ПЛЁТКІ ПЛЕСЦІ — НЕ ВУЛІЦУ МЕСЦІ

Замалёўкі з натуры


Мілу пакінуў муж. Якраз за тыдзень да Новага года. Сабраў рэчы ў адну сумку, сеў у іх чырвоны “Форд”, і толькі яго й бачылі. Хто ведае, што рабілася ў душы жанчыны пасля такога “падарунка”? Ды не з тых Міла, хто “раскісае” перад няўдачай, доўга лле слёзы ў першую, што трапіцца, камізэльку. Не стала яна ні рукі ламаць, ні жаліцца ўсім і кожнаму. Дзень прайшоў, другі, а нават плёткі па вёсцы не пайшлі. Ведала пра ўсё толькі суседка жанчыны і лепшая яе сяброўка Ірына. Вядома ж, маўчала і яна. Праўда, заходзіць да Мілы стала часцей, і тая літаральна за тры дні да свята прапанавала:
— Новы год — ёсць Новы год. Свята. Будзе яно і ў мяне, і ў маіх дзяцей. Неяк на днях брат дваюрадны з Масквы тэлефанаваў, Андрэй, набіваўся ў госці на святы. Думала неяк выкруціцца, адмовіць, але ж не, няхай прыязджае, будзе весялей. І ты з сям’ёй прыходзь. Разам Новы год і сустрэнем.
Запрашэнне Ірына прыняла не з жаласці — якраз гэтае пачуццё яе сяброўцы ніколі не было патрэбна — і нават не для таго, каб падтрымаць Мілу ў такі няпросты для яе момант. Гэтае свята яны сустракалі разам ужо не адзін год, звыклі і самі, і дзеці. Да таго ж, Ірына проста не ўяўляла сабе навагоднюю ноч без традыцыйнай весялухі-Снягуркі, роля якой заўсёды адводзілася менавіта Міле. Чырвонаносым Марозам (вырашылі аднагалосна) будзе яе брат Андрэй — раз сам напрасіўся. Святкаваць — дык святкаваць.
Менавіта ў гэты ж дзень па вёсцы пранесліся першыя хваляванні — куды ж падзеўся Антон? “Паніку” ўзняў яго таварыш, Мікола, на тэлефонную прапанову якога арганізаваць традыцыйную пераднавагоднюю лазню Антон адказаў коратка: “Не хутка мы разам парыцца будзем. Калі толькі ўвогуле давядзецца…”. І павесіў трубку.
— З чаго б гэта яму заяўляць такое? — паціскаў плячыма Мікола, размаўляючы з жонкай.
З яе ж лёгкай рукі ўжо праз некалькі хвілін над гэтым пытаннем разважала ўся вёска. Здагадкі сыпаліся, як з кораба: можа, на заработкі падаўся, вунь жа машыны яго ўжо даўно каля хаты не відаць? А можа, “заляцеў” — пасадзілі? Ці захварэў сур’ёзна, у бальніцы ляжыць, паміраць сабраўся?
— Чаго хароніце чалавека загадзя? — ківала каля калодзежа галавой цётка Таццяна. — Пэўна, да маці паехаў, яна ў брата яго старэйшага, у горадзе, апошнія дні дажывае.
— А чаго тады было так заяўляць: не хутка, маўляў, сустрэнемся, калі ўвогуле давядзецца? — запярэчыла мясцовая паштарка Антаніна. — Не, яўна не проста так сабе сказаў гэта Антон. Штосьці тут не так. І бач ты, маўчаць абое — і ён, і Міла. Да тае ўвогуле не падыдзі — ганарліўка, фанабэрыцца. Увек не раскажа.
— А цікава ж ўсё-такі, — падтрымалі яе іншыя жанчыны. — Што б там такое магло здарыцца? Можа, разышліся яны з Антонам, тады чаму? Мо пасварыліся, а мо іншую знайшоў?
Прайшоў дзень, заняўся другі, затым трэці, а ніякіх прасвятленняў у “справе Глечыкаў” (менавіта такое прозвішча насілі Антон і Міла) так і не з’явілася. Здавалася, уся вёска толькі і жыла адным-адзіным клопатам: даведацца, што ж на самай справе здарылася ў гэтай сям’і?
У пошуках адказу на гэтае пытанне аднавяскоўцы мала-памалу пачалі пратоптваць сцяжынку ў Ірыніну хату.
— А мне адкуль ведаць? У Мілы я не цікавілася, — паціснула тая плячыма, калі на яе парог ступіла першая наведвальніца — Міколава жонка, Ганна. Не саступіла яна і іншым яе хітрыкам і распытванням. Але калі каля Мілінай хаты з’явілася надзвычай прыгожая серабрыстая іншамарка (пэўна, прыехаў яе брат), і ўслед за Ганнай літаральна “пачкамі” да Ірыны пацягнуліся іншыя цікаўныя, ды з такім абуральна-надакучлівым нахабствам , што дзверы ў яе хату бразкалі ледзь не кожныя паўгадзіны, жанчына не вытрымала — пайшла да Мілы.
— Ты, канешне, выбач мяне, сяброўка, але, калі на тое будзе твая ласка і згода, то на мае дзверы самы час шыльду вешаць і грошы зарабляць, — з горкай усмешкай заявіла яна суседцы.
— Якую шыльду? — не зразумела Міла. — Якія грошы?
— “Бюро даведак”. Самая на сённяшні дзень была б прыбытковая справа.
 — Якое бюро? Ты пра што?
— Ды пра вашу з Антонам гісторыю. Пра што ж яшчэ? — горка ўсміхнулася Ірына. — Не ведаю, адкуль што пайшло, але мне, нягледзячы на завею, сцяжынку да хаты чысціць не патрэбна — утапталі так, што да наступнай восені не растане. Упэўнена, кожны, хто заходзіў, грошы б заплаціў нават, каб даведацца, куды гэта і з якога дзіва твой Антон падзеўся, што за іншамарка ў цябе пад хатай з’явілася. Можа, падкажаш, што мне, бедалажнай, адказваць гэтай “прэс-канферэнцыі”? А то сіл ужо няма.
Насуперак Ірыніным перажыванням і боязі засмуціць сяброўку, яна пачула гучны Мілін смех, а затым — “блаславенне”. Маўляў, давай, расказвай праўду, а то такой “шубай” абрасце гэтая гісторыя, што яшчэ горш будзе.
— А “прыбытак ад “камерцыі” — папалам, — з напускной грознасцю заявіла яна Ірыне напаследак. — Можа, справа і сапраўды прыбытковая… Глядзіш, якраз і сабе па іншамарцы купім.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK