Цікавае побач з намі

Птушкам — сталоўка, сабе — уцеха


Вось такую цікавую забаву прыдумаў для сваіх малых дзетак жыхар гарпасёлка Юрый Бухавец. Матэрыялам для птушынай сталоўкі паслужыла звычайная пластыкавая бутэлька з-пад пітной вады, а астатняе — уласнае жаданне, фантазія і ўмелыя рукі. Вядома, што ў такую шчодрую на снег зіму як сёлетняя гэтая кармушка аказалася зусім не лішняй. Даволі хутка аблюбавалі яе і вераб’і, і сінічкі — яны ахвотна ласуюцца ўсім, што прапануюць ім гаспадары кватэры, а тыя маюць магчымасць не толькі ўволю назіраць за сваімі крылатымі гасцямі, а і рабіць вось такія цікавыя фотаздымкі. (Фота Ю. Бухаўца).


Жыві, расці, бярозка беластволая!


ідаць, з такімі думкамі-пажаданнямі абнаўляў агароджу вакол свайго домаўладання адзін з жыхароў вёскі Бывалькі. Хоць і перашкаджала яна яўна рабоце, але не паднялася, пэўна, рука ў чалавека, каб ссекчы такую прыгажосць. У сакавіку беластволая красуня-бярозка шчодра напоіць свежым духмяным сокам, у летнюю спёку затуліць цяньком ад няшчадных сонечных промняў, узімку прымусіць моцна калаціцца сэрца ў захапленні, калі кожная яе танюткая галінка ўкрыецца дрыготкім звонкім срэбрам шэраню. Не год, не два і нават не дзесяць расла яна тут, побач з хатай, штогод радуючы і цешачы сваіх гаспадароў. Прывыклі, а адмовіцца ад такой звычкі няпроста…  (Фота В. Калядзенка).


Язык да Кіева давядзе, а цікаўнасць?…


Доўгі язык, кажуць, да Кіева давядзе. Але, як аказалася, не менш цікавым праваджатым можа стаць і празмерная цікаўнасць. Ва ўсялякім выпадку гэтыя два козлікі, а таксама некаторыя жыхары пяціпавярхоўкі, што размешчана па вуліцы імя Шэвелева гарпасёлка, не так даўно змаглі пераканацца ў гэтым. Непрыкрытыя кімсьці дзверы, ну і, вядома ж, цікаўнасць жывёлін завялі іх ажно на другі паверх дома. Менавіта адтуль яны і ківалі галовамі ў акно прахожым, якія, смеючыся, сабраліся ўнізе, разглядвалі і нават фатаграфавалі гэтую дзіўную парачку. (Фота В. Кацубы).


Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK