Беларускі ручнік: звычаі і абрады

Мінаюць гады, прабягаюць стагоддзі, але нязменнымі застаюцца мудрасць беларускага народа, чысціня душы і пачуццяў. Гісторыя — гэта змена пакаленняў. Але ж мы памятаем чароўныя казкі, пачутыя ў маленстве, матчыны калыханкі, бабуліны песні, беларускія абрады. А пачынаецца ўсё з малой радзімы кожнага з нас, дзе да болю знаёмы кожны ўзгорачак і кветачка, кожная рэч у бабулінай хаціне. І шчыміць у замілаванні сэрца.
Многія з нас у сялянскіх хатах звяртаюць увагу на разнастайныя ручнікі, якія з’яўляюцца нейкім атрыбутам, што вабяць сваёй непаўторнасцю. І гэта сапраўды так. З даўніх часоў менавіта ручнік быў абавязковым у выкананні разнастайных абрадаў і паўсядзённых спраў. Зімнімі доўгімі вечарамі ткалі жанчыны палатно, потым пралі яго, адбельвалі, як маглі, і толькі пасля гэтага вышывалі незвычайныя ўзоры крыжыкам і роўняддзю. І не проста яны працавалі іголкай з ніткай, а ўкладвалі ў кожны шывок часцінку сваёй душы і сэрца і верылі: створаная з любоўю рэч будзе несці дабро і свет.
У кожнай беларускай хаце, багатай ці беднай, ручнікі з’яўляліся абавязковым атрыбутам, і налічвалася іх больш трох дзясяткаў. Яшчэ ва ўзросце 12-13 гадоў дзяўчынкі пачыналі рыхтаваць сабе пасаг. Пачыналі яны гэтую справу менавіта з гэтых чароўных палотнаў, кожнае з якіх мела сваё прызначэнне. Просты на першы погляд ручнік-«уціральнік», якім у паўсядзённым жыцці выціралі твар і рукі, надзяляўся вялікай сілай ачышчэння. Сяляне ведалі, што за любую справу трэба брацца з чыстымі рукамі і чыстай душой. Таму і запрашалі дарагіх гасцей спачатку ў баню, каб змыць усе грахі. Самы высокі статус меў ручнік- «набожнік», ім упрыгожвалі чырвоны кут хаты, накрываючы абразы з выявай Ісуса Хрыста, Багародзіцы. Абавязковымі на ім былі крыжы і кветкі не толькі з двух бакоў, але і ўздоўж.
Глыбокай даўніной павявае ад ужывання ручніка ў моманты блаславення жаніха і нявесты на шлюб, якім апяразвалі маладых, надаючы мужчынскую і жаночую сілу. Праз плячо перавязвалі сватоў і сяброў жаніха на вяселлі. На заручынах нявеста адорвала ручніком свайго суджанага, на вяселлі — усю радню будучага мужа. Рукі маладых бацькі таксама звязвалі, потым вадзілі жаніха і нявесту вакол стала, даючы згоду на шлюб. На ручнік-«падножнік» станавіліся маладыя падчас вянчання ў царкве. Нават мае бацькі, калі адружваліся ў ЗАГСе, станавіліся на такі «падножнік». Увогуле, прысутнасць ручніка асвячала вяселле і кожны яго этап.
Не абыходзіліся нашы продкі без палатнянай стужкі ў час нараджэння дзіцяці. Чароўны ланцужок звычайна выконваў функцыю дара паміж парадзіхай і кумамі, паміж кумам і кумой. За паслугі пры родах адорвалі бабу-павітуху. Традыцыйны падарунак на радзінах — хлеб, абгорнуты ручніком. Адным з асноўных атрыбутаў з’яўляўся ручнік у абрадах ачышчэння нованароджанага, а дзе-нідзе — усіх прысутных. Павітуха налівала ў міску вады, насыпала аўса і гэтай сумессю працірала ўсім твары, і кожнаму яна выказвала наступныя пажаданні: «Дай жа Божа, каб ты быў крэпак, як вада, багат, як зямля, вясёл, як пчала, а красен, як вясна».
Толькі ручніком у беларускіх хатах накрывалі свежаспечаны хлеб, і вандроўнікаў у дарогу адпраўлялі з гэтым багаццем, каб не забывалі пра родны дом і свае карані. Ім і зараз перавязваюць першы сноп, сціснуты ў полі, каб спрыяць добраму будучаму ўраджаю, забяспечыць падтрымку і блаславенне продкаў. І ў час уборкі, калі зжыналі апошні снапок каласкоў, яго абдымала не скручаная салома, а менавіта вышываныя на тканіне кветкі. Хлеб і соль, як сімвал гасціннасці, падносяць жаданым гасцям на ручніку і зараз.
Таму мне здаецца, што ручнік — гэта не проста кавалак палатна, а істота, якая валодае магутнай энергетыкай. Ён і сення абавязкова выкарыстоўваецца пры сустрэчы гасцей хлебам-соллю, калі неабходна выказаць гасціннасць, на ім пераносяць вясельны каравай, праз яго прынята перадаваць і прымаць абразы. А ў народных уяўленнях з ім асацыююцца ўстойлівыя вобразы-сімвалы: ручнік-шлях, ручнік-повязь, ручнік-увасабленне дабра.
Жыццёвы шлях беларусаў ва ўсе часы быў напоўнены цяжкай працай, мяжуючай нават з пакутамі. Таму ручнік быў і застаецца яго спадарожнікам, яго духоўным талісманам. Ён з’яўляецца адлюстраваннем простай сялянскай натуры. І самае галоўнае, як мне здаецца, неўміручае жыццё гэтаму стварэнню дала жанчына, маці, бабуля ці маці бабулі, уклаўшы часціну сваёй душы і сэрца. Ці маем мы права забыць пра ўсё гэта? Не! Ні ў якім выпадку! Бо мама — гэта самы каштоўны скарб на зямлі.
На ручніках — ад розных бед замовы.
Ва ўсе часы для нас яны
Як сімвал матчынай любові,
Як знак людское дабрыні.
Такім мне бачыцца наш беларускі ручнік — жывая повязь паміж мінулым і сучасным, паміж чалавекам і вышэйшымі сферамі, паміж бачным і нябачным светам. Таму і імкнецца сэрца ў сялянскую хаціну, дзе прайшло дзяцінства маёй матулечкі, каб зберагчы тое, што ёсць. Гэта ж наша гісторыя. Гэта нашы карані.
Леанід Вергуноў,
член клуба «Юнкар», вучань 10 класа Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В. Казлова. 
Фота Наталлі Апанасенка, «ЛК».

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.