ЁСЦЬ НА КАГО РАЎНЯЦЦА

Жывёлагадоўля


Поспехаў дабіваецца той, хто да гэтага імкнецца. Гэта аксіёма, якая не патрабуе доказаў. Вядома ж, складаных у паняцця “паспяховая вытворчасць” шмат, асабліва калі размова вядзецца пра работу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. І ўсё ж галоўным фактарам тут заўсёды былі і застаюцца чалавечая мэтанакіраванасць, стараннасць, неабыякавасць, прафесіяналізм. Менавіта пра гэтыя якасці некаторых працаўнікоў нашых гаспадарак і пойдзе размова ніжэй. А дакладней — аб поспехах лепшых прадстаўнікоў жывёлагадоўчай вытворчасці.
Вынікі работы гэтай галіны за мінулы год у чарговы раз даюць нам усе падставы сцвярджаць: рэзерваў для ўдасканалення работы ў жывёлагадоўлі яшчэ шмат. І той, хто хоча, заўсёды ўмее не толькі знаходзіць іх, а і паспяхова выкарыстоўваць для ўласнага прафесійнага росту і росту паказчыкаў роднай фермы, гаспадаркі, раёна ў цэлым. Калектыў Майскай фермы, напрыклад, яшчэ ў 2008 годзе змог пера-адолець шасцітысячны рубеж па надоях малака ад кожнай каровы. Па выніках жа 2009-га гэты паказчык узрос у цэлым па ферме яшчэ на 164 кг і склаў 6338 кілаграмаў.
Ды і лепшыя даяркі СВК “Дняпровец” таксама ў чарговы раз пераканалі: працаваць тут умеюць. Самы высокі паказчык па выніках года атрымала ў сваёй групе Софья Шанцавалава — у сярэднім па 7041 кг малака ад кожнай рагулі. Звыш чым па шэсць тысяч кілаграмаў надаілі Валянціна Кашлач, Яўгенія Краўчанка, Надзея Корань, Марыя Хохун, Іна Чысцік, звыш 5000 — Надзея Сергіенка і Алена Харко. Дарэчы, і сёлета ўжо з першага месяца ўсе названыя даяркі таксама ўпэўнена ўзялі курс на павышэнне ўжо занятых пазіцый. Самы высокі вынік за студзень — у Надзеі Корань — 623 кг, ды і самы нізкі надой у гэтай гаспадарцы за першы месяц года — 481 кг — мог бы стаць свайго роду маяком для не аднаго дзесятка даярак з іншых гаспадарак нашай Лоеўшчыны.
Нямала сумленных працаўніц і ў КСУП “Ураджайны”. 8632 кг — менавіта такі паказчык па выніках мінулага года ў адной з лепшых даярак Лоеўшчыны Валянціны Крот, звыш чым пяцітысячныя надоі атрымалі Ганна Жукава і Яўген Дзвінін. Ды і ў КСУП “Малінаўка-Агра” таксама ёсць пяцітысячніцы: Валянціна Прымак, Іна Коваль, Алена Голава, Ірына Пазнякова. 13 прадстаўніц самых розных гаспадарак раёна надаілі звыш 4 тысяч кг малака.
Ёсць флагманы і ў кагорце жывёлагадоўчых падраздзяленняў: акрамя названай вышэй Майскай фермы, гэта пяцітысячнікі: комплекс КСУП “Ураджайны” і Малінаўская МТФ КСУП “Малінаўка-Агра”; чатырохтысячнікі: Нова-Баршчоўская ферма КСУП “Малінаўка-Агра”, Уборкаўская ферма КСУП “Ураджайны” і Новакузнечная МТФ КСУП “Зара”.
Што ж датычыць вынікаў першага месяца сёлетняга года, то ў пяцёрку лідэраў змаглі трапіць Майская ферма, комплекс КСУП “Ураджайны”, Малінаўская і Алешкаўская МТФ, а таксама новая ферма КСУП “Ураджайны”, вынікі якіх склалі ад 532 да 319 кг малака ў разліку на адну карову. Яшчэ на 16-ці фермах надоі трымаюцца ў межах ад 290 да 209 грамаў і на сямі — ніжэй 200 грамаў.
Калі параўнаць атрыманыя паказчыкі з тымі, якія мелі нашы падраздзяленні год назад, то большасці ферм удалося не толькі ўтрымаць, а і значна павысіць леташнія дасягненні. Але ёсць, на жаль, і адваротныя выпадкі. Не ўдалося пазбегнуць зніжэння надояў у разліку на кожную карову параўнальна са сту-дзенем 2009 г. васьмі фермам раёна: Карпаўскай, Дзімамерскай, абедзвюм Ручаёўскім, Лутаўскай, Страдубскай і нават Уборкаўскай і Новакузнечнай. Згадзіцеся, ёсць над чым задумацца, што падлічыць, абмеркаваць. Патрэбна шукаць выйсце, прычым не адкладваючы справу ў доўгую скрыню — няма, як кажуць, нічога горшага, чым чакаць і даганяць. А таму прычыны праблем неабходна выяўляць і выкараняць як мага хутчэй. Усім — пачынаючы ад кіраўніка, спецыялістаў гаспадарак і заканчваючы радавымі працаўнікамі падраздзяленняў.
Мясная вытворчасць. Тут таксама ёсць што параўнаць, прааналізаваць. Па выніках 12 месяцаў мінулага года, напрыклад, значных поспехаў змаглі дабіцца многія аператары па дарошчванні і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы, але самыя высокія сярэднясутачныя прывагі — у Станіслава Масюкевіча з ААТ “Лоеўскі Агратэхсервіс”, 960 г. Звыш васьмісот грамаў прыбаўлялі ў сярэднім штодня і гадаванцы Таццяны Канёк (КСУП “Страдубка”); звыш сямісот — Анатоля Анісаўца, Святланы Трасцян, Ларысы Шаўляковай і Ларысы Гунько з прадпрыемства “Каўпень-Агра”; звыш шасцісот — Віктара Давыдоўскага, Віктара Федарэнкі, Алега Ашомкі (прадпрыемства “Бывалькі”), Віктара Кошчанкі (СВК “Дняпровец”), Віктара Бакуна, Аляксея Стрэльчанкі, Галіны Шкурко (КСУП “Малінаўка-Агра”), Раісы Кацуба (КСУП “Зара”), Ганны Жукоўскай і Віктара Ярмоленкі (ААТ “Лоеўскі Агратэхсервіс”), Марыны Журко (КСУП “Страдубка”).
Паспяховым аказаўся для большасці з гэтых, а таксама некаторых іншых даглядчыкаў гаспадарак Лоеўшчыны і пачатак 2010 года. Па 966 грамаў склалі сярэднясутачныя прывагі ў групе Андрэя Марчанкі з КСУП “Малінаўка-Агра”, яшчэ ў шасці прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў “Каўпень-Агра”, “Малінаўка-Агра”, “Зара” — больш сямісот грамаў, у дзевяці даглядчыкаў з вышэйназваных гаспадарак, а таксама прадпрыемстваў “Бывалькі”, “Дняпровец”, “Страдубка”, ААТ “Лоеўскі Агратэхсервіс” — больш шасцісот грамаў. Раўняцца ёсць на каго, ёсць з каго браць прыклад. Застаецца толькі вельмі гэтага захацець… і пастарацца.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK