Зямля мая, каханая навекі…

Працягваем публікацыю матэрыялаў аб людзях, якія ўнеслі каштоўны ўклад у развіццё Гомельшчыны.

Зямля мая, каханая навекі…

Нарадзіўся Аляксандр Уладзіміравіч Кукара ў 1938 годзе ў прыгожым мястэчку з цудоўнай назвай Горваль Рэчыцкага раёна, што з усіх бакоў было акружана сасновым борам. У гэтых мясцінах заўжды адчуваўся прыемны ядраны водар: менавіта тут Беразіна ўпадала ў Дняпро. Якая прыгажосць!

ДЗІЦЯЧЫЯ ЎСПАМІНЫ

Вайна зблытала мары і старых, і малых. Што мог разумець хлопчык чатырох гадоў, калі ўбачыў, як гарыць роднае сяло? Яму было цікава назіраць за жвавымі языкамі полымя, але матуліны словы ў адзін момант нібы адкрылі вочы: “То гарыць наша доля і шчасце, сынок, то камянеюць жаночыя слезы”. Ён зразумеў усе. І ўжо не палохаўся, калі на чаўнаках яны з маці і малодшымі сёстрамі пераплывалі на другі бераг, перапраўляючы і цёлачку, і парасятка. А паўз лес цягнуўся шэры дым ад дагараючых 400 хат знішчанай роднай вескі. Ён больш ніколі не плакаў, калі хаваліся ў хмызняку, жылі ў бліндажах і зямлянках, бо быў старэйшым мужчынам у сям’і: яму ішоў шосты год…

ПАСЛЯ ВАЙНЫ…

…пра дзяцінства давялося забыць, таму што вакол панавалі голад, холад і вечная нястача. А ў іх хаце сямёра дзяцей цягнуліся да міскі са шчаўем, забеленым паўстаканам малака, што прыносіла часам суседка. Па дзве-тры лыжкі возьмуць — і міска пустая. Хочацца есці, вачэй не зводзілі малыя з маці, а тут і бацька на парог. Галодныя вочкі ўпіваліся адразу ў яго, а мужчына, разумеючы ўсе, пачынаў расказваць розныя смешныя гісторыі з жыцця вяскоўцаў, пераймаць іх галасы. Як раскажа ды пакажа — смех на ўсю хату, а малыя і пра вячэру забываліся. Вось так і выжывалі. Бацька распавядаў аб цяжкіх гадах вайны, як адступаў, змагаўся за родную зямлю, як трапіў у палон. Ён сапраўды прайшоў праз пекла фашысцкіх канцлагераў, тройчы ўцякаў, лавілі, здзекваліся. Але яму суджана было выжыць і вярнуцца дадому.

ПРАЙШОЎШЫ ШКОЛУ СЯЛЯНСКАЙ ПРАЦЫ

Шура, так звалі ў дзяцінстве Аляксандра Уладзіміравіча, добра вучыўся, марыў пра вышэйшую адукацыю. Але спачатку давялося яму прайсці другую школу — школу сялянскай працы: касіць траву, вазіць снапы з поля ў калгаснае гумно, цягаць копы, складаць стагі, даглядаць худобу. Толькі вось мара аб адукацыі не давала яму спакою. Пасля сямігодкі юнак паступіў у Рэчыцкае педвучылішча. На трэцім курсе пачаў пісаць вершы, так склалася: быў ён рамантыкам па жыцці. Таму і папрасіўся пасля атрымання дыплома ў самае прыгожае месца: на радзіму вядомага беларускага паэта Алега Лойкі ў вёску Лешна на Гродзеншчыне. Тут Алесь напісаў цэлую паэму «Вяселле ў калгасе». Сваю мару ён здзейсніў адразу пасля службы на флоце ў Калінінградзе. Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага стаў для Аляксандра пачаткам творчай працы. Заўжды падбадзёрвалі словы бацькі: “Вучыся, сынок, каб суседзі не думалі, што ў мяне бяздарныя дзеці». І ён усім даказаў, што прозвішча Кукара яшчэ будзе гучаць на прасторах вобласці і краіны. Паралельна з вучобай студэнт стараўся зарабіць грошай: улетку ездзіў з будаўнічымі атрадамі ў Казахстан, падрабляў выхавацелем і важатым у піянерскіх лагерах. І заўсёды пісаў вершы, якія друкаваліся на старонках «Настаўніцкай газеты», «Чырвонай змены», у часопісе «Маладосць». Пасля прыезду з Цаліны нарадзілася «Студэнцкая цалінная». Музыку на словы Алеся Кукары напісаў Павел Ахраменка. Як прыемна білася яго сэрца, калі ў час рэспубліканскага злёту студатрадаў са сцэны Дзяржаўнага опернага тэатра гучала гэтая песня.

ТАБЕ — МАЕ ЎЗНАГАРОДЫ, МОЙ ЛОЕЎ, ПЕСНЯ НАД ДНЯПРОМ!

Прапанавалі хлопцу працаўладкавацца ў Мінску, але яго вабіла родная палеская прырода. Па сардэчнаму закліку ў 1965 годзе ён упершыню трапіў на лоеўскую легендарную зямлю, якая больш не адпусціла яго: 41 год прысвяціў Аляксандр Кукара педагагічнаму вучылішчу: будучым настаўнікам ён даваў урокі ігры на скрыпцы, выкладаў рускую мову і літаратуру, сусветную дзіцячую літаратуру. Доўгі час выконваў абавязкі старшыні метадычнай камісіі музыкі, мовы. Пастаянна ўдзельнічаў у педагагічных чытаннях, мае шматлікія ўзнагароды за метадычныя даклады на абласных і рэспубліканскіх форумах. З’яўляючыся кіраўніком студэнцкіх работ, атрымаў Аляксандр Уладзіміравіч дыпломы, Ганаровыя граматы Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР і БССР. За высокія дасягненні ў падрыхтоўцы маладых спецыялістаў для школы ўзнагароджаны медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна”, “За працоўную адзнаку”, “Ветэран працы”, з’яўляецца выдатнікам народнай асветы.
Шмат гадоў займаўся настаўнік краязнаўствам, зборам матэрыялаў гераічнай гісторыі Лоеўшчыны. Ён стварыў літаратурна-гістарычны музей педагагічнага вучылішча “Спадчына”, праводзіў вялікую ваенна-патрыятычную работу, узнагароджаны 2 граматамі Савецкага камітэта ветэранаў вайны.
Алесь Кукара — усебакова адароная асоба. З асаблівай цеплынёй адносіцца да мастацтва, з энтузіязмам выконвае ролі ў пастаноўках народнага тэатра “Адлюстраванне”, актыўна ўдзельнічае ў мастацай самадзейнасці. Старшыня аматарскага клуба паэзіі “Гучальнае слова”, літаратурнага аб’яднання “Узлет”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Жаўруковая песня” (2002 г.), “Пад зорным небам” (2007 г.), “Ведае сэрца”, (2010 г.), “Над Лоевай гарой” (2013 г.), “Верасовае полымя” (2014 г.), “Зямное прыцягненне” (2016 г.). Яго вершы друкаваліся ў калектыўных зборніках “Песні над Дняпром” (1999 г.), “Пад небам Палесся”, “Вуліца настаўніцкая” (2008 г.), “Над Дняпроўскімі хвалямі” (2010 г.).

НЕ ЗА ГАРАМІ — ЮБІЛЕЙ

У гэтым годзе Аляксандр Уладзіміравіч будзе святкаваць 80-гадовы юбілей. Але яго нельга назваць пенсіянерам: мужчына вядзе актыўны лад жыцця, цікавіцца і прымае ўдзел, піша і чытае, друкуе і крытыкуе. У планах лоеўскага песняра — чарговы зборнік паэзіі, вершы і загадкі для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту. Плануе Аляксандр Уладзіміравіч напісаць біяграфічны даведнік пра лепшых людзей Лоеўшчыны, ствараўшых новую гісторыю ад 1-й рэвалюцыі і да нашага часу. Ёсць у мужчыны і проста чалавечыя мары: пабачыць, як складзецца лёс чатырох яго ўнукаў (адзін з іх ужо падае вялікія надзеі — на сусветнай алімпіядзе па фізіцы, якая праходзіла ў Індыі, ён атрымаў залаты медаль).

Калі паміраў бацька А. Кукары, у яго ў той час было 8 дзяцей, 21 унук, 30 праўнукаў. Гэта ж цэлая дзяржава! Усю надзею стары ўскладаў на старэйшага сына. І таму Аляксандр Уладзіміравіч задумваецца над выданнем успамінаў “Пра род Кукараў”.
А мы ў сваю чаргу жадаем нашаму земляку моцнага здароўя, творчага натхнення і здзяйснення ўсіх задумак.
Наталля Апанасенка, “ЛК”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK