Абсалютная чэмпіёнка — гонар нашай краіны

Мы — беларусы!


Наталля ПРЫМАЧЭНКА, ураджэнка Лоева, двойчы срэбны прызёр Чэмпіянату Свету па пауэрліфтынгу.


Пасля заканчэння 10 класаў раённай гімназіі, Наталлі прапанавалі працягваць вучобу ў школе алімпійскага рэзерву горада Мазыра. Дзяўчына згадзілася, а ўжо праз год стала студэнткай аддзялення фізічнай культуры і спорту Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя І. Шамякіна. Зараз яна вучыцца на трэцім курсе. Як і некалі ў роднай гімназіі, дзе наведвала ледзь не ўсе гурткі і секцыі, ва універсітэце таксама актыўна займаецца спортам і неаднойчы ўжо змагла праявіць сябе не проста як адораны, а і настойлівы, мэтанакіраваны спартсмен, які ведае цану сваім здольнасцям, ведае, чаго хоча дасягнуць у жыцці.


Пауэрліфтынг. Менавіта так называецца той від спорту, у якім у сваёй вагавай катэгорыі, да 60 кг, Наталля паўнапраўна прэтэндуе не толькі на званне найперспектыўнейшай спартсменкі ў Беларусі, а і адной з лепшых ва ўсім свеце. І права гэтае дзяўчыне дае пералік яе перамог: дастойны выступ і перамога на Чэмпіянаце Еўропы ў Братыславе (Славенія), затым удзел у Чэмпіянатах Свету — у Празе (Чэхаславакія) і Люксембургу, дзе наша зямлячка Наталля Прымачэнка двойчы пацвердзіла тытул срэбнага прызёра, уступіўшы золата першы раз немцы, а другі — расійскай спартсменцы. Прычым вынікі, якія прадэманстравалі Наталля і расіянка, былі аднолькавыя, ад перамогі нашу суайчынніцу аддзяліла толькі тое, што сама яна аказалася на 100 грамаў важчэйшай за сваю суперніцу. І гэты факт толькі “падагрэў” спартыўны інтарэс і настойлівасць дзяўчыны, а яшчэ яе веру ў тое, што рана ці позна, а перамога будзе ў яе руках. Абавязкова. Вось і зусім нядаўна яна ў чарговы раз прадэманстравала проста бліскучае выступленне на адкрытым Кубку РБ па пауэрліфтынгу і ўстанавіла рэкорд Рэспублікі Беларусь у жыме штангі лежачы, адстаяўшы званне абсалютнай чэмпіёнкі краіны.


— Галоўнае — хацець гэтага і імкнуцца — працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, — упэўнена Наталля. — Тады рэальнымі становяцца любыя планы. Іншы раз проста крыўда бярэ, калі бачыш, што чалавек, які мае патрэбны патэнцыял, хізуе толькі тым, чым валодае ад прыроды, і ніяк не імкнецца развіваць гэты дар, выхоўваць у сабе такія важныя ў спорце якасці як настойлівасць, цярпенне, імкненне пастаянна працаваць над сабой. Проста быць здольным мала. І не толькі ў спорце. Не стамляюцца паўтараць гэта нашы выкладчыкі, трэнеры, з якімі, дарэчы, асабіста мне вельмі пашанцавала. Займаюцца са мной муж і жонка Юрый Анатольевіч і Юлія Мікалаеўна Тачыцкія — трэнеры ад Бога, сапраўдныя прафесіяналы і проста добрыя і шчырыя людзі, неабыякавыя не толькі да спартыўных поспехаў сваіх выхаванцаў, а і да нашых штодзённых праблем. За гэта я ім вельмі ўдзячна. Як і за тое, што адкрылі для мяне такі від спорту як пауэрліфтынг. Галоўная яго інтрыга — моц і прыгажосць. Паверце, нават са стакілаграмовай штангай у руках дзяўчына можа выглядаць эфектна і прыгожа. Шкада толькі, што на сённяшні дзень гэты від спорту не з’яўляецца алімпійскім. І тым не менш, прамяняць яго на іншы не магу, працягваю займацца і атрымліваю ад гэтага шчырае задавальненне. 


— Якія задачы ставіш перад сабой? Да чаго імкнешся?


— Закончыць навучанне ва універсітэце, працягваць барацьбу ў міжнародных спаборніцтвах і абавязкова ўзяць золата, — усміхаецца Наталля. — А ўвогуле, на ўласным прыкладзе я ўпэўнілася: у нашай краіне чалавек заўсёды можа дабіцца таго, да чаго імкнецца. Праўда, проста шчыра жадаць стаць чэмпіёнам мала, патрэбна яшчэ і дзейнічаць, зрабіць для гэтага ўсё, што ў вашых сілах. І першым крокам, які вы зробіце на гэтым шляху, павінны стаць сістэматычныя заняткі фізкультурай і спортам. Сёння, звяртаючыся да нашай моладзі, мне б хацелася запрасіць усіх у спартыўныя залы. Па-першае, быць фізічна развітым, здаровым — прыгожа, модна і прэстыжна. Па-другое, толькі тут вашы настаўнікі змогуць заўважыць і раскрыць тыя здольнасці і таленты, якія вы маеце, каб пасля даць штуршок для далейшага вашага развіцця. Вялікае заўсёды пачынаецца з чагосьці меншага. Для мяне самым першым крокам у спорт сталі звычайныя заняткі фізкультурай, за што я ўдзячна настаўніку гімназіі Сяргею Валер’евічу Максіменка, пастаяннае наведванне розных гурткоў і секцый, якія толькі працавалі ў Лоеве. І толькі пасля я трапіла ў Мазыр. Зараз жа спорт стаў для мяне не проста ладам, а і сэнсам жыцця, дапамог убачыць свет, паверыць ва ўласныя сілы. І я ўдзячна за гэта сваім трэнерам, сваім бацькам, якія заўсёды падтрымлівалі мяне, не шкадавалі ні сіл, ні сродкаў, каб іх дачка магла нечага дасягнуць у жыцці. І я пастараюся апраўдаць іх давер, ажыццявіць іх мары.


Гутарыла Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK