Навіны сельвыканкамаў

Абяцанкі-цацанкі
Здаецца, не так даўно ў Карпаўцы адбылася сустрэча насельніцтва з кіраўніцтвам раёна, дзе ўзнімаліся розныя праблемы, якія хвалююць вяскоўцаў. Адна з іх датычылася якасці  дарожнага пакрыцця і стану аўтобусных прыпыначных пунктаў. У той дзень прадстаўнікі раённай вертыкалі пачулі з вуснаў намесніка генеральнага дырэктара галаўнога прадпрыемства Гомельаблдарбуда Сяргея Дзюка абяцанне сіламі працаўнікоў ДРБУ-113  у пачатку чэрвеня  правесці ямачны рамонт дарогі, каб аўтатранспарту было зручней ездзіць у Карпаўку і іншыя населеныя пункты сельсавета, своечасова займацца падкошваннем травы ўздоўж дарог, а таксама вырашыць пытанне з наймам сумленнага вяскоўца для падтрымлівання парадку на прыпынках. На днях мы пацікавіліся ў Н. Грышчанкі, старшыні Карпаўскага сельсавета, ці выконваюць дарожнікі свае абяцанні?
— Па сённяшні дзень справа не зрушылася з месца ні на адзін сантыметр, — адказала Ніна Уладзіміраўна. — У чацвер, які аб’яўлены ў раёне санітарным днём, давялося самой браць мяшкі для смецця і ездзіць прыбіраць на прыпынках, а потым вывозіць сабраны “скарб” на міні-палігон. Іншага вырашэння гэтай праблемы я не бачу.
На жаль, вяскоўцы зарэчнай зоны часта сутыкаюцца з такімі адносінамі з боку розных прадстаўнікоў служб і амаль звыклі да таго, што іх праблемы так і застаюцца невырашанымі працяглы час. Але мы спадзяёмся, што атрымаем рэагаванне на даную інфармацыю з боку будаўніча-рамонтнага дарожнага прадпрыемства.
Своечасовая дапамога
Навядзеннем парадку і добраўпарадкаваннем у вёсках Ручаёўскага сельсавета займаюцца і мясцовыя жыхары, і замацаваныя раённыя службы. Падрабязней пра гэта нам расказала Валянціна Краўчанка, старшыня сельвыканкама:
— Работы ў населеных пунктах хапае заўсёды: то траву патрэбна скасіць, то агароджу падправіць, пафарбаваць, то малыя архітэктурныя формы ўстанавіць. Калі ёсць дапамога, то і пытанні гэтыя вырашаюцца лягчэй. Напрыклад, спецыялісты ААТ “Лоеўскі Агратэхсервіс” і энерганагляду наводзілі парадак у Грохаве, энергазабеспячэння — убіралі галіны кустоўя, настаўнікі мясцовай школы працавалі ў Алешкаўцы.
Да таго ж, кожны з нас разумее, што ўтульнасць вёсцы дадаюць малыя архітэктурныя формы. Іх сельвыканкаму дапамагаюць ствараць работнікі ўстаноў адукацыі і медыцыны. Патрэбна адзначыць, што і самі вяскоўцы, гледзячы на агульныя намаганні, сваімі рукамі ствараюць цікавыя і прыгожыя прадметы. Дарэчы, многія з нашых мясцовых жыхароў ужо і не чакаюць прадпісанняў кіраўніка сельвыканкама, стараюцца самі своечасова падкошваць траву каля домаўладанняў, падтрымліваць парадак.
Людміла КРАЎЦОВА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK