Служэнне Госпаду і народу

Духоўнае адраджэнне


21 сакавiка 2010 года спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Фiларэта, дзеяча праваслаўнай царквы на Беларусi, Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусi, Героя Беларусi.


У навейшай гiсторыi праваслаўнай царквы важнае месца займае рэлiгiйны i грамадскi дзеяч, стваральнiк i кiраўнiк Беларускай праваслаўнай царквы, мiтрапалiт Фiларэт (свецкае iмя Кiрыла Варфаламеевiч Вахрамееў). Нарадзiўся мiтрапалiт Фiларэт у Маскве ў 1935 годзе. Яго бацькi, абодва музыканты, былi людзьмi веруючымi. Вера аб’ядноўвала ўсiх членаў сям’i, стварала адпаведную духоўную атмасферу. Вялiкi ўплыў на выбар жыццёвага шляху юнака аказала хросная мацi, якая благаславiла яго на службу Богу. У 1953 г. ён закончыў сярэднюю i адначасова музычную школы i паступiў у Маскоўскую духоўную семiнарыю. Ужо на другiм годзе навучання пачаў прыслужваць iпадыяканам Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму i ўсея Русi Алексiю I у храме Iаана Прадцечы ў Маскве. У 1957 г. Кiрыла Вахрамееў паступiў у Маскоўскую духоўную акадэмiю.
У 1959 г. прыняў манаства i атрымаў iмя Фiларэт у гонар святога праведнiка Фiларэта Мiласцiвага. У хуткiм часе быў пасвячоны ў iерадыякана, а ў 1961 г. — у iераманаха. Пасля заканчэння акадэмii Фiларэт чытаў там лекцыi, выкладаў гамiлетыку (навуку аб царкоўнай пропаведзi). Ра-зумны, працавiты, ён хутка рухаўся па iерархiчнай царкоўнай лесвiцы. У 1965 г. пасвячоны ў сан епiскапа Цiхвiнскага. У 1966-1973 гг. быў епiскапам Дзмiтраўскiм, рэктарам маскоўскiх акадэмii i семiнарыi. У 1971 г. узведзены ў сан архiепiскапа, а ў 1975 — мiтрапалiта. З 1978 г. Фiларэта назначаюць мiтрапалiтам Мiнскiм i Беларускiм, адначасова да 1984 г. ён быў Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы. З 1989 г. мiтрапалiт Фiларэт — Патрыяршы Экзарх усея Беларусi, пастаянны член Сiнода Рускай праваслаўнай царквы i старшыня Сiнода Беларускага экзархата. З 1992 г. яго поўны тытул — Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх усея Беларусi, свяшчэннаархiмандрыт Свята-Успенскага Жыровiцкага манастыра.
Больш за трыццаць гадоў мiтрапалiт Фiларэт працуе ў Беларусi. Яго непасрэдны ўдзел у беларускiм духоўным адраджэннi атрымаў моцную падтрымку з боку ўлады і асабiста Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А. Лукашэнкi. За гады архiерэйскага служэння ў Беларусi ўзведзены новыя i ўзноўлены разбураныя храмы i манастыры, адрадзiлiся старажытныя епiскапскiя кафедры, пашырылiся, умацавалiся сувязi праваслаўнай царквы з грамадскiмi i дзяржаўнымi ўстановамi. Пры ўдзеле мiтрапалiта адноўлены крыж прападобнай Ефрасiннi Полацкай. Ён — заснавальнiк першай на Беларусi Праваслаўнай духоўнай акадэмii, рэктар Iнстытута тэалогii iмя святых Мяфодзiя i Кiрылы Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта, ганаровы доктар многiх айчынных i замежных унiверсiтэтаў, духоўных акадэмiй i багаслоўскiх факультэтаў. Мiтрапалiт карыстаецца вялiкiм аўтарытэтам i лiчыцца адным з самых iнтэлектуальных патрыярхаў. Яго вялiкiя заслугi ў царкоўным, мiратворчым i патрыятычным служэннi адзначаны вышэйшымi ўзнагародамi Рускай праваслаўнай царквы — ордэнамi Святога Уладзiмiра II i I ступеняў, прападобных Сергiя Раданежскага I ступенi, Андрэя Рублёва I ступенi, Серафiма Сароўскага I ступенi, а таксама дзяржаўнай узнагародай — ордэнам «За заслуги перед Отечеством» IV ступенi.
Падзвiжнiцкая асветнiцкая дзейнасць мiтрапалiта Фiларэта, яго вялiкi ўклад у духоўнае адраджэнне беларусаў, умацаванне дружбы i культурных сувязей памiж народамi высока ацэнены беларускай дзяржавай: Мiтрапалiту Мiнскаму i Слуцкаму, Патрыярху Экзарху ўсея Беларусi Фiларэту прысвоена званне «Герой Беларусi». Ён узнагароджаны ордэнамi Айчыны III ступенi, Дружбы народаў, ордэнам Пашаны, медалём i ордэнам Францыска Скарыны. Мiтрапалiт Фiларэт — ганаровы грамадзянiн Мiнска.


С. Шумiгай, бiблiёграф II катэгорыi РЦБС.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK