Рачныя чайкі над палямі

chaikaЗ даўняга часу я стаў заўважаць, што звычайныя рачныя ці азерныя чайкі ў нашай мясцовасці асвоілі новую нішу — Днепра-Брагінскае вадасховішча. На яго люстраную паверхню сталі прылятаць крылатыя насельнікі з Дняпра і прырэчных азер. А потым, як ні дзіўна, яны перамяшчаюцца на палеткі мясцовага сельгаспрадпрыемства КСУП “Страдубка”.
Мне даводзілася назіраць, як чайкі ў суседстве з гракамі і варонамі суправаджаюць працуючы трактар. Кантраст паўнейшы: чорныя гракі і бела-шэрыя чайкі. Яны дружна пікіруюць да перавернутай раллі, спадзяючыся пажывіцца жучкамі, вывернутымі плугам з зямлі, лічынкамі шкодных насякомых — драцянікамі, хрушчамі, слонікамі, кукалкамі матылькоў-совак. А іншы раз могуць ухапіць і мышападобнага грызуна. На вадзе яны знішчаюць драпежных насякомых, якія шкодзяць малькам.Так што абедзенны стол у чаек стаў больш разнастайным.
Некаторыя аматары лоўлі лічаць, што гэтыя птушкі прыносяць шкоду, бо знішчаюць шмат рыбы. Але падобнае меркаванне не зусім правільнае. Чайкі захопліваюць з паверхні затокаў, старыц, рэк, азер хворую, падбітую, аглушаную ці нават мёртвую рыбу. Так што дарэмна на гэтых птушак наводзіцца неабгрунтаваны паклёп.
У найбольш дажджлівыя гады яны ахвотна наведваюць і вялікія калюжыны на палях. І нават сёлета, калі вільгаці мала, бачыў як чайкі выраблялі свае кульбіты, піруэты над пасевамі яравых культур і азімай пшаніцы. Забаўна назіраць за дзеяннямі пярнатых, якія ўпрыгожваюць беларускую прыроду.
М. Мельнічэнка,
ветэран журналістыкі.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK