Служыў радзіме і народу

65 год вялікай Перамогі


Ад Дня Вялікай Перамогі нас аддзяляе 65 гадоў. Кошт яе непамерна вялікі — кожны трэці беларус загінуў за чатыры гады ваеннага ліхалецця. Аднак ні адно жыццё, абарванае вайной, ні адна перакрэсленая ёю біяграфія не забыты, таму што гэта жыццё і біяграфія ўсяго народа.


Напярэдадні свята мы заўсёды ўдзяляем асаблівую ўвагу нашым ветэранам, выказваем ім словы глыбокай пашаны і ўдзячнасці. З горыччу і павагай згадваем тых, каму гэтыя словы ўжо сказаць не можам, бо іх няма побач з намі. Сярод тых, хто вынес на сваіх плячах усе цяжкасці вайны, быў і наш зямляк Міхаіл Пятровіч Козел. Васемнаццаць гадоў было юнаку, калі пачалася вайна. Толькі што закончана школа, атрыманы атэстат сталасці. Наперадзе столькі планаў і задумак. Аб многім марылася тады маладым. Але вайна распарадзілася па-свойму.


Першым на вайну правялі бацьку. Міхаіл не мог дазволіць сабе схавацца за спіны дарослых, ён рваўся на фронт і не мог змірыцца з тым, што вораг топча родную зямлю. Таму наступнымі для маці сталі провады сына на фронт.


У ліпені 1941 г. Міхаіл прымераў салдацкую форму, а праз месяц прыняў ваенную прысягу і стаў байцом. У лютым 1942 года М. Козел быў накіраваны на вучобу ў Смаленскае артылерыйскае вучылішча. Навучанне ішло паскоранымі тэмпамі. Праз паўгода яго шлях зноў ляжаў на фронт.


Лейтэнант М. Козел камандаваў узводам, а затым батарэяй знішчальнага супрацьтанкавага палка. Камандзір палка пісаў аб ім: “Міхаіл Козел паказаў сябе мужным баявым афіцэрам. У баях з нямецкімі захопнікамі праявіў мужнасць і доблесць. Карыстаецца аўтарытэтам ва ўсім асабовым саставе палка”.


У 1943 годзе Міхаіл атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду ––– ордэн Чырвонай Зоркі. Уступіў у рады Ленінскай камуністычнай партыі. Членства ў ВКП(б) у гады вайны лічылася вялікім даверам і павагай.


На розных франтах змагаўся наш зямляк. Вызваляў ад фашысцкага рабства народы Заходняй Еўропы. Яго баявыя заслугі былі адзначаны высокімі ўзнагародамі Радзімы. Сярод іх — ордэн Аляксандра Неўскага, які быў уручаны яму амаль перад самым заканчэннем Вялікай Айчыннай вайны, ордэн Айчыннай вайны І ступені і другі ордэн Чырвонай Зоркі, атрыманы ў ліпені 1944 года.


Пасля вайны Міхаіл Пятровіч працягваў службу ў радах Савецкай Арміі, а потым вярнуўся ў родны Лоеў. На жаль, сёння гэтага сціплага і адданага сваёй Радзіме чалавека ўжо няма сярод нас, але памяць аб ім захоўваецца ў музеі бітвы за Днепр. Яго жыццё служыць прыкладам адданага служэння Радзіме для маладога пакалення.


Р. СТАДНІКАВА, дырэктар музея бітвы за Днепр. Фота з архіва музея.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK