Літаратурная гасцёўня

Уладзімір ШПАДАРУК


 ***
Калі не я, дык хто тады
Цябе, бярозка, прыгалубіць,
Хто прыгажосць тваю прыгубіць
І сум суцешыць малады?
Хто разбярэ птушыны спеў
І хто пачуе крык птушыны?
Калі не я, дык хто, скажы мне,
За зоркай здолее паспець?
Што адрываецца ўначы
Ад надакучлівага неба?
Хто з наваколлем памаўчыць,
Калі такая ёсць патрэба?
Усё далей ляцяць гады,
Назад не вернуцца аднойчы.
І я праводжу ў шлях іх моўчкі,
Калі не я, дык хто ж тады?


Ты — такая
Ты пра сябе не думаеш спярша.
Ты першым чынам думаеш пра тых,
Каму яшчэ гарчэй у гэты міг,
Чыя баліць, пакутуе душа.
Ты пра сябе не думаеш спярша.
Ты пра сябе не думаеш спярша,
Такая ўжо радзілася на свет.
Дык хай жа доўга цягнецца той след
І не прыліпне да яго імжа.
Ты пра сябе не думаеш спярша.
Ты пра сябе не думаеш спярша,
І, што цікава, Бог табе дае
Усё тое, чаго іншым не стае:
Цярплівасці, любві на кожны шаг.
Ты пра сябе не думаеш спярша.


***
На чым трымаецца зямля?
На добрых справах міласэрных,
Што не прыходзяць спакваля,
Тым больш у колькасці мізэрнай.
На чым трымаецца любоў?
На шчырых, велічных пачуццях,
Калі не трэба нават слоў,
А толькі позірк цёплы, чулы.
А я трымаюся ў жыцці
На неспакоі і надзеі,
Каб мае ўзлёты і падзенні
Дапамагалі мне расці
І шляхам праведным ісці.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK