Ты прыйдзеш сюды зноў

… Агорнутыя ў восеньскую лістоту дрэвы мякка і пяшчотна ахутвае туман. Неба цалкам белае. Дзьме лёгкі ветрык, які калыша вільготнае ад нядаўняга дажджу лісце дрэў. Часам з галінак зрываюцца цяжкія кроплі і, пабліскваючы ў паветры, падаюць на зямлю, пакрытую залаціста-аранжавым дываном.
Калі ідзеш па лесе, паміж дрэў, якія амаль скінулі сваё летняе адзенне, і зрэдку дакранаешся да іх вільготных ствалоў, здаецца, нібы вітаеш старых сяброў. Пад нагамі ціха шамаціць апалае лісце. Яно, як лапікавая коўдра, пакрывае ўсё ў ляску, усе сцяжынкі і дарожкі. Быццам хтосьці невядомы ахутаў зямлю, спрабуючы сагрэць яе перад зімой, якая не дасць сябе доўга чакаць.
Стаіць абсалютная цішыня. Толькі зрэдку дзесьці трэсне галінка або пырхне спалоханая кімсьці птушка.
Звычайная восень. Звычайны жаўтавата-чырвоны лес…
Як жа часам хочацца адарвацца ад усёй жыццёвай мітусні і схавацца дзе-небудзь у такім некранутым цывілізацыяй кутку. Пабыць сам-насам з прыродай, палюбавацца яе прыгажосцю…
Пэўна, у кожнага чалавека на зямлі ёсць месца, куды ён можа прыйсці ў хвіліны адчаю і журботнасці. Месца, дзе ён можа пабыць у адзіноце са сваімі думкамі, вылечыць душу. Для многіх такое месца — лес… Восеньскі лес… Прыходзіш сюды, калі табе зусім дрэнна і цяжка. Ён напаўняе сваёй цішынёй і спакоем. Адразу ж становіцца лягчэй… З душы нібы спадае цяжкі груз…
Калі заплюшчыш вочы, з’яўляецца такое адчуванне, нібы, апускаючыся ў свет ціхіх лясных гукаў, паступова зліваешся з імі. І здаецца, быццам цябе і няма зусім. Цялесная абалонка нібыта растае, і ланцугі, якія трымалі цябе, знікаюць. Такое пачуццё, што яшчэ трошкі, і ўзляціш да самых вяршынь гэтых векавых елак, насустрач празрыстай далечыні… У парыве гэтага невымоўнага адчування ты нібы адрываешся ад зямлі і падымаешся да самых нябёсаў…
Дробны дождж прыпыніў сваю нудную мелодыю. Ты павольна ідзеш па сцяжынцы. Трэба вяртацца. Але ніколі, што б ні здарылася, ты не забудзеш дарогу сюды, у гэты нерукатворны храм, створаны прыродай. І праз нейкі час абавязкова вернешся. Пройдзеш некалькі крокаў па сцяжынцы, спынішся і скажаш яму: “Добры дзень… Вось і я”. І ён з радасцю прыме цябе… Цямнее… Зноў пачынаецца дожджык. Сонца, якое так і не выглянула з-за хмар, павольна заходзіць за гарызонт…


Святлана Мікалаева.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK