Добрага настрою «Гаспадынькі»

Народны — гэтае званне заўсёды было тоесным з паняццямі “папулярны”, “добра вядомы”, “які падабаецца народу”. Праўда, шлях да гэтай самай папулярнасці няпросты. Гэта вынік вялікай працы і яшчэ большай любові і адданасці той справе, якой займаешся.
Менавіта такімі пачуццямі, а яшчэ непераадольным жаданнем дарыць радасць людзям загарэліся дзевяць гадоў назад сэрцы прыхільнікаў мастацкай самадзейнасці Лоеўскага педагагічнага каледжа. Так у сценах гэтай навучальнай установы нарадзіўся новы фальклорны калектыў — ансамбль народнай песні і танца “Гаспадынькі”. На сённяшні дзень ён аб’ядноўвае ў сваім саставе 15 дзяўчат і 7 хлапцоў, якія ра- зам са сваім мастацкім кіраўніком, выкладчыкам музыкі Нінай Канаплянік, паралельна з вучэбным працэсам ажыццяўляюць шырокую канцэртна-шэфскую і прапагандысцкую дзейнасць. За час свайго існавання рабяты прымалі ўдзел у шматлікіх музычных конкурсах, неаднаразова станавіліся дыпламантамі абласнога і рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. На працягу апошніх трох гадоў ансамбль выступаў з канцэртнымі праграмамі на абласным кірмашы-выставе “Вясёлы балаган”, які праходзіў у Гомелі, летась прадстаўляў сваю навучальную ўстанову на абласных “Дажынках” у Хойніках, а таксама прымаў удзел у першым адборачным туры рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, што адбыўся ў Калінкавічах. Салістка ансамбля Таццяна Зылевіч прайшла ў другі адборачны тур гэтага конкурсу. Не кажучы ўжо пра тое, наколькі цёпла і прыветна сустракаюць гэты калектыў на сцэнах Лоева і сельскіх населеных пунктаў раёна, у школах, на сустрэчах з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыяналістамі, байцамі пагранатрада, у працоўных калектывах гарпасёлка. Увогуле, ні адно мерапрыемства з ліку тых, якія прахо-дзяць у нашай мясцовасці, не абыходзіцца без удзелу “Гаспадынек”. Ужо досыць даўно і даволі ўпэўнена ўтрымліваюць яны пазіцыю сапраўдных гаспадынь на сцэне і ў сэрцах прыхільнікаў іх творчасці. А такіх, згадзіцеся, нямала.
Рэпертуар, з якім выходзяць на суд гледачоў гэтыя хлопцы і дзяўчаты, настолькі шматгранны, што дазваляе ўтрымліваць увагу самай шырокай публікі, прадстаўнікоў усіх узростаў і музычных густаў. І тым не менш калектыў пастаянна працуе над павышэннем свайго выканаўчага майстэрства, удасканаленнем і пашырэннем колькасці нумароў канцэртнай праграмы, якія часцей за ўсё ўяўляюць сабой замалёўкі народных песень з элементамі харэаграфіі. Кожнае такое выступленне, нібы напамін аб тым, хто мы і адкуль. Рэпертуар ярка адлюстроўвае беларускі нацыянальны каларыт. Таму і не дзіўна, што ў хуткім часе, ужо ў гэтым месяцы, нашы “Гаспадынькі” будуць абараняць ганаровае званне народнага калектыву народнай песні і танца. На гэты раз усё будзе залежаць ад рашэння больш чым кампетэнтных суддзяў — прадстаўнікоў Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Але, думаецца, і яны будуць прыемна здзіўлены талентам нашых юнакоў і дзяўчат, якія, і ў гэтым можна не сумнявацца, змогуць стаць паўнапраўнымі “Гаспадынькамі” добрага настрою сваіх суддзяў, іх самых яркіх уражанняў. Гэтага і пажадаем калектыву і іх мастацкаму кіраўніку Ніне Канаплянік. У добры час!


Вольга КАЛЯДЗЕНКА. Фота Святланы МАТОРНАЙ.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK