Нацыянальная ідэя па «рэцэпце» касінераў

Святы, як вы ведаеце, бываюць розныя. Адны адзначаюцца за сямейным сталом, іншыя — на дзяржаўным узроўні; нейкія даты прысвечаны гістарычным падзеям, што змянілі лёс усяго народа, іншыя ж, наадварот, дробязям. “Імяніннікам” можа выступаць як вызначаны чалавек ці прадмет, так і абстрактнае паняцце. Напрыклад, у першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень Беларускага пісьменства. Прычынай імпрэзы, калі можна так сказаць, выступае наша родная беларуская мова, гісторыя, друк; паказваецца роднасць славянскіх народаў.


Сёлетняя 17-ая Міжнародная экспедыцыя “Дарога да Святыняў”, якая завітала да нас 4 верасня, падкрэсліла гэтую роднасць асабліва выразна. У чытальнай зале Лоеўскай раённай цэнтральнай бібліятэкі адбылася сустрэча з яе ўдзельнікамі: членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктарам філалагічных навук Сцяпанам Лаўшуком; вядомым празаікам Максімам Валошкам і спецыяльным карэспандэнтам газеты “Звязда” Яўгенам Пясецкім. Такія розныя па прафесіі, яны сышліся ў адным — любові да творчасці.


Таксама на сустрэчы прысутнічалі нашы мясцовыя паэты, члены клуба аматараў паэзіі “Гучальнае слова”, чыім нязменным кіраўніком з’яўляецца Алесь Кукара. Паэты прадставілі на суд гасцей свае вершы: пра родны кут (Наталля Кудраўцава, Галіна Сусла), любімую прафесію (Тамара Татарынава), захапленне прыродай (Уладзімір Бабраўнічы). Свой «Гістарычны аповед пра Лоеў” прадставіла Лідзія Долбікава.


Алесь Кукара расказаў гасцям пра галоўную мэту клуба: спрабаваць тварыць саматужкі, абудзіць творчасць у душы кожнага навічка. Члены клуба чытаюць свае творы перад таварышамі, гасцямі. Раней, адзначыў Алесь Уладзіміравіч, да нас часцей завітвалі знакамітыя літаратары, такія як Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Міхась Даніленка і ім падобныя, цяперашнія ж госці — больш з Гомельшчыны, напрыклад, Васіль Ткачоў са сваёй новай кніжкай. Канешне, хацелася б, каб прыязджалі пісьменнікі часцей.


Хоць я і не валодаю здольнасцю чытаць думкі, але мне здаецца, што ў прадстаўнікоў экспедыцыі ад прачытаных вершаў засталіся самыя добрыя ўражанні. Калі падышла іх чарга выступіць з прамовай і адказаць на пытанні пачынаючых паэтаў аб тым, што пішуць, чым жывуць, яны ўключыліся ў размову ахвотна:


— Скажу коратка: літаратурай жыву! — смяецца Максім Валошка. — А калі сур’ёзна… Я займаюся літаратурай рознажанравай: перакладаю з польскай, пішу казкі. Яшчэ са школы “захварэў” гістарычнай тэматыкай, прычым захварэў невылечна. Вось нядаўна выйшла серыя “7 цудаў Беларусі”, 6 кніжак з яе — мае. У асноўным пішу на тэму Вялікага княства Літоўскага, ад Крэўскай да Люблінскай уніі. У гэтым годзе, вясной, асобнай кніжкай выйшаў мой гістарычны раман “Каралева не здраджвала каралю” — пра каханне 17-гадовай Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага Ягайлы. Я б не сказаў, што тэматыка дакументальная, хутчэй гістарычная. Пераклады раблю да гэтых пор — і з польскай мовы, і на рускую перакладаю. Рабіў пераклады твораў Уладзіміра Ліпскага і Аляксандра Капусціна, вашага земляка, са Жлобіншчыны, лаўрэатам прэміі якога я і з’яўляюся.


Знакаміты празаік звярнуў увагу на тое, што ў беларусаў кожны дзень павінен быць Днём Беларускага пісьменства, бо хто ж, акрамя нас, захавае родную мову? Акрамя таго Максім Валошка параўнаў нашу краіну з донарам, што аддае сваіх найлепшых сыноў, такіх як Ігнат Дамейка або Францыск Скарына, іншым краінам: “Мы столькіх аддалі свету, што настаў час вяртаць!”. І толькі калі мы пачнём шанаваць тое, што маем, — перастанем быць “Іванамі без роду”. Галоўную ж ролю ў гэтым павінны адыгрываць заняткі па гісторыі.


— На жаль, настаўнікі і вучні часта кажуць, што падручнікі не адпавядаюць патрабаванням часу — надта сухія… Калі б мы зрабілі, як Уладзімір Караткевіч — а ён у добрым сэнсе гэтага слова легендызаваў нашу гісторыю — школьнікам было б цікавей.


Максім Валошка паступова захапіўся, пачаў гаварыць з запалам. Ён эмацыйна расказаў пра сваё хваляванне, калі яму далі патрымаць у руках кнігу, на-друкаваную самім Скарынам: “Я адчуваў цяпло Скарынавых рук!”; потым успомніў сустрэчу з ліцэістамі, на якой раптоўна вызначыў для сябе нацыянальную беларускую ідэю, народжаную касінерамі Кастуся Каліноўскага:


— Яны віталіся так: “Каго любіш? — Беларусь! — То узаемна!”. А калі штосьці любіш: культуру, нацыю, то павінен шанаваць. Дык ліцэісты з той пары кожную раніцу віталіся такім чынам!


Сказаўшы гэта, спадар Валошка з усмешкай у вачах агледзеў аўдыторыю і нечакана спытаў:


— Каго любіш?


— Беларусь! — з невялікай затрымкай адгукнуліся прысутныя.


— То ўзаемна!


Пасля такого эмацыйнага выступу наступнаму госцю, звычайна, было трошкі цяжкавата. Але вядомы фотажурналіст, заснавальнік рубрыкі “Фотаслова” Яўген Пясецкі з гэтым упораўся. Ён працуе ў арыгінальным жанры: складае вершы да фотаздымкаў і некалькі з іх: аб чалавеку без дому, зіме, пакінутай скрыпцы — прачытаў нашым паэтам. Акрамя таго, нядаўна спадар Пясецкі вярнуўся з Ізраіля, адкуль таксама прывёз самы лепшы багаж — фотаздымкі.


Доўгі аркуш, складзены ў некалькі разоў, разгарнуўся перад намі — і ўзнікла дзіва: мы пабачылі Вечны Горад з вышыні птушынага палёту, пяшчанага колеру дахі, падобныя адзін на адзін, як кроплі вады, залатая пляма купала Святой Сафіі — і бяскрайняе сіняе неба. Следам за ім узнікла адразу некалькі здымкаў, якія паказваюць звычайнае жыццё Іерусаліма і Палесціны.


— Вось беднае арабскае дзіцё, што знаходзіцца на перахрэсці… — кажа аўтар, паказваючы на маленькую дзяўчынку, што спалохана прытулілася на прыступках, — узброены чалавек на вуліцы… Пабіты ракетамі палестынскі будынак, вартаўнічая вышка… А вось брама цара Ірада. Бачыце — яна стаіць да гэтага часу! Той самы Ірад, што праследаваў Хрыста, уславіў сябе ў камяні. Жыве брама — жыве і зло.


Апошнім выступіў Сцяпан Лаўшук. Ён сказаў:


— Няхай вам не здаецца, што тое, што вы робіце, — непатрэбна і недасканала. Усё, што народжана чыстым памкненнем, дасканала, проста існуюць розныя ступені гэтай самай “дасканаласці”. Некаторыя творы напісаны наўмысна з нейкай заганай — гэта і прыдае ім асаблівы шарм. Калі вы будзеце тварыць — бу-дзеце жыць, бо ў творчасці больш жыцця, чым у іншых сферах дзейнасці. І таму я пажадаю вам поспехаў на гэтай ніве, але адначасова пажадаю шчасця і ў іншых сферах дзейнасці. Няхай жа шчасціць!


Госці цёпла развіталіся з мясцовымі паэтамі.


Дзень беларускага пісьменства безумоўна прысвечаны не толькі беларускай мове, але і творчасці, літаратуры — люстэрку самасвядомасці нацыі. Таму першая нядзеля верасня — гэта яшчэ адна нагода задаць самому сабе самае важнае пытанне: “Каго любіш?!”.


Тэкст і фота Тамары КОЛАС, студэнткі 2 курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK