Перамагаюць сіла і майстэрнасць

Тэніс


Кожны ведае, што заняткі фізічнай культурай дадаюць нашаму паўсядзённаму жыццю і бадзёры настрой, і, што немалаважна, моцнае здароўе. Ведаць — ведаем, а вось толькі ці заўсёды памятаем аб гэтым? Дарослыя часам забываюць нават аб ранішняй зарадцы, не гаворачы ўжо пра сістэматычныя заняткі. А вось дзеці, наадварот, з задавальненнем займаюцца фізкультурай. Для гэтага ў навучальных установах нашага раёна створаны ўсе ўмовы — ёсць і неабходнае абсталяванне, і людзі, якія прысвяцілі жыццё гэтай справе. І гэта дае свае вынікі. Не аднойчы юныя спартсмены Лоеўшчыны займалі прызавыя месцы на абласных спаборніцтвах. А вось каб выявіць лепшых, тых, хто будзе адстойваць гонар раёна, праводзяцца спаборніцтвы мясцовага ўзроўню. 9 снежня на базе сярэдняй школы ім. А. В. Казлова прайшлі спаборніцтвы па настольнаму тэнісу ў залік ХХІІ спартакіяды сярод навучэнцаў школ. Змагаліся шэсць каманд базавых і сем — сярэдніх школ. Каманды складаліся з юнака і дзяўчыны, 1995 года нараджэння і маладзей. Як адзначыў суддзя спаборніцтваў Віктар Верамеенка, з самага пачатку пайшла цікавая і захапляльная гульня. Кожны юны тэнісіст імкнуўся выйграць і прынесці ў скарбонку сваёй каманды больш ачкоў, таму што пераможца сярод школ вызначаўся па суме набраных балаў.
Толькі апошні тур вызначыў лідэраў. Трэцяе месца сярод сярэдніх школ заняла Ручаёўская, другое — Суткоўская, а чэмпіён — Уборкаўская СШ. А вось сярод базавых навучальных устаноў месцы размеркаваліся наступным чынам: першая прыступка п’едэстала — за камандай з Крупеек, другая — за Нова-Баршчоўскімі спартсменамі, а на трэцюю падняліся Малінаўскія тэнісісты.
Пасля камандных было разы-грана асабістае першынство. Сярод дзяўчат трэцяе месца заняла Вольга Пупач з Ручаёўскай СШ, другое — Вераніка Новік з Крупеек, а чэмпіёнкай стала Ангеліна Мядзведзева з Уборкаўскай школы. А вось у юнакоў на трэцім месцы замацаваўся вучань Уборкаўскай СШ Аляксандр Сіраж, другім стаў Яўген Верамеенка з Крупейскай школы, а першым — Дзмітрый Суржык з сярэдняй школы ім. А.В. Казлова.
Усе пераможцы ўзнагароджаны граматамі раённага аддзела адукацыі.
Як адзначыў Віктар Сцяпанавіч, у гэты дзень пасля спаборніцтваў сярод школьнікаў пачаўся турнір па настольнаму тэнісу сярод прадстаўнікоў прафсаюзнай арганізацыі раённага аддзела адукацыі. Патрэбна сказаць, што ні адзін удзельнік не змог прайсці турнір без паражэння. І вось падлік ачкоў. Трэцяе месца займае настаўнік Нова-Баршчоўскай школы Сяргей Сізянкоў, другое — за Васілём Каваленка з Малінаўкі, а вось чэмпіёнам у чарговы раз становіцца Сяргей Максіменка, настаўнік раённай гімназіі. Хацелася б адзначыць і настаўніка-ветэрана СШ ім. А.В. Казлова Васіля Крупейчанку, які паказаў вельмі добрую гульню і застаўся на крок ад п’едэстала.


Святлана Місачэнка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK