СВЯТКАВАЛІ ЎСЁЙ НОВАЙ БАРШЧОЎКАЙ — было і цікава, і весела

Свята вёскі


Родны куточак. Кожны з нас ступае на гэтую святую зямлю яшчэ наіўным дзіцём, кволымі ножкамі робіць першы няўпэўнены крок, затым другі, трэці… І гэтая бясконцая колькасць пакінутых намі слядоў і ёсць жыццё — чалавечы лёс. Чалавечы… А ці бывае лёс у вёскі? Чым, якой колькасцю крокаў можна вымераць яе жыццё? Адказы на гэтыя пытанні намагаліся даць у мінулую суботу жыхары Новай Баршчоўкі, якія сабраліся ў гэты дзень разам, каб дружна, урачыста і весела адзначыць свята роднай вёсачкі.


Перадсвяточная атмасфера адчувалася тут яшчэ задоўга да таго дня, на які было прымеркавана правядзенне мерапрыемства. І справа не толькі ў тым, як хутка разыходзілася навіна пра свята ад аднаго двара да іншага. Людзі загадзя рыхтаваліся да яго — жыхары наводзілі парадак на вуліцах, пазбаўляліся ад непрыгляднай расліннасці, падфарбоўвалі агароджы, а арганізатары Дня вёскі — работнікі Малінаўскай і Нова-Баршчоўскай устаноў культуры — тым часам да драбніц дапрацоўвалі сцэнарый, рыхтавалі рэквізіт, намагаючыся не ўпусціць ніводнай драбніцы, каб да суботы, 24 верасня, усё, што задумалі, было гатова. Не засталася ў баку ад агульных клопатаў і дырэкцыя КСУП “Малінаўка-Агра” — гаспадаркай былі выдзелены сродкі на арганізацыю салодкага стала для вяскоўцаў, на набыццё сувеніраў.


І вось гэты дзень наступіў. Бліжэй да 12-й гадзіны дня каля памяшкання Нова-Баршчоўскага сельскага Дома народных традыцый пачалі збірацца вяскоўцы.


— Яшчэ да пачатку мерапрыемства я налічыў звыш шасцідзесяці чалавек, а людзі ўсё падходзілі і падходзілі, — расказвае старшыня Малінаўскага сельсавета Рыгор Мельчанка. — Месцам правядзення свята была абрана адкрытая пляцоўка побач з мясцовай установай культуры, якая стараннямі арганізатараў: Таццяны Кісялёвай, Наталлі Малахавай, Ганны Кузьменка, Анатоля Серабракова, Алены Баршчун і Таццяны Шылец ператварылася ў прыгожы і сапраўды ўтульны куточак. Гасцей запрашалі за накрытыя белымі абрусамі столікі, побач, прыцягваючы агульныя погляды, размясцілася выстава работ вясковай вышывальшчыцы Валянціны Прымак, ды і самі ўдзельнікі — прыгожа апранутыя, з яркім бляскам у вачах сталі ўдалым упрыгожаннем свята.


Добра падмецілі нашы продкі, сказаўшы некалі: як пражыў — такую і славу заслужыў. І гэта, зноў жа, пра людзей гаворка. Хаця… хто як не яны, не людзі, увасабляюць у сабе і твар роднай вёскі, яе побыт, звычкі — яе славу? Менавіта з лёсаў жыхароў — усяго таго, што давялося ім перажыць, шчаслівага і не вельмі — сплецена і жыццё Новай Баршчоўкі. І гэтыя моманты — такія розныя, а ад таго і цікавыя пастаралася ажывіць у памяці землякоў бібліятэкар Малінаўскай сельскай бібліятэкі Ганна Кузьменка.


Шмат цікавага пра родную вёску і яе былых насельнікаў пачулі ўдзельнікі свята і ад мясцовых старажыхароў Марыі Андрэеўны і Васіля Ільіча Юрчанак, а таксама ад 88-гадовай Вольгі Якаўлеўны Дуброўскай. Усім ім з нагоды свята былі ўручаны падарункі — прычым не толькі памятныя сувеніры, а і вясёлая музыкальная кампазіцыя, якая прымусіла Вольгу Якаўлеўну нават у скокі пусціцца.


Увогуле, нямала прыгожых, кранаючых душу слоў прагучала ў гэты дзень у адрас многіх жыхароў вёскі. Не забыліся і пра тых, хто зведаў усе пакуты вайны, прайшоў праз страшныя выпрабаванні фашысцкаю няволяю. Гэта Н. Раманава, А. Сізянкова, М. Кісялёва, М. Юрчанка, В. Марозава, Г. Чапега. Многія не змаглі стрымаць слёз, слухаючы ўспаміны пра тыя страшныя часы, і толькі шчырыя прывітанні вядучых і сардэчная песня ізноў настроілі свята на вясёлы лад — з песнямі, жартамі, падарункамі. Трэба сказаць, што сувеніры на добрую памяць аб сустрэчы ў гэты дзень атрымалі многія. Сярод іх і тыя, каму менавіта ў тую суботу пашанцавала адзначаць дні нараджэння. Усяго ў вёсцы такіх людзей знайшлося двое, гэта Станіслаў Захаранка і Уладзімір Коваль. На жаль, другога з імяніннікаў на свяце не было, а вось адзінаццацігадовы Стас прымаў віншаванні і падарункі не толькі ад блізкіх, сяброў, а і ад усіх аднавяскоўцаў. Знайшліся прыемныя словы, сувеніры і музыкальныя прывітанні і для многіх іншых — ветэранаў педагагічнай працы Валянціны Пасталоўскай, Любові Кірушкінай, Клары Юрчанка, таленавітай вышывальшчыцы, цудоўнымі работамі якой проста нельга не захапляцца, Валянціны Прымак, ну і, вядома ж, для самай маленькай жыхаркі вёскі Ангеліны Куліч, якой нядаўна споўніўся 1 месяц, а таксама шматдзетных маці Наталлі Прымак, Надзеі Краўчанка, Алены Котавай, Ганны Марчанка і інш. Дарэчы, для Надзеі Краўчанка арганізатары свята падрыхтавалі і яшчэ адзін падарунак — як гаспадыні самага прыгожага на вёсцы падвор’я. А ўвогуле ўсе, каго запрашалі ў гэты дзень на імправізаваную сцэну, засталіся задаволены сустрэчай. Сярод іх і былыя ўдзельніцы існаваўшага ў Новай Баршчоўцы яшчэ ў 70-80-х гадах самадзейнага калектыву. Некалі ён налічваў каля 30 чалавек, якія не раз радавалі публіку і ў сваёй вёсцы, і за межамі Лоеўскага раёна. Зараз жа іх тут засталося зусім нямнога. І тое, што любоў да песні пасялілася ў сэрцах гэтых людзей на ўсё іх жыццё, даказала сумеснае выступленне былых самадзейных артыстаў Веры Марозавай, Ніны Раманавай, Майі Кісялёвай і Ніны Лаханька з калектывам Малінаўскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку — вясёлае, звонкае, яно прынесла задавальненне і самім выканаўцам і іх удзячным слухачам.


Прыгожая, слаўная, самабытная яна — вёска Новая Баршчоўка. Жывуць тут руплівыя працаўнікі, дбайныя гаспадары, умелыя майстры, заўсятыя аматары народнай творчасці… У іх гонар і ладзілася гэтае свята — з канцэртам, застоллем, цікавымі гульнямі і конкурсамі. Гукі музыкі, вясёлая гамонка і звонкі смех разносіліся па-над вёскай аж да самага вечара. І здавалася, гэтая сустрэча яшчэ больш зблізіла людзей, якія шмат гадоў жывуць і працуюць побач. “Блізкі сусед лепшы за далёкую радню”, — казалі нашы продкі. І свята вёскі ў Новай Баршчоўцы ў чарговы раз дало магчымасць мясцовым жыхарам упэўніцца ў справядлівасці гэтых слоў, больш даведацца адно пра аднаго, каб і надалей жыць гэтак жа дружна, зладжана, весела.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK