ВІНШАВАННІ ПРЫМАЛІ ТЫСЯЧНІКІ

Ураджай-2010


У мінулым годзе гэтае пачэснае званне падчас уборачнай змаглі заслужыць многія хлебаробы Лоеўшчыны — ураджай быў сапраўды ўдалым, намалоты раслі штодня, штогадзіны, а разам з імі — і колькасць экіпажаў зернеўборачных камбайнаў і вадзіцеляў на адвозцы збожжа, якім падкарыўся гэты ганаровы рубеж.

Ураджай-2010

У мінулым годзе гэтае пачэснае званне падчас уборачнай змаглі заслужыць многія хлебаробы Лоеўшчыны — ураджай быў сапраўды ўдалым, намалоты раслі штодня, штогадзіны, а разам з імі — і колькасць экіпажаў зернеўборачных камбайнаў і вадзіцеляў на адвозцы збожжа, якім падкарыўся гэты ганаровы рубеж.

Ураджай-2010


У мінулым годзе гэтае пачэснае званне падчас уборачнай змаглі заслужыць многія хлебаробы Лоеўшчыны — ураджай быў сапраўды ўдалым, намалоты раслі штодня, штогадзіны, а разам з імі — і колькасць экіпажаў зернеўборачных камбайнаў і вадзіцеляў на адвозцы збожжа, якім падкарыўся гэты ганаровы рубеж.


Ва ўмовах жа сёлетняга жніва дабіцца такіх вынікаў аказалася куды больш складана: колькасць убраных гектараў павялічвалася куды спарней, чым намалоты зерня з іх, таму і шэраг раённых тысячнікаў значна парадзеў. І ўсё ж на самым фінішы кампаніі знайшліся такія і ў нас, на Лоеўшчыне. Менавіта яны прымалі віншаванні ад раённага кіраўніцтва, абласнога аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў мінулую сераду, 28 ліпеня.


КСУП “Страдубка”. Сама тут, у калектыве гэтай гаспадаркі, з’явіўся першы ў раёне тысячнік — вадзіцель аўтамашыны МАЗ-555 Мікалай Грыцкоў. Званне гэтае атрымана ім не ў першы раз: і летась, і ў мінулыя гады імя М. Грыцкова таксама значылася ў ліку тых, хто дэманстраваў самыя высокія ў раёне вынікі на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Не падвёў вадзіцель і ў гэты раз. А ў хуткім часе радасць гэтай працоўнай перамогі раздзяліў з ім і другі прадстаўнік КСУП “Страдубка” — Валерый Пасталоўскі, які да канца ўборачнай таксама паспеў выйсці ў тысячнікі. Ім абодвум і былі адрасаваны словы віншаванняў і шчырай удзячнасці за самаадданую і плённую працу ад старшыні райвыканкама С. Мятліцкага, старшыні Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Л. Барабанава, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Я. Ражона, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Н. Шумігай, начальніка аддзела ідэалагічнай работы К. Валасевіч. Вядома ж, да лепшых хлебаробаў раёна яны завіталі не з пустымі рукамі — у знак глыбокай пашаны і прызнання працоўных заслуг кожнаму з раёных тысячнікаў былі ўручаны Ганаровыя граматы і Падзякі раённага выканаўчага камітэта і райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама кветкі і каштоўныя падарункі.


Адно жніво — збор ураджаю зерневых і зернебабовых культур — у гаспадарцы завершана, але працягваецца іншае — зялёнае, корманарыхтоўка. Менавіта на гэтым “фронце” і шчыруюць зараз абодва вадзіцелі. І тут стараюцца — заўважыў кіраўнік КСУП “Страдубка” М. Шапараў, а значыць ёсць усе падставы спадзявацца на поспех і ў гэтай справе. Згадзіўся з такім меркаваннем і Л. Барабанаў і падкрэсліў:


— Калі ў калектыве ёсць вось такія работнікі — маладыя, умелыя, неабыякавыя да справы, то ў гаспадаркі ёсць будучыня.


І сапраўды, ёсць. Прычым не толькі ў Страдубцы, а і ў іншых сельгаспрадпрыемствах раёна. У тым ліку і ў КСУП “Ураджайны”. Сёлета тут таксама ёсць свае флагманы: вадзіцель Пётр Башлакоў і адзіны ў раёне экіпаж-тысячнік у складзе Рыгора Рагачова і Віталя Мельнікава. Для ўсіх трох сёлетняя ўборачная далёка не першая. Рыгор Анатольевіч, як трапна заўважыў старшыня райвыканкама С. Мятліцкі, паспеў папрацаваць на ўсіх марках камбайнаў — ад добрага старога СК-4 да сучаснага КЗС-1218. За гэты час механізатар не проста авалодаў сакрэтамі паспяховай эксплуатацыі розных відаў тэхнікі, а засвоіў кожны з іх да драбніц. Лепшы доказ таму — штогоднія перамогі ў працоўных спаборніцтвах раёна, вобласці, рэспублікі. Вяршыні падкараюцца ўмелым. І Пётр Башлакоў таксама з ліку такіх. Некалі працаваў у КСУП “Малінаўка-Агра”, зараз ва “Ураджайным”. І там, і тут ніколі не губляўся — увесь час на пярэднім краі, у ліку першых. Сваю тысячу тон збожжа вадзіцель мог бы перавезці і раней, але паралельна выконваў яшчэ адну справу — вазіў рапс у Мазыр. Не адзін рэйс зрабіў, але і на ўборцы не адстаў ад іншых. Гэта якраз адзін з тых рэдкіх выпадкаў, калі нават адначасовая пагоня за двума зайцамі дае свой плён. Галоўнае — імкнуцца да поспеху, і ён абавязкова прыйдзе.


Добра ведаюць гэта і ў КСУП “Малінаўка-Агра”, прадстаўнікі якога — экіпаж у складзе Уладзіміра Прымака і Мікалая Котава — прымалі ў гэты дзень віншаванні, адрасаваныя ўсім удзельнікам жніва з ліку моладзі Лоеўшчыны. Ледзь скончыўшы абмалот вырашчаных збожжавых, Уладзімір і Мікалай адразу ж паспяшаліся паклапаціцца пра свайго сталёвага “каня”: вычысцілі, вымылі, як след падрыхтавалі да зімовага захоўвання.


— Сёлета за ўсю ўборачную ні разу не падвёў, — усміхаецца Уладзімір. — Мне ж на ім і ў наступным годзе працаваць.


А Мікалай па-гаспадарску паглядвае на новенькі КЗС-10, які сам жа і прыгнаў на днях.


— Менавіта Котаву і аддадзім яго на наступны год, — паабяцаў кіраўнік гаспадаркі А. Літвінаў. — Хлопец старанны, адказны — не падвядзе.


— Так што шукай, Мікалай, напарніка.


Час для гэтага ў маладога механізатара ёсць. А Уладзімір праблему гэтую ўжо вырашыў:


— Брат мой малодшы, Сяргей, і ў гэты раз рваўся, але 18 гадоў яму толькі ў лістападзе спаўняецца. А вось на наступнае лета будзе самы памочнік.


Тым больш, што цяга да тэхнікі ў юнака яшчэ змалку з’явілася. Ледзь паспеў скончыць школу — адразу ж у гаспадарку прыйшоў. Ды і як інакш, калі, лічы, уся сям’я і блізкія родзічы: дзед, бацька, дзядзькі, браты — механізатары. Так што змена падрасла надзейная. І гэта радуе. —


Уручаць узнагароды тым, хто сумленна, не шкадуючы сіл выконвае сваю справу, заўсёды прыемна, — адзначыў, выступаючы перад раённымі тысячнікамі і маладымі камбайнерамі Леанід Барабанаў.


І яно сапраўды так. Хоць стараецца кожны з хлебаробаў, вядома ж, не дзеля грамат і падарункаў.


— Па душы нам працаваць на зямлі, — адказаў неяк на пытанне аб тым, якія сельскагаспадарчыя работы яму падабаюцца больш за ўсё, Рыгор Рагачоў. — Вясной падабаецца араць зямлю, сеяць, надыходзіць час убіраць — падабаецца ўбіраць… Справу сваю любіць патрэбна.


І яны любяць, выконваюць яе, як падказвае сэрца, уласнае сумленне. А вынікі? Поспехі Яны прыходзяь. Абавязкова.


На здымку: узнагароды прымаюць В. Пасталоўскі і М. Грыцкоў — КСУП «Страдубка».


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.