На варце справядлівасці

Ганаровай граматай Міністэрства юстыцыі за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі і ў сувязі са 100-годдзем стварэння органаў юстыцыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Віктар КАЦУБА (на здымку), загадчык юрыдычнай кансультацыяй Лоеўскага раёна Гомельскай абласной калегіі адвакатаў.

Грамату, падпісаную асабіста Міністрам А. Сліжэўскім, Віктару Пятровічу ўручылі на днях у абласным цэнтры.
— Для мяне гэта было нечаканасцю. На святочным мерапрыемстве ў Мінску, прысвечаным 100-годдзю стварэнныя Міністэрства юстыцыі, на якім давялося мне прысутнічаць у лютым, пра ўзнагароды ніхто не згадваў. А 2 сакавіка на пасяджэнні Гомельскай абласной калегіі адвакатаў, дзе падводзіліся вынікі нашай работы за 2018 год і прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства і галоўнага ўпраўлення юстыцыі, намеснік міністра ўручыў грамату і падарыў вельмі каштоўную кнігу «Летапіс стагоддзя. Органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь».
Не лішнім будзе нагадаць нашым чытачам, што Віктар Пятровіч з 1974 года прысвяціў сваё жыццё юрыспрудэнцыі, а непасрэдна ў адвакатуры працуе больш трыццаці гадоў. Ён чалавек шматбаковых інтарэсаў. Нягледзячы на тое, што работа амаль не пакідае вольнага часу, герой нашай публікацыі знаходзіць хвілінку для творчасці і захапленняў. Дарэчы, усе ведаюць, што наш адвакат — удзельнік народнага ансамбля «Жывіца», а пра тое, што ён лаурэат другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці 1987 года, для многіх — невядомы факт у яго аўтабіяграфіі. Адпаведны медаль нагадвае гаспадару пра прыемныя часы і дасягненні мінулага.
Віншуем Віктара Пятровіча з заслужанымі ўзнагародамі і жадаем усяго найлепшага ў жыцці!
Людміла Краўцова «ЛК».
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK