ТЭХНІКУ РЫХТУЮЦЬ ЗІМОЙ

У мехмайстэрні КСУП “Зара” поўным ходам ідзе работа. З усіх бакоў даносіцца грукат жалеза. З невялікімі перапынкамі  працуе зварачны апарат. Куды ні перавядзеш позірк, убачыш  паўразабраныя трактары і агрэгаты, каля якіх завіхаюцца механізатары. Адчуваецца пах гаручазмазачных матэрыялаў.  Гэта звычайная карціна падрыхтоўкі сельгастэхнікі да пасяўной, якая ўжо не за гарамі.
У размове з галоўным інжынерам сельгаспрадпрыемства Валерыем Малахоўскім, мы даведаліся аб рабоце па аднаўленню машынна-трактарнага парку гаспадаркі.
—  У час пасяўной для тэхнікі асабліва важна яе надзейнасць. Гэта значыць, што да пачатку сезона трактары, плугі, сеялкі, культыватары і іншыя разнастайныя машыны і агрэгаты для падрыхтоўкі глебы патрэбна прывесці ў парадак, — тлумачыць В. Малахоўскі. — Зараз рамантуем машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў. Некаторыя механізатары прыводзяць у рабочы стан замацаваныя трактары. Кожны разумее, што своечасовае рэгулярнае тэхнічнае абслугоўванне садзейнічае доўгатэрміноваму і эфектыўнаму выкарыстанню машын. Але, на жаль, у жыцці не заўсёды атрымліваецца так, як хочацца. Якім бы майстрам-залатыя рукі ні быў чалавек, а свой век ёсць у кожнага механізма і, нават, у самай маленькай гайкі. Бывае, што памяняеш адну дэталь, на наступны дзень ламаецца другая. Таму перыядычна старая тэхніка спісваецца з рахунку сельгаспрадпрыемства. У мінулым годзе наш парк папоўніўся двума новымі сучаснымі трактарамі  МТЗ-82.1.
Працягваючы, Валерый Канстанцінавіч адзначыў, што падрыхтоўка тэхнікі не абыходзіцца і без пэўных цяжкасцей. Па-першае, пасля правядзення дыфектоўкі могуць быць выяўлены сур’ёзныя непаладкі ў  рабоце абсталявання, якія даводзіцца тэрмінова выпраўляць. Па-другое,  трэба разумець, што тэхабслугоўванне — гэта паслуга, якая патрабуе грошай. А на рахунку гаспадаркі не заўсёды ёсць сродкі, якія б дазволілі загадзя набыць неабходныя запасныя часткі, выканаць поўны комплексны рамонт тэхнікі.
Але гэта ніякім чынам не гаворыць пра тое,  што агрэгат застанецца неадрамантаваным. Кожны, хто загадзя клапоціцца аб прывядзенні тэхнікі ў належны стан, здольны забяспечыць яе неблагое абслугоўванне ўласнымі сіламі. Усё залежыць ад узроўню арганізацыі работы інжынернай службы і падрыхтаванасці персаналу гаспадаркі. В. Малахоўскі запэўніў, што да рамонту тэхнікі ўсе механізатары і спецыялісты падыходзяць з вялікай адказнасцю, бо менавіта так павінен рабіць сапраўдны гаспадар.
— Наперадзе — дзяржаўны тэхнічны агляд. Рыхтуемся да яго і спадзяёмся на добрыя вынікі, — завершыў размову  Валерый Канстанцінавіч.
Падрыхтоўка машынна-трактарных паркаў да  пасяўной і тэхнічнага агляду адбываецца і ў іншых гаспадарках раёна. Наколькі яна супадае з зацверджаным графікам, якасць рамонту і іншыя нюансы выкананых работ у хуткім часе правераць спецыялісты ўпраўлення АПК раёна.
Вольга ПЕТУХ, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK