аж раптам занядужала цётка Валянціна, моцна прыхапіла яе — кашаль душыць, горла сцяла, гарачка пячэ. І ўсё ж, пакуль магла, не саступала ніякім угаворам пакінуць справы, пералежаць хваробу — усё тапталася па хаце, старалася нешта рабіць, пакуль ужо і з рук усё валіцца не пачало. Тады толькі здалася, легла на палок, доўга варочалася, пакуль нарэшце не змарыў яе сон.
А дзеці — ёсць дзеці: не суняць, не супакоіць, таўкуцца на жарка напаленай печы, галдзяць, валтузяць адзін аднаго, пакуль, у рэшце рэшт, не сапхнулі ўніз самага меншага, Настассінага Валодзьку. Малы як сядзеў скраечку, так і паляцеў старчма на палок — якраз на цётку Валянціну і грукнуўся. Тая, хворая, паўжывая — да гэтага, здавалася, ледзь дыхала, а з перапуду і болю аж падскочыла:
— Ой, што гэта? Хто гэта? Паганцы малыя, і памерці спакойна не дадуць!..
Не менш за яе перапалохаўся і сам малы, хапаючыся то за ўмомант пасінелы гузак на ілбе, то за плячо, ён гучна верашчаў, і гэта прывяло няшчасную цётку ў яшчэ большую ярасць:
— Настасся, сіл маіх няма больш! Як сабе хочаш, а Валодзьку свайго, паршыўца такога, гані прэч на вуліцу, інакш усіх выстаўлю. Тут і так душу выварочвае, дык яшчэ і паганец гэты ледзь не забіў, аж да смерці напалохаў…
— Валечка, родненькая, ты што ж гэта такое кажаш? — Настасся нават разгубілася спачатку, вусны яе ў крыўдзе затрымцелі, на вочы навярнуліся слёзы. — Як жа гэта я дзіця малое на мароз выганю? Дый за што? Ён жа, няшчасце горкае, і сам ледзь не забіўся. А тое што цябе перапалохаў, дык не толькі ж цябе, а і хваробу тваю — вось і не заўважыш, як на папраўку справы твае пойдуць… (у роспачы бедная маці гатова была за саламінку ўхапіцца).
— Ты, Насцечка, гэта сур’ёзна? Не смяешся? — недаверліва ўскінула на сяброўку вочы Валянціна.
— Яшчэ пытаеш… Канешне, сур’ёзна, вось сама хутка пабачыш…
— Дык ты тое, Валодзечка. Залазь, дзіцятка, на печ ды давай яшчэ разок — каб ужо точна падзейнічала.


 “ПАД’ЕХАЎ”


Некалі яшчэ даўней жыў у Страдубцы дзядзька — Віктарам яго звалі, выпіць любіў дужа, а пасля — падурэць, пасмяяцца з каго. Да таго ж, “вынаходнік” быў такі, што і з пекла, як кажуць, назад дамоў сцежку знайшоў бы. А тут здарыўся такі выпадак, што гэты яго “талент” якраз і спатрэбіўся.
Не ведаю, па якіх-такіх справах, але занесла нячыстая дзядзьку ў той дзень у Гомель. Хадзіў-блукаў ён па горадзе аж да самага вечара, зазірнуў у нейкую кавярню, пасля ў буфет, а неўзабаве “наблукаўся” так, што ногі ўжо не трымалі. Здавалася б, самы час збірацца назад, у сваю Страдубку, а тут ліха такое — грошай у кішэнях ні рубля. Ці і сапраўды ўсе прапіў, ці згубіў, ці выцег хто ў разеўкаватага гулякі — невядома, але дзядзька быў упэўнены — грошы ўкралі, да таго ж і ў вёску дабірацца неяк трэба, таму, нядоўга думаючы, ён пашыбаваў прамесенька ў міліцыю.
Праўда, чым бліжэй падходзіў да аддзела, тым больш слабела яго надзея на тое, што хто-небудзь паверыць яму, пьяненькаму, і згодзіцца хоць чымсьці дапамагчы. Рашэнне асяніла яго раптоўна, як гром сярод яснага неба. Гэтак жа імкліва і рашуча ён падыйшоў да акенца дзяжурнага:
— Я ведаю дзядзьку, у яго аўтамат ёсць, — выпаліў сур’ёзна, цвёрда, не вагаючыся.
— Вы адкуль? — гэтак жа сур’ёзна запытаў яго міліцыянер.
— Са Страдубкі, і дзядзька адтуль жа.
Паклікалі яго ў кабінет, аформілі нейкія паперы. Часу на зборы аператыўнай групе спатрэбілася няшмат. Гэтак жа хутка даімчалі і да вёскі. Час быў ужо даволі позні, а тут яшчэ хмары неба завалаклі, на вуліцы цемень — хоць вока выкалі. На ўездзе ў Страдубку машына збавіла хуткасць, нетаропка пакацілася па вуліцы.
— Вось тут, каля помніка спыніцеся. Я пакажу, — штурхнуў аднаго са сваіх праважатых дзядзька Віктар.
Спыніліся, выйшлі.
— А вось і ён, дзядзька з аўтаматам, — хуценька выпаліў хітры гуляка і шпарка мыскануў у цемру.
Разгубленыя ад такога нахабства міліцыянеры толькі яго і бачылі — пакруціліся-пакруціліся (прозвішча ў аддзеле прайдзісвет назваў чужое) ды так ні з чым і паехалі назад. А дзядзька пра свае гомельскія прыгоды расказваў пасля ледзь не кожнаму сустрэчнаму.


ТАВАРЫ — НА ЛЮБЫ ГУСТ


Гэтую сцэну давялося неяк назіраць у адным з вясковых магазінаў нашага раёна. Людзей у чарзе было нямнога, хутка і яны хто з буханкай хлеба, хто яшчэ з якой пакупкай разыйшліся, калі на парозе з’явілася пара — мужчына і жанчына. Абодва, па ўсяму відаць, не мясцовыя, гарадскія — шыкоўна апранутыя, пры грашах. Мабыць, да бацькоў у вёску прыехалі. Крытычна разглядваючы тавары на прылаўках, мужчына раптам затрымаў погляд на ліпкай ленце, амаль поўнасцю аблепленай мухамі:
— А мухі ў вас яшчэ прашлагоднія ці сёлетнія, свежыя? — запытаў з насмешкай прадаўшчыцу.
— А вы іх што, можа, браць будзеце? — здзіўлена ўзняла яна вочы на пакупніка.
Больш пытанняў у таго не знайшлося.


Сюжэтамі сваіх гісторый падзяліліся: жыхарка вёскі Страдубка Т.М. Краўчанка і лаяўчанка С. В. Ігнаценка. Пераказала іх для вас Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK