Сучасныя творцы роднага краю

Імі ганарыцца Лоеўшчына


Мінулае… Што мы ведаем пра яго? Толькі тое, што данеслі да нас помнікі пісьменнасці, археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі. Развіццё беларускай літаратуры пачынаецца з вусных апавяданняў, народных жартаў, легенд і казак. Пісьменнасць на Беларусь прыйшла разам з хрысціянствам у X стагоддзі. Беларускія князі і духоўнікі чыталі і перапісвалі тэксты з царкоўных рукапісных кніг, аздобленых старабеларускімі народнымі гаворкамі.


Аб распаўсюджванні пісьменнасці на Беларусі сведчаць надпісы на пячатцы полацкага князя Ізяслава, знакамітым крыжы Ефрасінні Полацкай. У Брэсце знойдзены самшытавы грэбень з выразным алфавітам. Помнікамі пісьменнасці Беларусі з’яўляюцца надпісы на камнях-валунах (Барысавы і Рагвалодавы камяні).


Кожны жыхар Беларусі ведае, што першая нядзеля верасня асаблівая, святочная, бо мінавіта ў гэты дзень мы адзначаем вельмі значнае ў нашым духоўным жыцці свята — Дзень беларускага пісьменства. Месцамі іх правядзення з’яўляюцца гарады Беларусі — цэнтры культуры і асветы — Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаў’е, Мсціслаў, Мір, Камянец. Сёлета святочную эстафету прымаюць Хойнікі.


Дзень беларускага пісьменства — дзяржаўнае свята, накіраванае на захаванне гістарычнай спадчыны, ушанаванне продкаў-асветнікаў, жыццё якіх было прысвечана развіццю і памнажэнню духоўнага багацця нашага народа, сучасных творцаў роднага слова, якія захоўваюць слаўныя традыцыі беларускай пісьменнасці.


Многія нашы землякі — пісьменнікі, паэты — таксама з’яўляюцца носьбітамі беларускай пісьменнасці, сучаснымі творцамі роднага слова лоеўскага краю. Сярод іх — добра вядомыя ў нашай мясцовасці аўтары Міхась Даніленка і Лідзія Долбікава.


Міхась Даніленка нарадзіўся ў вёсцы Ястрабка Лоеўскага раёна. Потым бацькі перабраліся на новае месца жыхарства — у пасёлак Бодры. Тут, у сярэдняй сялянскай сям’і, прайшло яго дзяцінства. Вучыўся ў Баршчоўскай сямігадовай школе, пасля яе заканчэння паступіў у Рэчыцкае педагагічнае вучылішча, дзе і пачаў пісаць свае літаратурныя творы. Скончыў завочна Гомельскі настаўніцкі інстытут.


У мясцовай і абласной газетах друкаваліся яго вершы і апавяданні. Першая кніжка “Мая песня”, увабрала адзінаццаць твораў. Для дзяцей напісаны кнігі “Вернасць слову”, “Зачараваны гарлачык”, “На вуліцы Сонечнай”… Асобныя творы друкаваліся ў перакладзе на ўкраінскую, польскую і латышскую мовы.


Сярод найбольш удалых твораў сам пісьменнік лічыць аповесці “За Дняпром, у другім эшалоне”, “Апанаска Лугавы”, “Валя Лугавая”, “Журлівіца” і некаторыя асобныя апавяданні. Шматлікія дзіцячыя апавяданні змешчаны ў падручніках для школьнікаў, дапаможніках для пазакласнага чытання.


Не мясцовая родам Лідзія Долбікава — нарадзілася яна ў пасёлку Брылёва Гомельскага раёна, закончыла ў свой час Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум, потым Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, працавала ў сельгасвытворчасці, пасля — у Гомельскім абласным выканаўчым камітэце, а ў 2004 годзе лёс закінуў яе на Лоеўшчыну. За гэтыя шэсць гадоў, што Лідзія Дзмітрыеўна жыве і працуе ў нашым раёне, яна стала для жыхароў раёна сапраўды сваёй. Нават вершы яе — пра Лоеўшчыну, яе гераічную гісторыю, прыгажосць прыроды, шчырасць мясцовых людзей — сведчаць пра тое, што і для яе самой гэтая зямля стала роднай, святой.


Дарэчы, друкаваліся яны і ў мясцовых, і ў рэспубліканскіх выданнях. Да таго ж, Лідзія Дзмітрыеўна з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў, выпусціла друкаваную кніжку вершаў «С любовью к жизни».


Кожны напісаны ёю радок, нібы штрышок маляўнічага пейзажа або партрэта — пранікнённы асаблівай пяшчотай, любоўю да ўсяго прыгожага, імкненнем знайсці асаблівы змест нават у самых простых рэчах. У сваіх вершах Лідзія Дзмітрыеўна не толькі перадае свае пачуцці, мастацкае ўспрыманне наваколля, але і прымушае сэрцы чытачоў трапятаць неяк па-асабліваму, яна вучыць іх прыкмячаць нешта асаблівае ва ўсім, што ёсць вакол нас: у блакітным небе, маленькай кветачцы, падаючым залатым лісточку. І гэта ёй удаецца.


Т. НАВУМЕНКА, дырэктар Лоеўскай ЦБС.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK