Памяці знакамітага земляка

На днях Гомельшчына развіталася з Міхасём Пятровічам Даніленкам.

Пра асобу ўраджэнца Лоеўшчыны, пісьменніка-празаіка, можна сказаць, што ён знайшоў работу па душы, адну — на ўсё жыццё.
Нарадзіўся М.П. Даніленка 28 кастрычніка 1922 года ў вёсцы Ястрабка ў сялянскай сям’і. Праз тры гады бацькі пераехалі на новае месца жыхарства ў пасёлак Бодры. Гэтыя мясціны назаўжды ўрэзаліся ў памяць пісьменніка і не аднойчы адлюстроўваліся ў яго творах. «Тут прайшлі мае дзіцячыя гады. Бясконцыя гульні «у вайну»… Відаць, не толькі ў мяне былі такія захапленні. Часцяком думаю цяпер: няўжо яшчэ тады мы падсвядома адчувалі, што дзесьці на рубяжы юнацтва будзе чакаць нас страшэнная з усіх войнаў… » Гэта радкі з аўтабіяграфіі «Сцежкі, што вывелі ў жыццё».
Пасля заканчэння Баршчоўскай сямігодкі ён вучыўся ў Рэчыцкім педвучылішчы, дзе далучыўся да мастацкага слова. У мясцовай раённай газеце «Зара камуны» друкаваліся яго першыя публікацыі, якія сам пісьменнік пазней назваў «Дзіцячыя забаўкі». Ён марыў пра літаратурную дзейнасць, пра публікацыю некалькіх твораў, але вайна перакрэсліла ўсё.
У запасным палку ў Казахстане Міхась вучыўся знішчаць танкі. У маі 1942 кантужаным трапіў у палон. Быў у канцлагерах у Аўстрыі, адкуль уцёк у 1944-м. У 1945 годзе вярнуўся ў родныя мясціны. Працаваў настаўнікам Казярожскай сямігадовай школы на Лоеўшчыне. У сваіх успамінах пісьменнік часта згадваў пра тое, што ў Казярогах яму добра працавалася: днём вучыў дзяцей, якіх вельмі любіў, яны былі няўрымслівымі і неспакойнымі, а па вечарах пісаў апавяданні.
У 1952 годзе завочна скончыў Гомельскі педагагічны інстытут, а потым… амаль трыццаць гадоў Міхась Пятровіч быў супрацоўнікам абласной газеты «Гомельская праўда». З 1983 года жыў у в. Пустая Града Лоеўскага раёна. У Саюзе пісьменнікаў — з 1950 года.
Яго дзейнасць, прысвечаная народу, родным мясцінам, не засталася па-за ўвагай кіраўніцтва. З узнагарод нашчадкам засталіся ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі, шматлікія Ганаровыя граматы, званне «Выдатнік друку».
У сваёй творчасці Міхась Даніленка ў асноўным абапіраўся на ўласны жыццёвы вопыт і шматгадовую журналісцкую практыку. Гэта ўласціва як першай кнізе «Мая песня» (1952), так і тым, што з’явіліся на працягу больш чым трыццацігадовай дзейнасці «Майская навальніца» (1959), «Наваселле» (апавяданні і нарысы, 1964), «Наш дом» (1971), «Запаветны акіян» (1972), «Маці Мар’я» (1976), «Журлівіца» (1980), «Родная зямля» (1982). Калегі і крытыкі зыходзіліся ў думцы, што пісьменніку найбольш удаваліся творы, прысвечаныя роднай Лоеўшчыне, сваім землякам, іх нялёгкай працы, вернасці свайму дому, зямлі, спрадвечнай чалавечай годнасці і абавязку. Яго героі — часцей за ўсё сціплыя людзі, якія імкнуцца жыць па агульначалавечых законах, шукаюць дабра і справядлівасці, якім заўсёды служыў верна і аддана сам Міхась Пятровіч.
Для дзяцей М. Даніленка напісаў чатыры кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Складаў таксама вершы. Некаторыя з іх дарэчы былі пакладзены на музыку. Паэтам у прозе і застаўся Міхась Пятровіч у творах для самых маленькіх. Ён умеў у звычайным асяроддзі ўбачыць таямнічы, загадкавы і прыгожы сусвет, у якім усё жывое, нават поры года. Так успрымаць наваколле можа толькі сапраўдны паэт.
Добры празаік, сціплы чалавек, сумленны працаўнік, мастак, які ўсведамляў свае грамадзянскія абавязкі перад народам, землякамі, маленькімі чытачамі. Памяць аб ім назаўсёды засталася ў творах, такіх зразумелых і блізкіх для кожнага жыхара Лоеўшчыны.
Па матэрыялах раённай бібліятэкі падрыхтавала
Людміла Краўцова, «ЛК».

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.