ТЫ Ж МАЯ ПЕРАПЁЛАЧКА, ТЫ Ж МАЯ НЕВЯЛІЧКАЯ

Цікавае побач з намі


Сапраўды, птушачка невялічкая. А вось карысць з яе куды большая, асабліва калі ў доме ёсць малыя дзеці. Менавіта з клопатам пра іх здароўе і вырашылі разводзіць на сваім падвор’і перапёлак прыёмныя бацькі Наталля і Іван Краўчанкі, якія разам са сваімі шасцю дзеткамі жывуць у доме сямейнага тыпу. Прычым, пачалося ўсё нават не з набыцця птушанят.


— Некалі, яшчэ ў 1993-м годзе муж знайшоў у часопісе “Хобби” макет і рэкамендацыі, як можна ўласнаруч змайстраваць інкубатар, — расказвае Наталля. — Паспрабаваў і сам, павялічыўшы свой выраб крыху ў памерах — на большую раскладку яек. Атрымалася. Спачатку выводзілі куранят, пасля нейкі час інкубатар наш стаяў без справы. А не так даўно спатрэбіўся. Калі адзін з нашых дзетак, Коля, захварэў, пасля аперацыі нам параілі даваць яму кожны ранак сырыя яйкі перапёлак, маўляў, вельмі добры гэта сродак для ўмацавання імунітэту. Знаёмыя далі нам яек, і мы вырашылі паспрабаваць вывесці з іх птушанят. Роўна праз 17 дзён з палавіны кладкі вывеліся маленечкія, памерам са шкарлупінку грэцкага арэха, перапёлачкі. Колькі радасці было і ў нас саміх, і ў дзяцей! Клапаціліся пра вывадак усёй сям’ёй. Муж майстраваў спецыяльныя клеткі, каб ім і ўтульна было, і цёпленька. Дзеці кармілі, чысцілі. Ужо праз дзесяць дзён птушаняты абраслі пер’ем, а праз два месяцы пачалі несці яйкі.


Зараз у Краўчанак 15 перапёлак — 1 самец і 14 самачак. Кормяць іх гаспадары звычайным камбікормам для курэй-нясушак, дадаючы ў рацыён яблыкі, моркву, капусту. А за гэта штодня атрымліваюць па 10-12 дробненькіх канапаценькіх яек.


— Перапёлачкі нашы ручныя, не баяцца ні нас, ні дзяцей, — усміхаецца Наталля і ў доказ дастае адну з птушачак і яйка. — Вось глядзіце. Праўда, жывучы ў няволі, яны поўнасцю страцілі інстынкт выседжвання яек. Так што птушанят можна вывесці толькі ў інкубатары. Вось такія яны — перапёлачкі.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”. НА ЗДЫМКУ: Наталля Краўчанка і яе гадаванцы. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK