ДОБРАСУМЛЕННЫ, ВОПЫТНЫ ПРАЦАЎНІК

Менавіта так можна сказаць пра Пятра Мікалаевіча Харошку (на фота), які доўгі час застаецца адданым сваёй малой радзіме — Лоеўшчыне  і  ўжо больш за дзесяць год працуе механізатарам у КСУП “Каўпень-Агра”.
Нарадзіўся ён у дружнай і працавітай  сям’і Мікалая Андрэевіча і Еўдакіі Ціханаўны Харошка ў населеным пункце Каўпень. Пясля заканчэння дзевяці класаў школы юнак вырашыў асвоіць прафесію трактарыста. Дзеля гэтага наведваў заняткі ў вучэбным цэнтры ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў Лоеве.  Атрымаўшы неабходную кваліфікацыю,  стаў працаваць механізатарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве.
У 1999 годзе  Пётр пайшоў на вайсковую службу ў армію. Калі вярнуўся ў родную вёску, ажаніўся. Не ў яго характары сядзець без справы, ды і тэхніка заўсёды прыцягвала ўвагу юнака. Таму ніхто не здзівіўся, калі ў 2001 годзе малады чалавек канчаткова вырашыў звязаць свой працоўны шлях з КСУП “Каўпень-Агра”. Дарма, што выконваць абавязкі даводзіцца ў розных умовах:  узімку — у холад, улетку — у спёку Пётр Мікалаевіч працуе на  даручаным пагрузчыку “Амкадор” захоплена, добрасумленна, з вялікім пачуццём адказнасці. А падчас жніва ён — незаменны памочнік у гаспадарцы. Толькі сонца падсушыць калоссе ад ранішняй расы, яго КЗС-10 пачынае работу, паступова напаўняе бункер залатым зернем. Даводзіцца забываць і пра выхадныя, і пра адпачынак, і пра іншыя справы. Такі лёс механізатара — турбот хапае на працягу ўсяго года.
Жонка Пятра Мікалаевіча, Валянціна Васільеўна, працуе дыспетчарам у гэтым жа сельгаспрадпрыемстве. Яна не толькі выдатная гаспадыня, але і клапатлівая матуля. Сямейная пара выхоўвае дзвюх дачок: дзесяцігадовую Ірынку і шасцігадовую Вікторыю.
На рахунку нашага героя нямала ўзнагарод, якія ён атрымаў па выніках працоўных спаборніцтаваў сярод механізатараў.  Ён стаў уладальнікам дзвюх Ганаровых грамат — за высокі намалот зерня сярод маладзёжных экіпажаў раёна на жніве і за дасягненне добрых вынікаў на пагрузцы арганічных угнаенняў у час пасяўной. Ён — адзін з тых механізатараў раёна, якім уласцівы такія рысы, як высокая добрасумленнасць, адказнасць, шчырае імкненне выканаць даручаную справу як мага лепш.
Усе, хто ведаюць гэтага чалавека, адзначаюць яго дружалюбнасць, надзвычайную працаздольнасць, гатоўнасць аказаць дапамогу.  Разам  з калегамі Пётр Мікалаевіч  абмяркоўвае праблемныя моманты ў арганізацыі працы, шукае і прапаноўвае шляхі іх вырашэння. Як кажа П. Харошка: гаварыць на любую тэму можна шмат, ды патрэбны не толькі словы, але і справы, якія паўплываюць на вынікі. А яны, ў сваю чаргу, добрым чынам скажуцца на ўмацаванні і паляпшэнні эканамічнай базы  сельгаспрадпрыемства.
Што тут яшчэ скажаш?! Відавочна, такім і павінен быць чалавек, які ўсім сэрцам хварэе за родную гаспадарку, перажывае за няўдачы і шчыра радуецца дасягненням на працоўным алімпе.
Вольга ПЕТУХ, “ЛК”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK