ПАКАЗЧЫКІ МАГЛІ Б БЫЦЬ ВЫШЭЙШЫМІ

Жывёлагадоўля — падводзім вынікі


Для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Лоеўшчыны (і не толькі) ён стаў не проста чарговым выпрабаваннем, а і сур’ёзным экзаменам на ўменне гаспадарыць. З якімі ж вынікамі завяршылі яго жывёлаводы раёна? Якія з намечаных год назад планаў удалося ажыццявіць, а якія не? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па жывёлагадоўлі Алега Бараноўскага.


Як адзначыў Алег Усеваладавіч, год для сельгасвытворцаў сапраўды аказаўся няпростым, і гэта не магло не сказацца на паказчыках у жывёлагадоўчай галіне, асабліва ў малочнай вытворчасці. Валавы надой за студзень-снежань 2010 г. склаў 22910,1 тоны або 101 працэнт да ўзроўню папярэдняга года. На паказчыкі 2009 года не змаглі выйсці тры гаспадаркі: СВК “Дняпровец” — 93,2 %, КСУП “Ураджайны” — 97,5, ПСУП “Лоеў-Агра” — 90,0%. Астатнім у той ці іншай ступені гэты рубеж усё ж падкарыўся. Найвышэйшы валавы прырост малака — ад 111 да 103,2 працэнта — атрыманы жывёлаводамі КСУП “Бывалькі”, “Каўпень-Агра” і “Малінаўка-Агра”.


3624 кілаграмы. Менавіта такі паказчык па вытворчасці малака ў разліку на кожную карову атрыманы за год у раёне. Дарэчы, у 2009 г. гэтая лічба ў справаздачы была на 32 кілаграмы вышэйшай, як, да слова, і паказчыкі ў КСУП “Ураджайны”, у якім ад кожнай каровы недаатрымана па 694 кг малака, у СПК “Дняпровец” — мінус 415 кг, ПСУП “Лоеў-Агра” — мінус 304 кг. Самыя ж высокія надоі ў разліку на кожную карову атрыманы даяркамі СВК “Дняпровец” (нягледзячы на страту пазіцый, гэтая гаспадарка па-ранейшаму застаецца лідэрам сярод іншых сельгаспрадпрыемстваў Лоеўшчыны з паказчыкам 4484 кг), КСУП “Малінаўка-Агра” — 4316 кг (+165 кг), КСУП “Каўпень-Агра” — 4080 кг (+242 кг). Менш за ўсіх надаілі малака ў разліку на адну карову ў ПСУП “Лоеў-Агра” — 2727 кг.


Не парадавала і становішча з рэалізацыяй атрыманай прадукцыі. За 2010 год дзяржаве было прададзена 18471 т малака, або толькі 98,6 % да ўзроўню папярэдняга года. Больш, чым у 2009-м, змаглі рэалізаваць малака КСУП “Бывалькі”, “Малінаўка-Агра”, “Страдубка”, “Зара”. Менш за ўсіх — зноў жа ПСУП “Лоеў-Агра” — 87,4 %. Таварнасць малака. У сярэднім па раёне яна склала 80,7 % (для параўнання, у папярэднім годзе — 82,2%). Найлепш папрацавалі на павышэнне гэтага паказчыка жывёлаводы СВК “Дняпровец” — 87,3 %, а таксама КСУП “Малінаўка-Агра” — 83,6, “Бывалькі” — 82,8 %. Горш за ўсіх — у КСУП “Страдубка” — 74,8%.


Зніжаны і паказчык тлустасці рэалізуемага дзяржаве малака. Калі ў 2009 г. ён быў роўны 3,75 %, то па выніках 2010-га — 3,72%. Вышэйшая, чым у сярэднім па раёне, тлустасць малака ў КСУП “Малінаўка-Агра” і “Каўпень-Агра”, а таксама ў СВК “Дняпровец”, КСУП “Ураджайны”, ПСУП “Лоеў-Агра”.


Дарэчы, менавіта вышэйназваныя гаспадаркі змаглі не проста дабіцца павышэння якасці атрымліваемай малочнай прадукцыі, а і рэалізаваць частку надоенага гатункам “Экстра”. Больш за ўсіх — 52,5 % ад таго, што было прададзена дзяржаве, рэалізавана сортам “Экстра” ў СВК “Дняпровец”, 23,1 % — у КСУП “Ураджайны”, астатнія сельгаспрадпрыемствы, вядома ж, менш, але першыя крокі ў патрэбным напрамку, як кажуць, зроблены, застаецца толькі прытрымлівацца ўзятага курсу. Дарэчы, вышэйшым гатункам раёнам было прададзена за год 73,7 % прадукцыі (у 2009 г. — 40,7%), першым — толькі 11,1 % (у 2009 г. — 52,5). Так што ў пытаннях якасці жывёлаводы раёна папрацавалі нядрэнна.


Як, да слова сказаць, і па вытворчасці мясной прадукцыі, аналіз паказчыкаў якой па выніках мінулага года аказаўся куды больш суцяшальным. Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы дасяглі адзнакі ў 2574,8 т, што на 14 працэнтаў больш, чым ў папярэднім годзе. Варта адзначыць, што са знакам плюс спрацавалі ўсе гаспадаркі раёна. Самага значнага прыросту валавой вытворчасці мяса змог дабіцца калектыў СВК “Дняпровец” — 121 %, а таксама КСУП “Бывалькі” і “Страдубка” — па 117 %, “Каўпень-Агра” — 115 %.


Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы. У цэлым па раёне гэты паказчык склаў 557 г, што на 57 г больш, чым у 2009 г. Усе гаспадаркі, акрамя КСУП “Малінаўка-Агра”, дзе прывагі аказаліся на ўзроўні папярэдняга года, змаглі павысіць паказчыкі, якія мелі год назад. Самых жа значных поспехаў дабіліся калектывы СВК “Дняпровец” і КСУП “Каўпень-Агра”, у якіх штодзённыя прыбаўкі ў вазе жывёлы склалі па 604 г, ПСУП “Лоеў-Агра” — 594 г, КСУП “Ураджайны” — 575 г (+111 г).


Усяго за 2010 год гаспадаркамі Лоеўшчыны было рэалізавана дзяржаве 2132 т мясной прадукцыі, што на 30 працэнтаў больш, чым у 2009-м. Самы значны ўклад у гэтае дасягненне ўнесены жывёлаводамі КСУП “Малінаўка-Агра”, якімі было прададзена 416 т мяса, КСУП “Каўпень-Агра” — 316 т, СВК “Дняпровец”, КСУП “Бывалькі” і “Зара” — 270 т і больш.


У разліку на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў вытворчасць мяса па раёне склала 50,3 ц супраць 38,6 ц у папярэднім годзе. Самыя высокія гэтыя паказчыкі ў СВК “Дняпровец” і КСУП “Каўпень-Агра” — 79,2 і 74,5 ц адпаведна.


Увогуле, як падкрэсліў А. Бараноўскі, названыя вышэй лічбы — гэта яшчэ далёка не мяжа магчымасцяў нашых сельгаспрадпрыемстваў. І прычыны становішча крыюцца не толькі ў неспрыяльных умовах надвор’я. Ёсць і іншыя, пра якія мала проста ведаць — іх неабходна ўхіляць. Усім разам. На кожным участку. З самага пачатку года.


Няма нічога горшага — чым чакаць і даганяць, яшчэ ў даўніну заўважалі нашы продкі. І калі весці размову пра жывёлагадоўлю, то гэтае выслоўе не толькі захоўвае актуальнасць, а і набывае свае, характэрныя толькі для яе акцэнты. Дык, можа, варта прыгледзецца да іх і працаваць так, каб заўтра не даводзілася даганяць тое, што ўпусцілі пазаўчора, учора, сёння?


Вольга КАЛЯДЗЕНКА,”ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK