Каштоўны куфэрак

У дзіцячай бібліятэцы з дапамогай Гомельскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна для вучняў 6-9 класаў аформлена кніжная выстава “Каштоўны куфэрак”.
Такім чынам арганізатары імкнуцца далучыць юнакоў і дзяўчат да лепшых узораў айчыннай літаратуры, да чытання на беларускай мове. Кнігі на паліцах падзелены на своеасаблівыя віды: “Брыльянтавыя” — адлюстроўваюць фальклор: казкі, быліны, загадкі, прыказкі; “Плацінавыя” — творы беларускіх класікаў; “Сярэбраныя” — лепшыя ўзоры сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры. А “чароўны куфэрак” раскрывае свае таямніцы для самых маленькіх чытачоў.
Людзі, якія стварылі гэтыя кнігі, нібы добрыя чараўнікі, запрашаюць хлопчыкаў і дзяўчынак зазірнуць у гісторыю, перажыць нязведанныя пачуцці, дапамагаюць спасцігаць таямніцы чалавечай душы, даюць парады ў часы жыццёвых выпрабаванняў.
На выставе можна пазнаёміцца з такімі творамі, як “У ноч на Івану Купалу. Легенды і паданні”, “Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак”, “Востраў русалак: легенды і паданні”,  “Песня пра зубра” (М. Гусоўскі), “Вянок” (М. Багдановіч), “Босая зорка” (Р. Барадулін), “Беларускія народныя параўнанні” (Янкоўскі) і іншыя.
Наведайцеся ў бібліятэку, рабяты, там вы знойдзеце шмат цікавага і пазнавальнага.                                                    
Г. ВАЙЦЯШЭНКА,
загадчыца дзіцячай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK