УСМЕШКА АНЁЛА — АПОШНЯЯ

Ніколі не забудзем


О, як соладка яна спіць — маленькая, Насцечка, дачушка. Зажмураныя вачаняткі з вялізнымі пухнатымі вейкамі час ад часу уздрыгваюць, ружовыя губкі пяшчотна ўсміхаюцца — здаецца, яна нібы жартуе са сваёй устрывожанай матулі. Але ж не, спіць. Так моцна і ціхамірна, што, гледзячы на яе, Таццяна на нейкі час забылася і пра тое, што вакол вайна, і пра тое, якая небяспека пагражае ёй самой, яе Насцечцы і ўсёй іх вялікай сям’і.


* * *


Яна, Таццяна, і нарадвацца яшчэ не паспела ўласнаму шчасцю-замужжу, не звыклася са сваім новым прозвішчам, як пачалася вайна. Яе Ванечку тут жа забралі на фронт, і пахаронка на мужа прымусіла маладую жанчыну штосілы закрычаць ад болю і адчаю куды раней, чым крык іх першынца нагадаў ёй аб тым, што яна павінна жыць, павінна быць мужнай і дужай — дзеля яе, былінкі-Насцечкі, дзеля свякрухі, што замяніла ёй, сіраціне, родную маці, дзеля чатырох Ваніных сястрычак, аб якіх яны павінны клапаціцца цяпер удваіх з Валянцінай Васільеўнай. Свёкар, калі даведаўся пра смерць старэйшага сына, адразу ж падаўся ў лес, да партызанаў — помсціць, вызваляць ад лютых нелюдзяў сваю зямлю. Менавіта данос пра гэта суседа-паліцая і паставіў пад пагрозу ўсю іх сям’ю.


Пад вечар вёску ўскалыхнуў гул матораў — некалькі двароў, у тым ліку і іх, ачапілі карнікі. Не паспелі жанчыны разабрацца, што да чаго, як няпрошаныя госці ўваліліся ў іх хату. Пагрозліва размахваючы зброяй, яны пачалі выштурхоўваць усіх на вуліцу. Таццяна выскачыла босая, ледзь паспела выхапіць з люлькі малую. Чужынцы не сталі нічога ім тлумачыць — гергеталі нешта між сабой на сваёй мове, тузалі бедалажных туды-сюды па двары, штурхалі прыкладамі, а пасля загналі сям’ю ў лазню, якую свёкар разам з Ванечкам паставілі перад самым іх з Таццянай вяселлем. Пасадзілі пад замок.


— Я чула, казалі “партызанен”, — падняла на маці перапалоханыя вочы адна з сясцёр-двайнят, дванаццацігадовая Алеся, калі яны засталіся адны ў цеснаватым памяшканні лазні.


— Якія ж вы партызаны? Дзеці зусім, — паспрабавала супакоіць дачку маці. — Разбяруцца.


Але чым больш мінала часу, тым меней заставалася ад таго яе спакою.


— Што ж яно будзе? — не вытрымала, павярнулася да нявесткі жанчына. — Што ж яны надумалі, а? Танечка, як думаеш?


— Не ведаю, мам, не ведаю, — як мага спакойней старалася выціснуць з сябе маладая жанчына, хаця сэрца самой проста разрывалася ад трывожных здагадак. Яна ўсё мацней прыціскала да грудзей Насцечку, цалавала маленькі лобік, кірпаценькі носік, затуляла кругленькі тварык дачушкі ад яркага святла поўні, якое лілося праз адзінае ў памяшканні маленечкае акенца, і ўсё гнала, гнала прэч змрочныя думкі.


Двайняты Тоня і Алеся нарэшце таксама змарыліся — задрамалі, старэйшая ж, Кацярына, усё круцілася, намагалася размаўляць з маці, супакойвала яе, Таццяну і, пэўна ж, самую сябе:


— А можа, абыйдзецца, патрымаюць, папалохаюць і адпусцяць. Не звяр’ё ж — таксама жывыя людзі. Хацелася ў гэта верыць усім. Але ж ці дастаткова было адных гэтых спадзяванняў?


Ноч цягнулася бясконца, але чаканне світанку з яго невядомасцю палохала замкнутых у лазні нявольнікаў куды больш. А ранак тым часам набліжаўся, трывожыў усё мацней.


Вось і сонца ўстала, у лазні стала святлей. Заварушылася на стомленых руках Таццяны Насцечка, зачмокала губкамі, але ж не, не прачнулася. Сцішылася зноў. Калі раптам аднекуль з-за сцяны пачуўся топат і гучны рогат чужынцаў.


— Няўжо выпусцяць? — ускочыла, кінулася да акенца Валянціна Васільеўна. І тут жа збялела ўся, асунулася ўздоўж сцяны.


Глянуўшы на вуліцу, зразумела ўсё і Таццяна — на двары сабраўся цэлы натоўп немцаў, двое з іх, што набліжаліся да лазні, неслі ў руках каністры…


— Вось і ўсё, вось і канец, — шаптала ў сваім куце маці, абліваючыся слязьмі і тулячы да сябе дзяўчат.


А ў гэты самы час сцены лазні аблівалі газай, рэзкі пах якой, здавалася, прасочваўся нават праз тоўстае бярвенне.


Насцечка ж спала, і гледзячы на яе спакойны ружовенькі тварык, Таццяна ніяк не магла паверыць у тое, што ўвесь гэты жах адбываецца з імі на самай справе, што гэта не насланнё, не жудасны сон… Ёй не хацелася думаць пра тое, што будзе з імі ўсімі, з яе кветачкай-дачушкай праз хвіліну, 10-20 хвілін. І нават жудасны лямант свякрухі ёй чуўся, нібы аднекуль здалёк. А жанчына штомоцы стукала ў дзверы, прасіла, вымальвала літасці ў тых, якім невядома было гэтае пачуццё…


Звонку пачуўся грозны загад, яшчэ імгненне — і ненажэрныя языкі полымя заскакалі пад самай страхой, сівыя клубы дыму ўварваліся ў памяшканне, заклубіліся вакол перапалоханых людзей — дзіка загаласілі дзяўчаты, прачнулася і малая, заплакала.


— Злітуйцеся, людцы! Тут жа дзеці! Дзетак пашкадуйце! Выпусціце!..— не сваім голасам крычала свякруха.


І ў гэты самы момант позірк Таццяны ўпіўся ў акенца. “Маленькае зусім, не, не вылезці”, — нібы той дым, клубіліся ў яе галаве думкі.


— Мама, Кацечка, дапамажыце! Насцечку…


Усе разам яны кінуліся да акна, выбілі паленам шкло.


— Прабач, маленькая, — моцна пацалавала дачку Таццяна і колькі было сіл, шпурнула яе прэч ад лазні, ад агню.


Дзяўчынка ўпала на траву, закрычала яшчэ гучней, і ў гэты самы час да яе падбеглі чужынцы. Тыцнуўшы малую нагой, адзін з іх падміргнуў іншаму, наткнуў Насцечку на штык і, нечалавечна ашчэрыўшыся, шпурнуў назад, у лазню. Загагаталі і астатнія. А крык пад пылаючай страхой тут жа змоўк. Маленькае акрываўленае цельца ўпала проста пад ногі няшчаснай маці. Уражаныя пабачаным, нявольніцы нібы скамянелі, абмерлі, і нават агонь, які падкрадаўся ўсё бліжэй, не мог вывесці іх з гэтага здранцвення. Яны, здавалася, ужо не заўважалі ні дыму, ні невыноснай гарачыні, толькі цясней туліліся адна да адной. Усе, акрамя Таццяны. Няшчасная маці, нагнуўшыся над сваёй дачушкай, нібы намагалася затуліць яе сабой ад небяспекі. Яна прыціснулася тварам да абмяклага цельца і ўсё штосьці шаптала малой, супакойвала, цалавала белы, без крывінкі, тварык.


 — Цяпер сапраўды ўсё, — з адчаем прашаптала яна. Страха абвалілася, накрыўшы тых, хто ўжо не чакаў ні літасці, ні выратавання.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK