Не проста 8 Сакавіка

Спрабуючы вярнуцца да вытокаў свята 8 Сакавіка, у музеі бітвы за Днепр плануецца арганізаваць шэраг праектаў аб няпростых лёсах жанчын, іх жыцця, кар’еры. Выстава жывапісу “Час анёлаў” адкрыла гледачам талент мастачкі з Яраслаўя Алены ВОЙНАВАЙ-БАГАРОДЗІЦКАЙ.

Алена нарадзілася ў горадзе Кінешма Іванаўскай вобласці Расіі. Мае прафесійную мастацкую адукацыю: у 2001 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Кастрамскога педагагічнага інстытута імя А. Някрасава. Работала мастаком-афарміцелем у лялечным тэатры, настаўнікам у школе мастацтваў, рэстаўратаркай абразоў у Іпацеўскім кляштары і навуковай супрацоўніцай у музеі роднай Кінешмы. Аднак сапраўдным яе захапленнем усё жыццё заставаўся духоўны жывапіс. Глыбока прапушчаны праз сябе, ён раскрывае сапраўдны свет мастачкі, яе думкі, пачуцці, імкненні…
Іншай схільнасцю Алены з’яўляецца чароўная драўляная архітэктура рускай поўначы, яе разьбяное аздабленне, непаўторныя формы велічных будынкаў драўляных храмаў і інш. Усё гэта можна знайсці ў яе маляўнічых работах.
Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбылося 5 сакавіка. Дырэктар музея Ксенія Сямашка распавяла пра жыццё і творчасць мастачкі з далёкай Расіі. А госці ўстановы актыўна ўключыліся ў мастацтвазнаўчую дыскусію. У культуралагічнай размове бралі ўдзел, бадай, усе прысутныя — ад зусім юных школьнікаў да выпадкова “завітаўшых” у музей пенсіянерак. Асабліва вылучылася сябра музейнага клуба “Нашчадкі Лоя” Таццяна Маскаленка, якая правяла экскурс-падарожжа ў глыбіні мастацтвазнаўства, расказваючы пра прыгажосць наіўнага мастацтва і пра тое, як цудоўна атрымалася перадаць цуд невымоўнага хараства ў сваіх работах Алене Войнавай.
Дапоўнены гэтым расказам кінапрагляд стужкі пра жыццё і творчасць мастачкі “Анёлы Алены Войнавай” прынёс аматарам прыгожага асаблівую асалоду. З захапленнем усе прысутныя ўдзельнічалі ў майстар-класах па вырабе цацачных анёлаў ад Ксеніі Сямашка і маляванню ў стылі “наіў” — з Таццянай Маскаленка, кіраўніўніком мастацкага гуртка раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
У хуткім часе музей бітвы за Днепр гасцінна чакае ўсіх сваіх сяброў на выставу “Жанчына пра…”, прысвечаную жаночай нялёгкай долі падчас вайны. Верагодна, там і спаткаемся з лоеўскімі аматарамі прыгожага і заўзятымі даследчыкамі мясцовай гісторыі.
Генадзь Вохін.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK