Любімы занятак дорыць натхненне і цяпло душы

BalinowaУтульны цагляны катэдж на вуліцы Новай у аграгарадку Уборак яшчэ здалёк прыцягвае ўвагу. Ужо з брамкі сустракае гасцей разнастайная кветкавая прыгажосць, створаная клапатлівымі рукамі працавітай гаспадыні А.У. Баліновай. Адкуль у яе такая цікавасць і любоў да кветаводства?
Як высветлілася, гэта захапленне непарыўна звязана з душэўнай патрэбай упрыгожыць сваё жыццё, імкненнем да новага, незвычайнага.
— Я нарадзілася і жыву ў сельскай мясцовасці, дзе з працай на зямлі знаёмяцца з дзяцінства, дзе без любові да прыроды не абысціся, — распавядае Алена Уладзіміраўна. — Вось і прынадзілася да гэтай валтузні з раслінамі. Кожны кусцік, кожная кветка для мяне як жывая істота: знаходжу з імі агульную мову, калі хварэюць — «лячу» як дзяцей.
Яе словы пацвярджае кожны крок па двары і гародзе, куды нас гасцінна запрасіла гаспадыня. У кветніках, уздоўж сцяжынак і платоў — усюды россып кветкавай красы. Ад іх мноства і яркай стракатасці разбягаюцца вочы. І адразу ўяўляеш: прыходзіць вясна — распускаюцца цюльпаны, касачы, стакроткі, фіялкі, петуніі. Потым пачынаецца цвіценне півоней, лілей, астраў, флоксаў, вяргіней, гладыёлусаў, восенню радуюць вока хрызантэмы. Ды і без руж не абысціся, іх тут некалькі гатункаў, як увогуле амаль кожнага віда раслін. Вось вітаюць сінімі і ліловымі агеньчыкамі клемацісы, якія аматары кветкавай раскошы вызначаюць як расліну, здольную замяніць цэлы сад.
І ўсё ж кветкі на прысядзібным участку Баліновых не галоўныя жыхары. Кожны руплівы гаспадар, акрамя прыгажосці і ўтульнасці, імкнецца перш за ўсё атрымоўваць карысць, таму і аддаюць гаспадары перавагу гародніне. Яе тут вялікая колькасць. Насенне, саджанцы, клубні пакаёвых і садова-агароднінных культур кожны год яна выпісвае па каталогу. А з часопісаў “Гаспадар”, “Гаспадыня” чэрпае неабходную інфармацыю па іх догляду, часам раіцца з іншымі аматарамі-садаводамі.
Сапраўднае задавальненне Алена Уладзіміраўна атрымлівае ад садаводства. І сёння проста ўжо не можа ўявіць свой участак без любімых гатункаў груш, яблык, вінаграда і г.д. Таксама выдатна тут сябе адчуваюць не зусім звыклыя для нашай мясцовасці ірга, бружмель, кізіл, чырвоналіставы фундук, разнастайныя ягадныя кусты, сярод якіх ёсць нават ажына, галубіка. І ўсім хапае святла і ўвагі. А колькі ж часу, любові, працы і цярпення ўкладзена ва ўсё гэта! У чым жа знаходзіць цікавасць, гадуючы такое багацце?
— Інтарэс у тым, — адказвае гаспадыня, — каб вырасціць уласнымі рукамі не толькі прыгожыя расліны, але і экзатычныя асобнікі. Вядома, яны патрабуюць адмысловага догляду і шмат часу. Бывае да цемры працую ў садзе. Але мне гэта падабаецца.
Хочацца пажадаць гэтай жанчыне і яе сям’і добрага здароўя, каб імкненне і любоў да прыгажосці, цярпенне і жаданне да абнаўлення свайго куточка ў іх не вычарпаліся.

Таццяна Пятрова, “ЛК”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK