ПРАГАЛАСУЙ ЗА СВОЙ РАЁН!

Увага!


“Сем цудаў Беларусі”. Зусім невыпадкова гэты праект “Народнай газеты” быў прызнаны пераможцам шостага Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая літара” ў намінацыі “Гран-пры. Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў”.


Упэўнена, што пастаянныя чытачы “Народнай газеты” не маглі не звярнуць на яго ўвагу. Выходзіць праект штотыднёва ў фармаце тэматычных палос, на якіх размяшчаюцца падборкі з сямі ілюстраваных заметак, што адкрываюць нам, беларусам, знаёмую і ў той жа час такую незнаёмую Беларусь. У пералік сямі цудаў абраных рэгіёнаў, як правіла, трапляюць сапраўды самабытныя і ўнікальныя аб’екты, помнікі гістарычнай і культурнай спадчыны і нават людзі, іх лепшыя традыцыі. Кожны раз у аб’ектыве “Сямі цудаў Беларусі” — новы горад або раён, і ўсім нам, жыхарам краіны, прапануецца зрабіць свой выбар на карысць тых асоб, з’яў ці помнікаў, якія, на наш погляд, з’яўляюцца найбольш значнымі і цікавымі. Гэткім чынам, як кажуць, усім мірам, з вялікага мноства прапанаваных цудаў мы зможам абраць самыя што ні ёсць дастойныя. Яны і ўвойдуць у пералік сямі цудаў нашай прыгожай сінявокай Бацькаўшчыны.


Дарэчы, нашай Лоеўшчыне праект быў прысвечаны 4 верасня, якраз напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Называўся ён “Дзеці вялікай ракі” і прапанаваў для знаёмства з нашым раёнам сапраўды вартыя ўвагі аб’екты. Перш за ўсё гэта ікона святой велікамучаніцы Параскевы і капліца, дзе яна ўпершыню з’явілася яшчэ ў XIX стагоддзі, напярэдадні вайны са шведамі. Другі цуд Лоеўшчыны — рэспубліканскі біялагічны заказнік «Днепра-Сожскі», на тэрыторыі якога было знойдзена шмат рэдкіх, занесеных нават у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету. Не меншую цікавасць жыхароў і гасцей гарпасёлка выклікаюць і астатнія цуды нашага краю. Як, напрыклад, месца Лоеўскай бітвы 31 ліпеня 1649 года, якая стала адным з самых знакавых і трагічных эпізодаў антыфеадальнай казацка-сялянскай вайны 1648-1651гг.; або помнік пазнейшых, але не менш кровапралітных падзей — брацкае пахаванне ў вёсцы Дзяражычы, дзе знайшлі вечны спакой 1326 воінаў-вызваліцеляў нашай зямлі, у тым ліку і 10 Герояў Савецкага Саюза. Сапраўды ўнікальнымі з’яўляюцца таксама помнік прыроды — геалагічнае агаленне, фарміраванне якога адбылося 135-110 тысяч гадоў назад; курганныя магільнікі перыяду ад тысячы гадоў да н.э. да Х-ХI ст. н.э. Ну і, вядома ж, сядзібна-паркавы ансамбль першай паловы XIX стагоддзя — былы дом графіні Бараноўскай.


Кожны з названых куточкаў варты таго, каб стаць адным з сямі цудаў Беларусі. І для гэтага трэба толькі адно — набраць як мага большую колькасць галасоў і прапаноў жыхароў, у тым ліку і нашых з вамі, якія можна дасылаць да нас, у рэдакцыю, або на адрас рэдакцыі “Народнай газеты”: г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10 а, ці пакінуць на сайце “НГ” www.ng.by. Не заставайцеся ў баку, далучайцеся і запрашайце прыняць удзел у галасаванні вашых сяброў і знаёмых. Разам мы зможам адкрыць нашу Лоеўшчыну ўсёй краіне, зрабіць яе цікавай і прыцягальнай — сапраўднай жамчужынай Беларусі. Галасуйце за сваю Лоеўшчыну!


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK