“Добры вартаўнік”

Сабака па мянушцы Цэзар жыў у Міколы даўно. Яшчэ малым пародыстым шчанём падарылі яго хлапчуку. Трымаць такога дарагога сабаку ў вясковым двары нельга было, таму месца яму выдзелілі ў хаце. Вядома ж, спаць на посцілцы Цэзар лічыў для сваёй асобы ганьбай, таму з лёгкасцю займаў канапу побач з гаспадаром. Сям’я звыклася з гэтымі ягонымі ўладкаваннямі і не звяртала ўвагі.
Вядома ж, з сабакам здараліся розныя выпадкі. То з галавой улезе ў чыгунок з кашай для парсюкоў, то курэй суседскіх падушыць. Ежу давялося закрываць у каморы на замок. З курамі прыйшлося цяжэй. Паляўнічыя інстынкты ў жывёліне закладзеныя прыродай, і знішчыць іх практычна немагчыма. Міколку паступова ўдалося перавучыць Цэзара не душыць дамашнюю птушку, а падганяць у двор.
— Добры вартаўнік у вас, — казалі ўсе, хто намагаўся зайсці ў жыллёвыя пакоі. Толькі рыпнуць дзверы, Цэзар заходзіцца — гаўкае так, што хата хадуном ходзіць. З тых дзён і з’явілася звычка не замыкаць дзверы на ноч — вартаўнік жа ёсць.
Цяпер сабака пастарэў і большасць часу праводзіць на любімай канапе. З вечара займае ложак і пахрапвае ў сваё задавальненне. Праўда, здароўе пачало падводзіць — усё часцей кашляе, нібы стары дзед.
… Гэта быў звычайны перадсвяточны вечар. Хутка ў хаты будуць заходзіць размаляваныя і пераапранутыя дзеці, а пазней і дарослыя, каб паспяваць «Шчодры вечар» і атрымаць грошай, цукерак або іншых пачастункаў ад гаспадароў. Тупат, смех, спрэчкі напоўняць двары і калідоры дамоў. Ну а пакуль што на вуліцы панавала цішыня. Па хаце разносіўся духмяны водар ёлкі, мандарынаў і розных прысмакаў, якія гаспадыня пакуль што не дазваляла асабліва каштаваць, маўляў, на святочны стол у навагоднюю ноч нечага будзе ставіць. Павячэраўшы баршчом з бульбай ды мясам, смачна падсмажаным з цыбулькай, усё Міколава сямейства паступова сцішылася і разыйшлося па пакоях, рыхтуючыся да сну. Маці, павесіўшы рушнік, якім толькі выцерла памыты посуд, стомлена глянула на гадзіннік.
— Вось табе і на. Поўнач хутка, а я ўсё соўкаюся, — падумала жанчына і пайшла да ложка, дзе ўжо ціхенька пасапваў гаспадар.
Мікола ў гэты час яшчэ нешта па тэлевізары глядзеў у сваім пакоі.
Раптам цішыню парушыў гук рыпнуўшых дзвярэй. Цэзар закашляў і сціх.
— Што там маці так позна соўкаецца? — здзівіўся Мікола.
— Калі гэта Міколка выйсці паспеў, а я не заўважыла? — падумала маці, прыслухоўваючыся.
Той, хто зайшоў у хату, патупаў да шафы, бо праз хвіліну рыпнулі скрыпучыя дзверы.
— Напэўна, маці напрацавалася за дзень, дрэнна стала, лекі шукае, — падумаў Міколка, падымаючыся з ложка.
— Што гэта сын на ноч гледзячы ў шафе пораецца? — зацікавілася жанчына.
Паднялася, накінула на плечы халат і выйшла з пакою, дзе і сутыкнулася нос да носу з сынам. Імгненне яны паглядалі адзін на аднаго, а потым кінуліся ў калідор. Клацнуў выключальнік. Святло ад лямпачкі заліло пакой, у якім, ледзь трымаючыся на нагах, стаяла… Снягурка. Вядома ж, на ўнучку Дзеда Мароза нецвярозая жанчына мала паходзіла, але відавочна, што была на нейкім свяце, бо дзіцячую карону паверх платка ўладкавала.
— Што ты тут робіш? — здзівіўся Міколка, паглядаючы на яе рукі, трымаўшыя пустую бутэльку з-пад даўно выпітага рому. (Яе ніхто не выкідаў з-за незвычнай формы.)
— Шчадрую, — ікнула Снягурка.
— Дык Калядкі заўтра.
— Выпіць хочу, — праскуголіла жанчына.
— Ты ж ледзьве на нагах стаіш! Куды табе яшчэ? — уззлаваўся юнак. — Зараз міліцыю паклічу. Прызнавайся, што ўкрала.
— Нічога не брала! Наце, глядзіце, — расставіла жанчына рукі ў бокі.
— Не ўзяла яна, сыночак, нічога, усё на месцы, — супакоіла маці, а потым павярнулася да п’янай суседкі: — Ідзі ты дадому, пакуль ён сапраўды не патэлефанаваў 102.
Снягурка мігнула сваімі заплыўшымі вачыма і хутчэй кінулася да дзвярэй, сунуўшы ў рукі Міколкі пустую бутэльку ад рому. Зачыніўшы за нечаканай наведвальніцай дзверы, гаспадары вярнуліся ў хату. З кухні даносілася мірнае пахрапванне Цэзара.
— Вось табе і вартаўнік, — усміхнуўся бацька.
Людміла Краўцова, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK