Дзе бруілася крыніца ці Помнік язычніцтва і хрысціянства

Лоеўшчына унікальная


Колькі ўжо гадоў прыязджаю на чароўную лоеўскую зямлю і не перастаю здзіўляцца: што ні год, то новыя адкрыцці, сенсацыі. Як вядома, Лоеўскі раён вельмі багаты на помнікі археалогіі. А вёску Мохаў ведае кожны паважаючы сябе гісторык краіны.
Летам 2009 года ў чарговы раз удзел у даследаваннях каля Мохава працягвала сумесная экспедыцыя ГДУ імя Ф.Скарыны і Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” (ГААГА “БДТАПГК”) пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, археолага А. Макушнікава і старшага выкладчыка гэтага ж універсітэта, намесніка старшыні ГААГА “БДТАПГК” В. Сычова. Тут працавалі члены навуковага аб’яднання ТАмГА (Таварыства аматараў гісторыі і археалогіі), якое дзейнічае на гістарычным факультэце ГДУ імя Ф.Скарыны, студэнты і навучэнцы, школьнікі і краязнаўцы з розных гарадоў вобласці і рэспублікі. У гэты час на тэрыторыі Лоеўскага раёна павінны былі ўстанаўліваць ахоўныя знакі на помніках археалогіі. Да нашай экспедыцыі звярнулася кіраўніцтва раёна з просьбай дапамагчы з месцам вызначэння археалагічных помнікаў. Так, у адзін з ліпеньскіх дзён разам з навуковым супрацоўнікам музея бітвы за Днепр В. Краўцовай і старшынёй Каўпенскага сельвыканкама В. Анісавец паехалі па тэрыторыі сельсавета. Доўга шукалі гарадзішча ля в. Шчытцы і не знайшлі яго там. Вольга Васільеўна прапанавала заехаць да каплічкі. Хуценька даехалі да капліцы. Прыехалі. Вольга Васільеўна і Вольга Іванаўна расказалі гісторыю, звязаную са з’яўленнем тут іконы.
Я вырашыў прайсці крыху далей і метраў праз 30 нечакана пабачыў вал. Усё стала зразумела: знайшлося гарадзішча, якое мы шукалі. Датуецца яно перыядам ранняга жалезнага веку (VI-II ст. да н.э.), якое ў дакументах пазначана так: “в.Шчытцы, 2 км на поўнач, урочышча Гарадок”.
Я пахадзіў па невялікім гарадзішчы, прайшоў далей і апынуўся ўжо на самым краі тэрасы. Адсюль быў бачны шырачэнны шпаркі Дняпро. Дарэчы, у спісе быў пазначаны яшчэ адзін археалагічны помнік: “Сляды селішча і грунтовага могільніка (перыяду ранняга жалезнага веку) в. Шчытцы, за валам гарадзішча”. Селішча і грунтовы могільнік знаходзіцца якраз, дзе стаіць капліца. Уявіце сабе, тут людзі жылі каля 3000 гадоў таму і, як вы разумееце, былі язычнікамі. Маліліся мноству багоў. Магчыма на месцы цяперашніх капліц раней было паганскае капішча. Яшчэ адно пацвярджэнне таго, што святое месца пустым не бывае, — гэта крыніца, каля якой я пабачыў новыя кольцы. Вольга Васільеўна сказала, што іх купілі, і людзі знайшліся, якія будуць іх усталёўваць, але раптоўна вада перастала тут бруіцца. Можа, менавіта тут было язычніцкае свяцілішча, звязанае з культам вады! Дарэчы, з культам вады было звязана мноства народных свят, якія суправаджаліся купаннем ці абліваннем. У Старажытнай Русі свяшчэнныя крыніцы звязваюць з культам багіні Макошы, а пасля прыняцця хрысціянства яны перайшлі пад заступніцтва св.Параскевы Пятніцы.
Даследчыкі адзначаюць, што аж да XX ст. людзі прыносілі ахвяры рэкам і крыніцам, павязваючы на кустах і дрэвах ручнікі ды фартушкі. Усё гэта — перажыткі язычніцтва ці працяг язычніцкіх традыцый. Але вада адыгрывае ключавыя рытуальныя функцыі і ў хрысціянстве: асвечаная вада — аснова абраду хрышчэння; святая вада абараняе ад нячыстай сілы. Нельга забываць пра тое, што пасля прыняцця хрысціянства царква вымушана была прыстасоўваць язычніцкія святы да сваіх мэт, многія крыніцы набылі функцыі прошчаў (месцаў паломніцтва).
…Паміж Шчытцамі і Крупейкамі, каля капліц, там дзе некалі бруілася крыніца і зараз ляжаць кольцы, уніз да абрыву ідзе раўчук, і хоць ужо колькі не цурчыць тут вада, я ўсё ж пабачыў яе і пачуў. І цяпер яна аддае сваю даніну сівому Дняпру. Пакаленні людзей заўсёды бераглі і захоўвалі памяць аб сваіх продках. Паўтаруся яшчэ раз: “Святое месца пустым не бывае”.
Вось такое месца ёсць на лоеўскай зямлі: два археалагічныя помнікі — гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку, сляды селішча і грунтовага могільніка; помнік хрысціянства, а таксама, будзем лічыць, што дзесьці тут, пад зямлёй, засталіся сляды язычніцкага свяцілішча — рэлігійнага помніка тых старажытных часоў. Зараз так важна захаваць гэты каштоўнейшы скарб Лоеўшчыны, гэты ўнікальны помнік — помнік, дзе сышліся дзве сусветныя рэлігіі. А захаваць яго можна толькі працягваючы слаўныя традыцыі продкаў: прыходзіць сюды, маліцца, не забывацца пра гэта святое месца. І тады для ўсіх, хто прыходзіць сюды, абавязкова забруіцца крыніца і напоіць жывой вадой.


Вадзім Лось, студэнт 5 курса гістарычнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, старшыня ТАмГА, член прэзідыума ГААГА “БДТАПГК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK