Іграй, гармонік

Для захавання спрадвечнай спадчыны фальклорнага мастацтва без гармоніка ніяк не абыйсціся. Па сённяшні дзень у вёсках не ладзіцца ні адно свята без запрашэння гарманіста. Ды і як інакш. Магчымасці гэтага музычнага інструменту вялікія. Таленавіты музыка можа сыграць на ім амаль любую мелодыю.

Калі верыць гісторыі, першы гармонік з’явіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1783 годзе. З той пары музычны інструмент спраўна выконвае сваё прызначэнне — забаўляе народ. Цікавы факт: летам 1941 года для ўзняцця баявога духу салдат на фронт паступіла 12 тысяч гармонікаў, а той жа восенню — 60. Яны патрэбны былі байцам, каб сваімі мелодыямі напаміналі пра Радзіму, каханых, пра бацькоў, якія чакаюць іх з перамогай. У часы адпачынку двухрадкі заўсёды былі побач і падбадзёрвалі, весялілі байцоў.
Вядома ж, у кожнага гарманіста свая гісторыя знаёмства з цудоўным музычным інструментам.
Пётр Плюшчай (на здымку) са сваім гармонікам не растаецца ўжо 33 гады. Яго ведаюць ва ўсіх вёсках Лоеўскага раёна, бо разам з аўтаклубам гарадскога цэнтра культуры ён удзельнічае ва ўсіх культурных мерапрыемствах.
Нарадзіўся і рос хлапчук у Бераснёўцы, вёсачцы, якая мяжуе з Лоеўскім раёнам, у звычайнай вясковай сям’і працаўнікоў, дзе кожны дзень праходзіць у клопатах і турботах. Свята наступала толькі тады, калі прыязджаў гасцяваць родны дзядзька Пятра. Не з пустымі рукамі ездзіў мужчына, заўсёды браў вернага спадарожніка — гармонік. Калі ёсць у вёсцы гарманіст з гармонікам, значыць, будуць і песні, і танцы. Малому падабалася назіраць, як дзядзька шпарка перабірае пальцамі па кнопачках і расцягвае мех. Запомніўшы асноўныя рухі і не знайшоўшы падыходзячага інструменту, Пятро вырашыў трэніравацца на… спружыне ад кулямёту. Што ёсць сілы расцягваў яе ў бакі і пры гэтым яшчэ імкнуўся нешта напяваць. За гэтым заняткам і застаў яго аднойчы дзядзька.
— А ну, ідзі сюды, — пазваў мужчына хлапчука.
Той, схіліўшы галаву, уздыхнуў і пакрочыў, чакаючы наганяю.
— Сядай на ўслон. Іграць на гармоні хочаш навучыцца?
Пятро сеў і недаверліва паглядзеў на дзядзьку.
— Вядома ж, хачу.
З гэтага моманту і пачалося яго сапраўднае знаёмства з гармонікам і яго таямнічымі гукамі, якія могуць выклікаць слёзы журботы і неўтаймаваную весялосць. А было яму тады каля васьмі гадоў.
У той дзень дзядзька паказаў, як патрэбна іграць некалькі мелодый, пакінуў мальцу гармонік і паехаў дадому. Праз два тыдні прыехаў і патрабаваў прадэманстраваць вывучанае. Хлапчук вывучыў мелодыі, але іграў адной рукой.
— Не, так справы не пойдуць. Давай-ка, сябар, не лянуйся, дзве рукі павінны бегаць па кнопках гармоніка.
Яшчэ праз два тыдні дзядзька, ледзь усміхаючыся, слухаў музычную справаздачу пляменніка. Так і навучыўся Пятро іграць на музычным інструменце.
Насуперак тым, хто казаў, што хлапец толькі час марнуе, ён удасканальваў сваё майстэрства і з шостага класа пачаў удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці ў вясковым клубе, за што атрымліваў працадні. А потым былі і вечары-провады ў армію, і вяселлі, і проста вясковыя пасядзелкі дзяўчат каля якой-небудзь хаты.
Вядома ж, за гэты час перабыла ў яго руках вялікая колькасть рознага інструмента. А свой апошні гармонік заказваў на Шуйскай фабрыцы. Першыя дні, калі атрымаў новенькі інструмент, наглядзецца на яго не мог. Душа трымцела, калі ў рукі браў.
33 гады прайшлі, і не заўважыў. Хутка ляціць час і для самаго музыкі. Калі вырашыць гарманіст пайсці на заслужаны адпачынак, культурная ўстанова гарпасёлка застанецца без гармоніка, бо Пётр Пятровіч выкарыстоўвае асабісты музычны інструмент. Ён не выпускае яго з рук на вясковых святах, у час віншаванняў ветэранаў і працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Нядаўна на свяце “Зажынкі” у кожнай гаспадарцы так наярваў частушкі, што хлебаробы не засталіся раўнадушнымі. Іх твары свяціліся сапраўднай радасцю, бо музыка і словы народныя заўсёды кранаюць да глыбіні душы.
Мікрафонам і сучаснай музычнай апаратуры месца не ў полі ды на ферме, хоць і можа спецыяліст на ёй стварыць любую фанаграму. А гарманісту з гармонікам падрыхтовак і асаблівых умоў для ігры не патрэбна: былі б слухачы ды спевакі — і свята адбудзецца гарантавана ў любым месцы.
На жаль гарадскі цэнтр культуры гарпасёлка не мае магчымасці набыць новы гармонік, каб працягваць традыцыі нашых продкаў і ладзіць народныя святы. Новы музычны інструмент каштуе дорага.
Выйсце можна знайсці — звярнуцца за дапамогай да жыхароў Лоеўшчыны і арганізаваць суботнік з пералічэннем сродкаў. Глядзіш, хапіла б і на гармонік, і на іншыя патрэбы, накіраваныя на паляпшэнне дабрабыту жыхароў Лоеўшчыны. Нездарма кажуць: з міру па нітцы, голаму — кашуля.
Ёсць спадзяванне, што мудрасць народная, добразычлівасць і імкненне захоўваць спадчыну продкаў не на словах, а на справе возьмуць верх над меркантыльнасцю. Бо не грашыма вымяраецца наша жыццё. Любоў да роднай зямлі, імкненне захаваць традыцыі продкаў відавочны толькі ў канкрэтных дзеяннях.
Людміла Краўцова, «ЛК».

 

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK