Выстаўкі
Цікавыя экспанаты размясціліся на днях у памяшканні музея бітвы за Днепр. На гэты раз свае работы на суд лаяўчан выставілі майстры Уборкаўскага цэнтра рамёстваў.
У іх залатых руках ажываюць і набываюць незвычайны, сапраўды залаты выгляд самыя звычайныя рэчы. І тым больш саломка. Якіх толькі дзівосаў ні створана з яе ўборкаўскімі ўмельцамі: красуні-лялькі, казачныя птушкі, цуда-кветкі, кашолкі, пано, шкатулкі, какошнікі — усяго й не злічыць. Ды іх і не лічаць — проста глядзяць і дзівяцца з гэтага хараства.
Дарэчы, на гэты раз на выстаўцы прадстаўлены не толькі саламяныя вырабы. Не меншую цікавасць уяўляюць і ўзоры адзення — не проста нацыянальнага беларускага, а таго, што насілі жанчыны менавіта нашай, лоеўскай мясцовасці. Пра адметнасці афармлення святочных убораў старадаўніх прыгажунь-лаяўчанак цікава і даступна вам паведамяць супрацоўнікі музея, дзякуючы старанням якіх, дарэчы, мы і атрымліваем у чарговы раз магчымасць дакрануцца да свету мастацтва — нечага сапраўднага, спрадвечна-беларускага, вечнага. Так што не праходзьце міма, заходзьце. Даведаецеся шмат цікавага.
Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.