Як зберагчы пасевы вяскоўцаў?

Ёсць праблема


Не так даўно, справіўшыся з уборачнымі работамі на ўласным агародзе, мы сямейнай парай наведалі вёску Кашовае, за Дняпром. Там ужо даўно жыве родная цётухна маёй жонкі Параска Адамаўна — дабрэйшай душы, гасцінны і ветлівы чалавек. З маленства — а гэтай жанчыне цяпер ужо 86 гадоў — яна звязана з лесам, з яго жыццём і прыгодамі. І зараз, нягледзячы на такі немалы ўзрост, ходзіць восенню ў грыбы, а летам — у ягады. Калі яшчэ бацькі не ўступілі ў створаны калгас, яна пасвіла пад шатамі дрэў каня. Нават ноччу дзяўчынцы даводзілася адной выконваць гэтую небяспечную, не толькі па мерках дзіцяці, а і дарослых, работу. Пасля, як вырасла, працавала ў мясцовым калгасе, саўгасе, у лясніцтве на пасадцы дрэўцаў, нарыхтоўцы драўніны, падсочцы і зборы смалы-жывіцы. І за час работы, і пасля, на пенсіі, якіх толькі жывёлін яна не сустракала — ласёў, дзікоў, касуль і нават янотаў і барсукоў. У цёткі Параскі ў галаве, як у нейкім механічным камп’ютары, захаваліся дзесяткі цікавых гісторый пра сустрэчы з насельнікамі лесу. Але ў апошнія гады ёй асабліва дакучаюць дзікі.


Ды не толькі ў адной цёткі Параскі такая бяда, а і ў іншых жыхароў зарэчнай левабярэжнай зоны Дняпра. Моцнымі, доўгімі, як ствол ружжа, лычамі дзікі зводзяць на нішто цяжкую працу вяскоўцаў.


— Я ў той год зімавала якраз у дачкі каля Артукоў, — расказвае цётка Параска. — Вярнулася вясной — бачу, што каля хлява ў траве капытныя змясцілі сабе логава. Пад яблыняй таксама сабе месца выклалі, перакапалі ягаднік. Пасадзіла бульбу, угнаеннямі мінеральнымі падсыпала, думала, дзікі не возьмуць. Ды дзе там — усе клубні выбралі. І што толькі ні рабіла, каб адвадзіць “прышэльцаў”! На агароджу прывязвала дрот, вешала металічныя банкі, каб звінелі. Нават стукала па пячной засланцы. Пабарабаню крыху, адпачну, падрамлю, зноў бяруся за прылады. Але дзікі мяне абхітрылі. Неяк легла паспаць аж у чатыры гадзіны раніцы. Глянула, а ў змроку нібы авечкі ходзяць па траве. Прыгледзелася, а гэта — дзікі “пораюцца”.


І далей працягвае цётка Параска свой расказ:


— Дачка ад хатняй праводкі працягнула электрычны шнур, павесіла ліхтар у двары. Думала, угамоняцца, спалохаюцца лычастыя святла. Ды дзе там!.. Бульбу прыкапваць давялося. Агуркі падрылі. Не мінаюць цыбулю, памідоры. А кукурузу пасеяла — усё зерне з зямлі выхапілі. Авёс з каласкоў сашморгваюць, з’ядаюць. Жыта неяк пасеяла — павалялі “нечысці” сцяблы, ядуць зерне. Не падабаецца ім толькі ячмень, бо асцюкі калючыя…


Спрабавала цётка Параска ваяваць супраць “непажаданых гасцей” цывілізаванымі спосабамі. Абодва зяці яе жывуць далекавата, бываюць нечаста. Папрасіла мясцовых мужчын падладзіць агароджу. А тыя прыбілі дзве жэрдкі і на гэтым спыніліся. Дзікі зноў ускочылі ў агарод. Цётка агледзела, што плот поўнасцю не зроблены, як след, папрасіла даладзіць для надзейнасці. А агароджа вакол сядзібы ў яе немаленькая па працягласці — у адным месцы прыб’еш, у другім ужо жэрдку патрэбна мяняць.


Я ў тыя дні, калі пабыў за ракой, азнаёміўся з мясцовасцю вакол, наведаўся за грыбамі ў лес. Скажу, што карціна наводзіць на невясёлы роздум. Што там могуць знайсці для спажывы дзікі ў беднай супясчанай глебе зарэчнай тэрыторыі? Вось і ўзрываюць сваімі моцнымі лычамі амаль усё, што трапляецца на шляху і здаецца прыдатным для спажывання.


У маршрутным таксі да Гомеля ехалі жанчыны з Кашовага, Падрачыцкага і Першамайска. Таксама расказвалі сваім спадарожнікам аб тым, што дзікі пашкодзілі пасевы бульбы і іншых культур. Жывёліна гэтая вельмі асцярожная, днём рэдка трапляецца на вочы людзям, затое ноччу можа “пагаспадарыць” на палетках. Хацелася даведацца думку наконт нашэсця “непажаданых гасцей” тых, хто мае справу з экалогіяй. Звярнуўся за растлумачэннем да начальніка раённай інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя В. Юкоўскага. Ён расказаў, што некалькі чалавек вясной ездзілі па скарзе ў вёску Рудня Каменева. Там вяскоўцы, як лічыць Валерый Станіслававіч, на шляху міграцыі дзікоў самавольна засеялі ўчасткі. Заканадаўства нашай краіны накіравана на захаванне жывёлін, тым больш, што некаторыя мясціны зарэчнай зоны ўваходзяць да тэрыторыі Днепра-Сожскага заказніка, дзе нельга весці адстрэл.


А як быць сялянам, некаторым дачнікам? Усе ж пасевы не абгародзіш, не паставіш надзейныя жалезабетонныя або металічныя агароджы? Гэтыя пытанні так і засталіся без адказаў.


Давялося мне ў той жа дзень звярнуцца і ў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па нашаму раёну. Яго кіраўнік растлумачыла, што работнікі займаюцца страхаваннем пасеваў толькі сельгаспрадпрыемстваў. А што датычыцца сялян, то іх інтарэсы засталіся па-за ўвагай, бо вельмі цяжка вызначыць урон, нанесены дзікамі.


З уласнай практыкі ведаю, што селянін можа паставіць надзейны плот толькі для некалькіх градак. На астатняе яму не хопіць ні сіл, ні сродкаў. А калі прысядзібны ўчастак або кавалак зямлі за вёскай налічвае 40-50 сотак? Як тут быць?


Можа, трэба было б пайсці на нейкі эксперымент, арганізаваць адлоў лішніх асобін дзікоў і перадаваць іх у заапаркі, калі страляць іх нельга? А так атрымліваецца, што інтарэсы ахоўнікаў прыроды і вяскоўцаў не супадаюць. Нажаль, знікае ў сельскіх жыхароў гармонія з жывой прыродай пры сустрэчы з дзікамі, небяспечнымі і агрэсіўнымі жывёлінамі.


М. Мельнічэнка, ветэран журналістыкі.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK