“Тварэц справядлiвага жыцця”

У бібліятэках


Менавіта такой была тэма лiтаратурнай гасцёўні ў рамках пасяджэння клуба аматараў паэзіі “Гучальнае слова”, якая прайшла ў раённай бібліятэцы на мінулым тыдні. Прысвячалася яна 90-годдзю з дня нараджэння народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Шамякiна.


Вядучыя В. Штучка і В. Давыдоўская пазнаёмілі прысутных з жыццём і творчасцю знакамітага беларуса.


Што ж сучаснаму грамадству гаворыць творчасць I. П. Шамякiна? Героi твораў пiсьменнiка жывуць паўсядзённымi клопатамi свайго часу, змагаюцца за сваю Айчыну ў бiтвах кровапралiтнай вайны, з радасцю пераможцаў будуюць на руiнах i папялiшчах новае жыццё, жывуць справамi вёскi, думаюць пра новае архiтэктурнае аблiчча нашых гарадоў, устурбованы чарнобыльскiм лёсам суайчыннiкаў, тужаць аб развале вялiкай адзiнай краiны, шукаюць страчанага прытулку. Сапраўдным гуманiзмам, як вогнішча цеплынёй, дыхаюць шамякiнскiя старонкi, даводзячы нам, беларусам, запаветную, вынашаную пiсьменнiкам iсцiну: жыццё на зямлi пры любых абставiнах павiнна заставацца па-чалавечы адказным i годным.


Народ па-сапраўднаму любiў пiсьменнiка. Бо ён выносiў на людзi свае ўласныя перажываннi і занепакоенасць.


“Я хачу аднаго, каб наша жыццё не было такiм — жорсткiм i бесчалавечным…”, — гаварыў пiсьменнiк. Яго турбаваў лёс творчай iнтэлiгенцыi Беларусi, хацелася, каб творчыя людзi змаглі знайсці сябе на новых падмостках жыцця, каб iх рэальны ўдзел у сучаснасці быў значным.


Iван Пятровiч Шамякiн любiў свайго чытача, умеў не адпускаць ад сябе, прапаноўваючы нечаканыя, часам вострыя сюжэты.


На жаль, яго ўжо няма з намi. Еле ўсе мы па-ранейшаму адчуваем яго прысутнасць у лiтаратуры. Бо беларуская лiтаратура XX стагоддзя, хоць i багатая на яркiя iмёны, без творчасцi Шамякiна нагадвала б сабою тое дрэва, у якога знiкла б адна галоўная, самая магутная галiна.


З гадамi становіцца ўсё вiдавочней, што творчасць гэтая — мастацкi летапiс жыцця XX стагоддзя. Кнiгi — дзецi пiсьменнiка, ён iм i бацька, i мацi. Патрыярх беларускай прозы XX стагоддзя I. П. Шамякiн, якому 30 студзеня споўнiлася б 90 гадоў, мог без усялякага перабольшвання сказаць аб сваiх лiтаратурных дзецях: светлая доля ў вас, мае дарагiя, i шлях вам шчаслiвы.


Кнiгi Iвана Шамякiна сталi верным духоўным компасам беларускай нацыi. Не так лёгка сказаць, якой з iх пашчасцiла больш. Таму што ў нашай краіне не знайсцi, напэўна, нiводнай хаты, нiводнай сям’i, дзе б не ведалi цi не чыталi кнiг народнага пiсьменнiка I. П. Шамякiна.


На сустрэчы, акрамя мясцовых паэтаў Аляксандра Кукары, Наталлі Кудраўцавай, Мiкалая Мельнiчэнкі, Iвана Лямешкі і Галiны Сусла, якім, дарэчы, пашанцавала асабіста сустрэцца з І. Шамякіным, прысутнічалі навучэнцы педагагiчнага каледжа — наведвальнікі літаратурнага аб’яднання “Маладыя галасы”, і вучні сярэдняй школы iм. А. Казлова разам з настаўніцай беларускай мовы i лiтаратуры А. Паўлюшчанка. Да слова, Анастасія Рыгораўна дапамагала не толькі ў правядзенні, а і ў падрыхтоўцы мерапрыемства, на якім, апрача ўсяго, гучалі вершы ў гонар народнага пісьменніка “Вечны геній твой” А. Кукары, “Памяці І. П. Шамякіна” Г. Сусла і інш.


Запісала Святлана Місачэнка, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK