КАЛІ ПРАЦА І ПОСПЕХ ІДУЦЬ ПОБАЧ

Адной з ліку лепшых працаўніц на малочнатаварнай ферме № 1 КСУП “Ураджайны” з’яўляецца Святлана Дзвініна. За ёй замацавана група з 56 цялят ад нараджэння і да месячнага ўзросту. Жанчына заўсёды з вялікай адказнасцю ставіцца да пытання догляду сваіх падапечных. Ведае, што “немаўлятам” патрэбна штогадзіннае высакаякаснае і пажыўнае  харчаванне, вада, сухі і свежы подсціл. Усе гэтыя ўмовы  і імкнецца забяспечваць Святлана.  Калі нядаўна давялося пабываць на рабочым месцы жанчыны, то першае, што ўразіла — чыстыя і дагледжаныя, быццам з карцінкі, цяляты…
Увогуле, Святлана Рыгораўна вызначаецца высокай працавітасцю, усе заданні выконвае хутка і абавязкова якасна, пры гэтым прытрымліваецца тэхналагічных патрабаванняў. Вынік такіх адносін да даручанай справы — кожны маленькі гадаванец прыбаўляе ў вазе больш за 650 грамаў штосутачна. Па выніках работы С. Дзвініна ў табліцы раённага спаборніцтва сярод аператараў на адкорме маладняку БРЖ заняла другое месца.
Працы ў мясцовай сельскай гаспадарцы жанчына прысвяціла ўжо больш за дзесяць гадоў, апошнія два з якіх яна і займаецца доглядам цёлачак і бычкоў.  Святлане Рыгораўне падабаецца працаваць са сваімі гадаванцамі, тым больш з такімі маленькімі. Аб гэтым сведчыць той факт, што цялятніца  ведае па мянушках амаль усіх сваіх падапечных.
Акрамя таго што Святлана Рыгораўна на добрым рахунку ў сельгаспрадпрыемстве, яна яшчэ выдатная гаспадыня і клапатлівая матуля. У жанчыны падрастаюць чацвёра маленькіх дзяцей, якіх яна разам са сваім мужам стараецца акружыць пяшчотай і  шчырай любоўю.
Словам, усё ў жыцці жанчыны атрымалася:  яна знайшла сваё шчасце  як матуля,  як жонка і як працаўніца. Захопленая выбранай справай, С. Дзвініна ўкладвае ў яе кожны дзень часцінку сваёй душы, і, як кажуць, працуе з поўнай аддачай.  Па-гэтаму і дабіваецца не першы год выдатных вынікаў.
Вольга ПЕТУХ, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK