Будзь вольным і шчаслівым, родны край!

3 ліпеня — радасная, светлая дата для кожнага жыхара Беларусі. Яна з’яўляецца сімвалам мужнасці, адвагі і адданасці Радзіме, сімвалам надзеі і аптымізму для яе наступных пакаленняў.
У гэты дзень кіраўніцтва раёна, ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў і прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, жыхары Лоева прыйшлі на галоўную плошчу гарадскога пасёлка, каб ускласці кветкі на брацкае пахаванне і хвілінай маўчання ўшанаваць памяць аб тых, хто цаною ўласнага жыцця адстойваў мір і свабоду.
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дню Рэспублікі), пачалося з мітынгу, які адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Петражыцкі.
 — Сёння мы святкуем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і чарговую гадавіну вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гісторыі нашай Радзімы не было больш страшнейшай вайны, як і не было больш высокага патрыятызму, адзінства і гераізму, чым у гады барацьбы за свабоду і незалежнасць. Беларусы  доблесна змагаліся на франтах і ў партызанскіх злучэннях, працавалі ў тылу. На такі масавы гераізм здольны народ, які вышэйшым прыярытэтам і каштоўнасцю лічыць пачуццё годнасці, гонару і любові да роднай зямлі. 3 ліпеня —  не проста  чарговы дзень у летнім месяцы, гэта дзень нашай радасці, свята памяці, пашаны і ўдзячнасці, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, Дзмітрый Яўгеньевіч.
Кіраўнік раёна таксама нагадаў, што сёння ад кожнага з нас у асобнасці залежыць, як будзе жыць Беларусь у будучым,  і выразіў надзею на тое, што моладзь паклапаціцца пра захаванне традыцый, духоўнай і культурнай спадчыны сваіх продкаў.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта ён павіншаваў прысутных з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Днём вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пажадаў усім моцнага здароўя, асабістага шчасця і дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах і працоўнай дзейнасці на карысць нашага народа ў імя развіцця Рэспублікі Беларусь.
Словы віншаванняў прагучалі ў гэты дзень ад імя протаіерэя Андрэя Шыхалава, настаяцеля сабора Лоева, Вольгі Басянок, прадстаўніцы моладзі Лоеўшчыны, і інш.
Пасля святочнага мітынгу кіраўніцтва раёна, лаяўчане і госці гарадскога пасёлка накіраваліся да мармуровых пліт брацкага пахавання. Айцец Андрэй у гонар вызваліцеляў Лоеўшчыны адслужыў малебен. Хвіліна маўчання, трохразовы збройны залп, жывыя кветкі  і вянкі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў і савета ветэранаў, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый Лоеўшчыны, жыхароў і гасцей пасёлка — гэта наша з вамі даніна памяці мужнасці і стойкасці воінаў-вызваліцеляў. Нам нельга забываць аб тым, якую дарагую цану давялося заплаціць нашым продкам за мір і спакой на зямлі, каб жудасныя падзеі тых даўніх часоў не паўтарыліся ніколі.
Святкаванне Дня Незалежнасці працягвалася канцэртнымі нумарамі самадзейных артыстаў раёна. Па традыцыі ветэранам прапанавалі салдацкую кашу. Разнастайныя мерапрыемствы разгарнуліся на цэнтральнай плошчы пасёлка і гарадскім пляжы. Дзеці  прымалі актыўны ўдзел у конкурсна-гульнёвых і спартыўных  праграмах.  Кожны жадаючы мог наведаць музей бітвы за Днепр, выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Уборкаўскага цэнтра рамёстваў і фотавыстаўку «На крыльях культуры», прадастаўленую пасольствам Кітайскай  Народнай Рэспублікі. На працягу ўсяго свята работнікі раённага спажывецкага таварыства і грамадскага харчавання прапаноўвалі ўдзельнікам свята сваю прадукцыю: калбасныя і кандытарскія вырабы, шашлыкі і шмат чаго іншага. Словам, выбіраць было з чаго і, як кажуць, на любы густ.
А ў 20 гадзін лаяўчанам сваю канцэртную праграму прапанавалі госці з горада Гомеля: артысты Галіна Паўлянок, Юрый Валюк і ўдзельнікі ансамбля «Полесские казаки». Завяршылася святкаванне Дня Незалежнасці танцавальным вечарам.
Вольга ПЕТУХ, «ЛК». Фота аўтара.
На здымку: у час святкавання Дня Незалежнасці.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK